Эвакуацыю з Нагорнага Карабаху ў Арменію паабяцалі ў суправаджэнні расейскіх «міратворцаў»


Пасля фактычнай капітуляцыі Арцаху – непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі на тэрыторыі Азербайджану – тамтэйшыя армяне сталі масава ўцякаць у іншыя краіны. Улады Арцаху паабяцалі 24 верасня, што расейскія «міратворцы» будуць суправаджаць эвакуацыю тых, хто захоча з’ехаць у Арменію.

Уцекачы з Нагорнага Карабаху
Уцекачы з Нагорнага Карабаху ў Карнідзоры, Арменія. 24 верасня 2023 года.
Фота: Azatutyun.am

Эвакуацыю ў Арменію ў суправаджэнні расейскіх войскаў абяцаюць як тым, хто застаўся без дому ў выніку ваенных дзеянняў, так і тым, хто «выкажа жаданне». Ды расейскія дзяржаўныя медыі паведамляюць аб гэтым абяцанні са спасылкай на армянскія медыі – афіцыйна ад расейскага боку такіх заяваў не было.

Улады непрызнанай рэспублікі тым часам ужо заяўляюць аб пачатку такой эвакуацыі, а таксама аб эвакуацыі 23 цяжка параненых пры пасярэдніцтве Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжу. Прынамсі адна група ўцекачоў з Нагорнага Карабаху ўжо сапраўды дабралася да Арменіі.

Раней паведамлялася аб эвакуацыі звыш 10 тысяч чалавек у адносна бяспечныя паселішчы на тэрыторыі Нагорнага Карабаху. Кіраўнікі непрызнанай рэспублікі казалі «Reuters», што агулам эвакуявацца ў Арменію хоча 120 тысяч этнічных армянаў. Гэта звыш 80 % насельніцтва рэгіёну: у перапісах 2005 і 2015 гадоў у рэгіёне налічылі адпаведна 138 і 145 тысяч чалавек.

Жыхарка Сцепанакерту, сталіцы непрызнанай рэспублікі, тлумачыла французскаму RFi, што большасць жыхароў спадзяецца на эвакуацыю ў Арменію, але нават не ведае, ці дазволяць ім узяць з сабой хаця б адзенне. Горад жа стаіць «мёртвы»: без электрычнасці, паліва і прадуктаў харчавання.

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян 22 верасня казаў, што застаецца надзея на тое, што жыхары Нагорнага Карабаху змогуць вярнуцца ў свае дамы, але Арменія рыхтуецца да эвакуацыі насельніцтва непрызнанай рэспублікі, «калі будзе зафіксаваная немагчымасць іхнага знаходжання ў Нагорным Карабаху». На той момант, казаў Пашыньян, Арменія падрыхтавала звыш 40 тысяч месцаў для пражывання ўцекачоў, бо баіцца этнічных чыстак з боку Азербайджану.

Аналітыка
Якія наступствы будзе мець для постсавецкай прасторы перамога Азербайджану ў Карабаху?
2023.09.21 21:04

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў