Што Алесь Бяляцкі хацеў бы сказаць на Нобэлеўскай лекцыі. Жонка перадала ягоныя словы


Лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі не змог атрымаць яе асабіста – ён знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі. Але на цырымоніі ўручэння прэміі 10 снежня Нобэлеўскую лекцыю ад імя Бяляцкага зачытала ягоная жонка Наталля Пінчук. Вось што яна казала.

Алесю Бяляцкаму не дазволілі перадаць на волю тэкст ягонага выступу – ён паспеў сказаць жонцы толькі пару сказаў. Жонка дапоўніла гэта ягонымі ранейшымі выказваннямі і цытатамі. Яна прамаўляла ў па-беларуску.

На сайце Нобэлеўскай прэміі можна пачытаць тэкст Нобэлеўскай лекцыі Бяляцкага на беларускай, расейскай, ангельскай і нарвежскай мовах. Таксама там ёсць лекцыі прадстаўнікоў двух іншых лаўрэатаў сёлетняй Нобэлеўскай прэміі міру: міжнароднага «Мемарыялу» і «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў».

Наталля Пінчук чытае Нобэлеўскую лекцыю ад імя зняволенага Алеся Бяляцкага. Осла, Нарвегія. 10 снежня 2022 года. Скрыншот: Nobel Prize / Youtube

Наталля Пінчук выказала падзяку Нарвежскаму Нобэлеўскаму камітэту, які сваім рашэннем умацаваў Алеся Бяляцкага ў гатовасці стаяць у сваёй праўдзе і даваць надзею ўсім беларусам на тое, што можна разлічваць на дэмакратычную салідарнасць у барацьбе за свае правы. Таксама яна падзякавала ўсім, хто падтрымліваў Бяляцкага ўсе ранейшыя гады і цяпер. Яна павіншавала іншых лаўрэатаў сёлетняй Нобэлеўскай прэміі міру: украінскі «Цэнтр грамадзянскіх свабодаў» і міжнароднае таварыства «Мемарыял».

 «Алесь і мы ўсе ўсведамляем, наколькі важна і рызыкоўна выконваць місію праваабаронцаў, асабліва ў трагічны час агрэсіі Расеі супраць Украіны», – сказала яна, назваўшы ўзнагароду расейскім і ўкраінскім праваабаронцам заслужанай.

«Не толькі Алесь у турме – тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч рэпрэсаваных, зняволеных за сваю грамадскую пазіцыю знаходзяцца там. Сотні тысяч вымушаныя ўцякаць з краіны толькі таму, што хацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве.

У Беларусі, на жаль, ужо гадамі працягваецца вайна ўлады супраць уласнага народу, мовы, гісторыі, супраць дэмакратычных каштоўнасцяў. Пра гэта гавару тут з болем і перасцярогай, бо сённяшнія палітычныя і ваенныя падзеі пагражаюць Беларусі стратаю дзяржаўнасці і незалежнасці».

«На жаль, улада з грамадствам размаўляе толькі пры дапамозе сілы: гранатаў, дубінак, электрашокераў, бясконцых арыштаў і катаванняў. Пра нацыянальны кампраміс або дыялог няма размовы».

«Пераследуюць дзяўчат і хлопцаў, жанчын і мужчын, непаўналетніх і людзей сталага ўзросту. У беларускіх турмах уладарыць нечалавечае аблічча сістэмы, асабліва для тых, хто марыў быць свабоднымі людзьмі».

Алесь Бяляцкі.
Фота: spring96.org

Наталля Пінчук згадала зняволеных паплечнікаў Алеся Бяляцкага: палітвязняў Марфу Рабкову, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Леаніда Судаленку, Андрэя Чапюка. Затрыманне іх і іншых праваабаронцаў не было выпадковым, лічыць яна. Некаторыя праваабаронцы цяпер пад следствам і абвінавачаннямі, іншыя былі вымушаныя эміграваць. Але «Вясна» працягвае дзейнасць. Яе, сказала Пінчук, «не разбіць, не спыніць, не стрымаць».

Затым яна «перадала слова Алесю» – расказала, што муж паспеў сказаць ёй на спатканні ў няволі:

«Так бывае, што людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта пазбаўленыя яе», – перадала словы Бяляцкага ягоная жонка.

«Я ўспамінаю сваіх сяброў – праваабаронцаў з Кубы, Азербайджану, Узбекістану, я ўспамінаю сваю духоўную сястру Насрын Сотудэ з Ірану. Я захапляюся кардыналам Язэпам Чэнем з Ганконгу. Зараз у Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі па палітычных матываў, і ўсе яны мае браты і сёстры. Нішто не можа спыніць прагу людзей да волі.

Тут зараз у турме ўся Беларусь. Сядзяць журналісты, палітолагі, прафсаюзныя лідары, сярод якіх багата маіх знаёмых і сяброў… Суды працуюць як канвеер, асуджаных развозяць па калоніях, а новыя хвалі палітзняволеных займаюць іх месца…»

Трыумф сумлення за кратамі: хто такі Алесь Бяляцкі, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру

Нобэлеўская прэмія, мяркуе Бяляцкі, належыць усім ягоным сябрам-праваабаронцам, усім грамадскім актывістам, усім дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі праз гвалт, катаванні і зняволенне, а таксама мільёнам беларусаў, якія выступілі ў абарону сваіх правоў.

«Нядаўна ў мяне адбыўся кароткі дыялог. Калі на волю? – спыталіся ў мяне. – А я і так вольны, у душы, – адказаў я. Мой вольны дух лунае па-над вязніцай і над кляновым лістом абрысаў Беларусі», – пераказала словы Алеся Бяляцкага ягоная жонка.

«Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не змяніліся, не страцілі каштоўнасць, не патускнелі. Яны заўжды са мной, і я ахоўваю іх, як магу. Яны – як адлітыя з золата, іх не бярэ іржа.

Мы хочам уладкаваць нашае грамадства як больш гарманічнае, справядлівае і спагадлівае. Дабіцца незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Марым, каб яна была ўтульнай і прывабнай для жыцця. Гэтая ідэя высакародная, сугучная агульным для свету цывілізаваным уяўленням. Мы ж не марым пра штосьці надзвычайнае, мы хочам усяго толькі людзьмі звацца, як казаў наш класік Янка Купала. Тут – і павага да сябе саміх, і да іншых, тут і правы чалавека, дэмакратычны лад жыцця, беларуская мова і нашая гісторыя».

Уручэнне Нобэлеўскай прэміі міра, 10 снежня 2022 году. Фота: «Белсат»
Уручэнне Нобэлеўскай прэміі міра, 10 снежня 2022 году.
Фота: «Белсат»

Бяляцкі згадваў, як кажа ягоная жонка, што рана пачаў ставіцца крытычна да савецкай рэчаіснасці: сутыкаўся з рэзкім абмежаваннем беларускай мовы, з палітыкай дэбеларусізацыі, якая праводзілася як у БССР, так і цяпер у незалежнай Беларусі.

«Ранейшая каланіяльная залежнасць Беларусі засталася. А ў выніку – пагроза для існавання беларусаў як народу», – лічыць Бяляцкі.

«Драматычная памылка – аддзяляць правы чалавека ад каштоўнасцяў ідэнтычнасці і незалежнасці. У незалежніцкім руху я з 1982 года, фактычна з 20 гадоў. Яго задача – дабіцца дэмакратычнай незалежнай Беларусі, у якой бы паважаліся правы чалавека.

Не можа быць Беларусі без дэмакратыі і не можа быць правоў чалавека без незалежнай Беларусі. А грамадзянская супольнасць павінна валодаць такой ступенню незалежнасці, якая гарантуе бяспеку асобы ад злоўжыванняў улады дзяржавы».

«Я веру, бо ведаю, што мінае ноч і надыходзіць ранак. Я ведаю, што нас няўтомна штурхае наперад, дык гэта надзея і мара».

«Марцін Лютэр Кінг заплаціў за сваю мару жыццём, яго застрэлілі. Мая плата за маю мару меншая, але ўсё роўна за яе даводзіцца плаціць. Я не шкадую ні кроплі. Бо мая мара вартая гэтага. Мае ідэалы сугучныя з ідэаламі маіх старэйшых сяброў і духоўных настаўнікаў: чэха Вацлава Гавэла і беларуса Васіля Быкава. Абодва яны прайшлі праз вялікія жыццёвыя выпрабаванні, абодва багата чаго зрабілі для сваіх народаў і культуры, абодва змагаліся за дэмакратыю і правы чалавека да апошніх хвілінаў свайго жыцця.

Немагчыма, каб на пустым полі адразу вырас добры ўраджай. Поле трэба добра ўгнойваць, камяні выбіваць… А тое, што пакінула ў Беларусі камуністычная ўлада за 70 гадоў, можна назваць выпаленай зямлёй. Былі часы ў канцы 80-х гадоў, калі мы літаральна ведалі адзін аднаго ў твар. Але на пачатку 90-х з’явіліся тысячы і дзясяткі тысяч».

Нобэлеўская прэмія: 10 найцікавейшых фактаў

«9 жніўня 2020 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Масавыя фальсіфікацыі прывялі да таго, што людзі выйшлі на вуліцу. У двубоі сышліся дабро і зло. Зло – добра ўзброенае. А з боку дабра – толькі нечуваныя для краіны мірныя масавыя пратэсты, якія збіралі сотні тысяч людзей. Улады напоўніцу запусцілі рэпрэсіўны механізм катаванняў і забойстваў – Рамана Бандарэнкі, Вітольда Ашурка і многіх іншых.

Гэта найвышэйшы і нечуваны па сваёй жорсткасці ўзровень рэпрэсіяў. Людзі пераходзяць праз неймаверныя катаванні і пакуты. Камеры і турмы больш нагадваюць савецкія грамадскія прыбіральні, дзе людзей трымаюць месяцамі і гадамі. Я абсалютна супраць таго, каб жанчыны знаходзіліся ў турме, а ўявіце, як ім даводзіцца ў турме Беларусі – у гэтым філіяле пекла на зямлі! Выказванні Лукашэнкі пацвярджаюць, што выканаўцам дадзены карт-бланш, каб праз страх спыніць людзей.

Але грамадзяне Беларусі патрабуюць справядлівасці. Яны патрабуюць, каб тыя, хто ўчыняў масавыя злачынствы, былі пакараныя. Патрабуюць свабодных выбараў. Ніколі ўжо Беларусь і беларускае грамадства не будуць ранейшымі, калі былі цалкам звязаныя па руках і нагах. Людзі прачнуліся».

«Зараз перманентная барацьба дабра і зла разгарнулася ледзь не ў чыстым выглядзе ва ўсім рэгіёне. Халодная сцюжа з Усходу сутыкнулася з цяплом еўрапейскага рэнесансу», – перадае Наталля Пінчук словы мужа.

«Мала быць адукаваным і дэмакратычным, мала быць гуманным і міласэрным. Трэба ўмець бараніць свой набытак і сваю Айчыну. Недарэмна ў сярэднявеччы паняцце Айчыны было тоесным паняццю Свабоды.  Я дакладна ведаю, якая Украіна задавальняла б Расею і Пуціна: несамастойная дыктатура. Такая, як сённяшняя Беларусь, дзе не чуваць голасу прыдушанага народу».

Прэмія міру – 2022 у ценю вайны

«Расейскія вайсковыя базы, велічэзная эканамічная залежнасць, культурная і моўная русіфікацыя – вось адказ, на чыім баку Лукашэнка. Улады Беларусі незалежныя толькі ў той ступені, у якой ім дазваляе Пуцін. І таму трэба змагацца супраць інтэрнацыяналу дыктатураў».

«Я праваабаронца і таму прыхільнік негвалтоўнага супраціву. Я не агрэсіўны па натуры чалавек, імкнуся гэтак заўсёды паводзіць сябе. Аднак я таксама добра разумею, што дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе».

«Як магу, трымаю мір у сваёй душы, гадую яго, як далікатную кветку, адганяю злосць. І малюся, каб рэчаіснасць не прымусіла мяне адкапаць даўно закапаную сякеру і бараніць праўду з сякерай у руках. Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы.

А 10 снежня мне хочацца паўтарыць да ўсіх: не бойцеся! Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павел ІІ, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не казаў, але хапіла. Я веру, бо ведаю, што пасля зімы наступае вясна».

Калі мірны пратэст пахаваны, то гвалт непазбежны? Спыталі Азарава і Кавалькову

Гэтак Наталля Пінчук цытавала зняволенага мужа. Свой выступ яна завершыла словамі, якія назвала воклічам ягонай душы:

«Свабоду беларускаму народу! Свабоду «Вясне»! Жыве Беларусь!»

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў