Улады Беларусі выдалі Таджыкістану апазіцыйнага актывіста Нізамідзіна Насрыдзінава


Улады Беларусі экстрадавалі ў Таджыкістан апазіцыйнага актывіста Нізамідына Насрыдынава, паведамляе таджыкская служба радыё «Свабода». Пра выдачу Насрыдынава адвакат паведаміў ягоным сваякам, якія жывуць у Нямеччыне. Улады Таджыкістана ці Беларусі пакуль афіцыйна не пацвердзілі экстрадыцыю, хаця аб выдачы актывіста адвакату паведамілі ў Генпракуратуры Беларусі. 

Нізамідын Насрыдынаў выступае на канферэнцыі АБСЕ. Варшава, Польшча. 13 верасня 2017 года. Скрыншот: Паём TV / Youtube

«Адвакат распавёў, што тры дні таму ён паехаў у Горадню да свайго падабароннага, аднак там яму заявілі, што затрыманага этапавалі ў сталіцу. У Генпракуратуры ў Менску адвакату паведамілі аб экстрадыцыі Нізамідына ў Таджыкістан», – паведаміў брат актывіста Саідрыза Насрыдынаў.

На радзіме супраць актывіста ўзбуджана крымінальная справа аб публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасці або апраўдання экстрэмізму. За гэта прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды на тэрмін ад трох да пяці гадоў.

«Калі ўзбуджаная крымінальная справа, нам невядома, дадзеных пра гэта ў нас няма. Падзеі, якія інкрымінуюцца яму, апісваюцца так: з 24 верасня 2016 года па 23 кастрычніка 2016 года Насрыдын на сваёй старонцы ў Фэйсбуку распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы забароненых у краіне «Групы 24» і Партыі ісламскага адраджэння Таджыкістана, а ў першай палове 2017 года запісаў на відэа сваё выказванне супраць прэзідэнта і ўрада Таджыкістана», – распавядала раней «Свабодзе» беларуская праваабаронца Эніра Браніцкая.

З кастрычніка 2015 года Нізамідын Насрыдынаў жыў у Нямеччыне. Там яму і членам ягонай сям’і далі палітычны прытулак.

У 2017 годзе апазіцыйны актывіст на гадавым сходзе АБСЕ ў Варшаве прадставіўся членам забароненай у Таджыкістане «Групы 24». Пазней адзін з прадстаўнікоў гэтага апазіцыйнага руху заявіў, што Насрыдын не зʼяўляецца членам «Групы 24» з 2018 года.

Фотаздымак са сходу АБСЕ ў Варшаве ў 2017 годзе, які апублікавала «Група 24». Крайні справа – Нізамідын Насрыдынаў. Крыніца: guruhi24.net

Актывіста затрымалі 8 студзеня пры перасячэнні мяжы Беларусі на запыт уладаў Таджыкістана. Пасля гэтага ён знаходзіўся ў гарадзенскім СІЗА.

Міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі заклікалі ўлады Беларусі не выдаваць Таджыкістану Насрыдынава. У звароце праваабарончых арганізацый гаварылася, што ў выпадку дэпартацыі на радзіму актывіст можа быць падвергнуты жорсткаму абыходжанню і катаванням.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў