Два святары БПЦ перайшлі ў Канстанцінопальскі патрыярхат. У Вільні будуць служыць па-беларуску


Протаіерэй Георгій Рой і іерэй Аляксандр Кухта (вядомы ягоным Youtube-каналам «Batushka ответит»), нядаўна перайшлі з-пад кіраўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы ва Усяленскі патрыярхат – да Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея. Пагутарылі з адным з іх.

Протаіерэй Георгій Рой. Вільня, Літва. 7 красавіка 2023 года. Скрыншот: Белсат

Як паведамляла «Хрысціянская візія», святары Беларускай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) былі вымушаныя з’ехаць у Літву праз пераслед уладаў Беларусі праз іхную пазіцыю адносна беларускіх пратэстаў і расейскага нападу на Украіну.

Протаіерэй Георгій Рой расказаў «Белсату», што ў Беларусі яго не звальнялі са службы – рашэнне пераехаць у Вільню, кажа ён, было ягоным асабістым. Святар расказвае, што ўвесь свой святарскі час ставіўся з вялікай павагай да Канстанцінопальскай царквы і патрыярха Варфаламея:

«Так склаліся абставіны, што маё служэнне ў Рускай праваслаўнай царкве апошнія гады праходзіла ў няпростай атмасферы, таму было прынятае рашэнне звярнуцца да Свяцейшага патрыярха Варфаламея з просьбай прыняць мяне ў склад святарства Усяленскага патрыярхату.

Я ўспрымаю гэта, натуральна, з радасцю і ўдзячнасцю патрыярху Варфаламею. І бачу для сябе новыя перспектывы святарскага служэння: мы будзем займацца беларускай абшчынай, праваслаўнымі людзьмі, хто зараз жыве ў Вільні. Будзем збіраць грамаду царкоўную, служыць, сустракацца, праводзіць нейкія культурныя акцыі і мерапрыемствы».

Службы, кажа ён, дакладна будуць па-беларуску. Дзе яны будуць праходзіць, яшчэ невядома – спецыяльна не рыхтаваліся, бо не ведалі, калі будзе адказ. Але ўжо шукаюць памяшканне пад велікодную службу.

«Пакуль мы не ставім нейкіх глабальных планаў, – кажа Георгій Рой. – Але я думаю, што для беларускай дыяспары ў Вільні, праваслаўнай яе часткі, гэта будзе добрая падзея. Я хоць і нядоўга ў Вільні знаходжуся, але ўжо шмат людзей пыталіся, калі ж мы будзем збірацца».

Пра магчымасць беларускай аўтакефаліі ён не бярэцца разважаць: пакуль адзіная мэта – службы для беларускай грамады ў Вільні.

Тэолаг Наталля Васілевіч расказала ў эфіры «Белсату», што гэта не першыя святары з Беларусі ва Усяленскім патрыярхаце і не першыя ў свеце святары, якія перайшлі ад Масквы да Канстанцінопалю пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне (так раней зрабіў цэлы прыход Маскоўскага патрыярхату ў Амстэрдаме). Але гэтыя два беларускія святары звярталіся менавіта з просьбай прыняць іх да Канстанцінопалю з прычынаў сумлення.

«У пэўным сэнсе гэта такі кананічны прытулак, – яна. – Многія з нас з’яўляюцца палітычнымі ўцекачамі – можна сказаць, тут такія кананічныя ўцекачы».

Гэта значыць, што калі святар знаходзіцца на кананічнай тэрыторыі Усяленскага патрыярхату, то можа перайсці да Канстанцінопалю без адпускной граматы.

Інтэрв’ю
Як вылечыць Праваслаўную царкву ад «русского мира»? Гутарка з тэолагам і святаром
2023.01.19 07:00

Беларускай праваслаўнай царкве больш за тысячу гадоў. У 992 годзе была заснаваная Полацкая епархія Кіеўскай метраполіі Канстанцінопальскага патрыярхату, у 1005-м – Тураўская. У 1317 годзе ў Вялікім княстве Літоўскім Канстанцінопальскім патрыярхам была створаная Літоўская праваслаўная мітраполія з цэнтрам у Наваградку, у якую ўвайшлі Полацкая і Тураўская епархіі. Пасля Берасцейскай уніі 1596 года Літоўская мітраполія выйшла з-пад юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхату і перайшла да Ватыкану, але частка святароў не прыняла уніі і ўтварыла новую Кіеўскую мітраполію Канстанцінопальскага патрыярхату.

Маскоўская дзяржава ў другой палове 1600-х захапіла Кіеў, самавольна перавяла Кіеўскую мітраполію пад кіраўніцтва Маскоўскага патрыярхату. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на занятых тэрыторыях Расейская імперыя пераводзіла праваслаўныя цэрквы пад кіраўніцтва Маскоўскага патрыярхату, ліквідавалі ўніяцкую царкву.

У пачатку XX стагоддзя ў заходняй частцы Польшчы, у тым ліку Заходняй Беларусі, дзейнічала Польская аўтакефальная праваслаўная царква, прызнаная Усяленскім патрыярхам. Разам з тым, у 1922 годзе ў Менску абвясцілі аб стварэнні незалежнай ад Масквы Беларускай мітраполіі, якая ў 1927 годзе абвясціла аб аўтакефаліі. Ды аўтакефалія засталася фактычна непрызнанай і малалікай (больш актыўнай у замежжы), а на беларускіх землях дамінуе Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхату.

Беларускі свет
Не ўсе беларускія праваслаўныя падпарадкоўваюцца Маскве
2018.12.04 21:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў