Амбасадара Беларусі ўсё ж не запросяць на нобэлеўскія цырымоніі: ні ў Стакгольм, ні ў Осла


Амбасадар Нарвегіі ў Польшчы запэўніў Паўла Латушку, што прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі не атрымліваў запрашэння на нобэлеўскую цырымонію, расказалі «Белсату» ў Народным антыкрызісным упраўленні.

Лідар НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка 21 верасня сустракаўся з амбасадарам Нарвегіі ў Польшчы Эйстэйнам Бё, абмяркоўваў прыцягненне да адказнасці ваенных злачынстваў і санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Сярод іншага, закраналі пытанне ўдзелу прадстаўнікоў уладаў Беларусі ў цырымоніі ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру ў Осла. Амбасадар Нарвегіі, расказвае НАУ, запэўніў Латушку, што амбасадар Беларусі Дзмітрый Мірончык не атрымае запрашэння, бо на такія цырымоніі запрашаюць толькі амбасадараў-рэзідэнтаў, акрэдытаваных у Нарвегіі, тады як Мірончык – амбасадар у Швецыі і па сумяшчальніцтве ў Нарвегіі.

Фонд Нобэля збіраўся запрасіць на нобэлеўскія цырымоніі 2023 года амбасадараў усіх краінаў, якія маюць прадстаўніцтвы ў Швецыі і Нарвегіі, а гэта значыла, што запрашаюць у тым ліку прадстаўнікоў Беларусі і Расеі. А якраз праваабаронцы з Беларусі, Расеі і Украіны летась атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру, а рэжым, які прадстаўляе Мірончык, трымае за кратамі аднаго з леташніх лаўрэатаў – Алеся Бяляцкага.

Нобэлеўскі фонд «з увагі вострай рэакцыі» перагледзеў сваё рашэнне запрасіць усіх паслоў, якія працуюць у Стакгольме: вырашыў не запрашаць амбасадараў Расеі, Беларусі ды Ірану. Але тое тычылася Швецыі: Нарвежскі нобэлеўскі камітэт тлумачыў, што запрашае на цырымонію ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру амбасадараў нават з аўтарытарных краінаў, якія вядуць войны. Аднак  «амбасадара толькі ў Нарвегію» Беларусь не мае, а «амбасадар па сумяшчальніцтве» жыве не ў Нарвегіі.

Hавiны
Франак Вячорка: «Даю 99 %, што беларускага пасла не будзе на цырымоніі Нобэлеўскай прэміі»
2023.09.05 18:41

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў