Брытанія дашле вайсковы карабель у Гаяну, каб падтрымаць краіну ў канфлікце з Венесуэлай


Вялікая Брытанія рыхтуецца адправіць карабель ВМФ у Гаяну ў знак дыпламатычнай і вайсковай падтрымкі сваёй былой калоніі на фоне яе канфлікту з Венесуэлай з-за рэгіёну Эсэкібе. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Брытанскі карабель HMS Trent.
Фота: HMS Trent / X

Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі пацвердзіла, што патрульны карабель HMS Trent прыме ўдзел у сумесных вучэннях пасля Калядаў. Чакаецца, што вайсковы карабель устане на якар у сталіцы Гаяны, Джорджтаўна.

Экіпаж HMS Trent складае 65 чалавек. Карабель узброены 30-мм гарматай, можа выкарыстоўваць верталёты Merlin і беспілотныя лятальныя апараты. На караблі таксама размешчаны кантынгент каралеўскіх марскіх пяхотнікаў.

HMS Trent у асноўным выкарыстоўваецца для барацьбы з пірацтвам і кантрабандай, а таксама для абароны рыбалоўства, барацьбы з тэрарызмам, аказання гуманітарнай дапамогі і пошукава-выратавальных аперацый. Аднак ён можа таксама выкарыстоўвацца для патрулявання марскіх межаў і абароннай дыпламатыі.

18 снежня Джорджтаўн наведаў намеснік кіраўніка брытанскага МЗС па справах Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі Дэвід Ратлі. Ён падкрэсліў, што пытанне аб межах было вырашана больш як 120 гадоў таму і Брытанія будзе прадаўжаць працаваць над тым, каб забяспечыць тэрытарыяльную цэласнасць Гаяны.

Гаяна – сябра Брытанскай Садружнасці і адзіная англамоўная дзяржава Паўднёвай Амерыкі.

У снежні прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура падпісаў указы аб улучэнні ў склад рэспублікі багатага на карысныя выкапні рэгіёну Гаяне-Эсэкібе, які належыць Гаяне. Таксама палітык загадаў стварыць «нацыянальную вярхоўную камісію абароны Гаяны-Эсэкібы», сфармаваць філіял дзяржаўнай венесуэльскай нафтагазавай кампаніі ў рэгіёне, ён зацвердзіў новую мапу Венесуэлы і прызначыў кіраўніка «новага штату».

У адказ на агрэсіўныя планы Венесуэлы ўлады Гаяны прывялі свае войскі ў павышаную гатовасць і звярнуліся ў Раду бяспекі ААН з просьбай умяшацца ў сітуацыю, якая пагражае дэстабілізацыяй усяго рэгіёну.

Hавiны
Бразілія сцягвае войскі да мяжы з Венесуэлай
2023.12.07 15:51

У сярэдзіне снежня Мадура сустрэўся з прэзідэнтам Гаяны Ірфанам Алі. Яны выпусцілі сумесную заяву, у якой абавязаліся «не пагражаць або прымяняць сілу адзін супраць аднаго ні пры якіх абставінах», а таксама «ўстрымлівацца ад эскалацыі». Аднак Венесуэла не адмовілася ад сваіх прэтэнзіяў на Эсэкібу, і абодва бакі па-ранейшаму разыходзяцца ў меркаваннях адносна таго, як можна юрыдычна ўрэгуляваць спрэчку.

Разбор
Венесуэла, здаецца, сабралася распачаць вайну з суседняй Гаянай. Да чаго там нафта і выбары
2023.11.30 17:25

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў