Як за дзень да вайны ў Кіеве рыхтавалі ўкрыцці і тэрабарону. Рэпартаж, які мусіў выйсці год таму


Публікацыю гэтага рэпартажу мы планавалі на 24 лютага 2022 года – дзень, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне. Пастанавілі адкласці з прычынаў бяспекі: расейскія войскі былі ў прадмесцях Кіева, асобныя расейскія дыверсанты прабіраліся ў сталіцу. Цяпер перадаем, што расказвалі за дзень да расейскага нападу і як суразмоўцы перажылі гэты год.

Укрыццё ў Кіеве, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Праз год тыя размовы, запісаныя 23 лютага 2022-га, гучаць дзіўна. Суразмоўцы нібы апраўдваліся: вялікай вайны, вядома ж, не будзе, але вы толькі не падумайце, што мы нейкую бессэнсоўную справу робім і бюджэтныя грошы марнуем! А звычайныя ўкраінцы тады жартавалі: не перашкаджайце спрачацца пра «Еўрабачанне», ідзіце лесам са сваймі пагрозамі вайны!

Фота
А заўтра пачалася вайна… Як выглядаў Кіеў у апошні дзень перад нападам Расеі
2022.02.24 09:34

Укрыцці ў Траешчыне

Беларусы часта называюць бамбасховішчамі тое, што імі не ёсць: украінцы год таму добра ведалі, што сутарэнні і падземныя гаражы наўрад ці абароняць ад авіябомбаў, але дазволяць укрыцца ад артылерыйскага абстрэлу. Бамбасховішчы – гэта хіба на заводах, а ў жылых раёнах – сховішчы грамадзянскай абароны.

Нас звадзілі на экскурсію ў два сховішчы ў Траешчыне: раённая адміністрацыя зладзіла цэлы прэс-тур па сховішчах для журналістаў з Еўропы і Амерыкі. Траешчына – спальны раён каля прамзоны на паўночным усходзе Кіева, які мае хуліганскую рэпутацыю, як менскія Шабаны. І кварталы савецкіх панэлек амаль аднолькавыя ў Траешчыне і Шабанах.

Прадстаўнік адміністрацыі Дзяснянскага раёну Кіева Мікола Бойка паказвае ўкрыцце ў горадзе. Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Укрыцце ў Кіеве, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Мікола Бойка, прадстаўнік Дзяснянскай раённай адміністрацыі Кіева, правёў журналістаў у падземны гараж недалёка ад будынку раённай адміністрацыі – укрыцце падвойнага прызначэння. Там стаялі машыны (у тым ліку для перавозу інвалідаў), але разам з тым была падведзеная і назапашаная вада, зладжаная прыбіральня, падрыхтаваная аптэчка.

На чалавека ў сховішчах норма плошчы – паўтара квадратнага метра. Мікола Бойка тлумачыў: абстрэлы ж не ідуць цэлымі днямі, «гадзіну пастаяць тут нармальна, гэта ж не жыць тут». У наступныя месяцы высветліцца, што паветраныя трывогі па 5–7 гадзінаў не такая і рэдкасць, часта яны гучаць сярод ночы.

Укрыцце ў Кіеве, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Укрыцце ў Кіеве, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

«З аналізу тых баявых дзеянняў, што ў свеце чыняцца, гэтыя ўкрыцці рэальна могуць абараніць людзей, – расказваў Мікола Бойка. – Ад аскепкаў, ад выбуховай хвалі гэта можа абараніць, рэальна ўратаваць людзей. Нават снарад тут нічога не зробіць, толькі наўпроставае бомбавае траплянне».

Наўрад ва Украіне разлічвалі на тое, што Расея будзе абстрэльваць жылыя раёны ракетамі, прызначанымі для знішчэння авіяносных груповак. Менавіта па жылых дамах у Траешчыне такія ракеты не прыляталі, але раён трапляў пад абстрэлы як у першыя дні поўнамаштабнай вайны, так і пасля таго, як Расея прайграла бітву за Кіеў і адступіла з вобласці. Украіну абстрэльвалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, гэта прызнаваў Аляксандр Лукашэнка.

Укрыцце ў Кіеве, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Укрыцце ў Кіеве, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

«Прэс-тур» працягнуўся ў звычайным жылым доме, у сутарэнні якога абсталяванае сховішча. Гэткія сховішчы ёсць не ўва ўсіх дамах: у некаторых сутарэннях вышыня столяў меншая за паўтара метра (іх не ўлічвалі ў планах, бо «туды людзі не будуць ісці»).

Асноўнае памяшканне пад адным з пад’ездаў: самым простым чынам абсталяваныя некалькі пакояў на пару дзясяткаў чалавек, але тэарэтычна пару сотняў людзей, хай без камфорту, могуць змясціцца і ў даўжэзны калідор з тэхнічнымі камунікацыямі. У сутарэнне выведзеная труба з вадою.

Укрыцце ў Кіеве, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Укрыцце ў Кіеве, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Харчавання і спецыфічных медыкаментаў у такіх сховішчах не назапашвалі: каму можа спатрэбіцца, той сам мусіць узяць з сабою неабходнае. Кожны мусіў мець сваю трывожную валізу. Мікола Бойка за дзень да поўнамаштабнага расейскага нападу казаў, што інфармацыйныя шыльдачкі на ўваход у кожны дом яшчэ толькі рыхтаваліся, але інфармацыя пра сховішчы была на інтэрнэт-сайтах, у ЖЭКах і таварыствах уласнікаў. Пра эвакуацыю з разбураных дамоў тады разважалі тэарэтычна: можна часова рассяліць людзей, напрыклад, у спартовую залу ў школе.

Пыталі Міколу Бойку, ці лічыць ён, што такія ўкрыцці сапраўды давядзецца выкарыстоўваць «не сёння, дык заўтра» (на наступны дзень сапраўды давялося). Ён адказаў:

«Мы заўсёды разглядаем праблемы эвакуацыі насельніцтва. Акрамя баявых дзеянняў, у мяне ёсць планы пад затапленне, пажары, хімічныя атакі… Розныя варыянты ў мяне адпрацоўваюцца. Гэтыя памяшканні ж не былі звязаныя з вайной. Яны былі і 10, і 15 гадоў таму. Ці мала якія могуць быць праблемы, але людзей трэба ўкрываць».

Праз год пасля той размовы «Белсату» не ўдалося зноў звязацца з Міколам Бойкам: ён спаслаўся на занятасць, працягвае працаваць з укрыццямі і абаронаю насельніцтва.

Рэкрутынгавы цэнтр тэрытарыяльнай абароны

У ліпені 2021 года прэзідэнт Украіны падпісаў Закон аб асновах нацыянальнага супраціву, які засноўваў з 1 студзеня 2022 года Сілы тэрытарыяльнай абароны ў складзе Збройных сілаў Украіны. Атрады тэрабароны ствараліся і да таго, але закон гэта сістэматызаваў.

Да пачатку поўнамаштабнай вайны «Белсат» ужо глядзеў у Адэсе і Кіеве на рыхтаванне ахвочых уступіць у тэрабарону. 23 лютага схадзілі ў рэкрутынгавы цэнтр – кансультацыйны офіс тэрабароны. Людзей там было няшмат: на той дзень кіеўскую тэрабарону амаль цалкам укамплектавалі.

Офіс тэрытарыяльнай абароны Украіны. Работнік дэпартаменту муніцыпальнай бяспекі КГДА Паўло Шчыбра. Кіеў, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Работнік рэкрутынгавага цэнтру і Дэпартаменту муніцыпальнай бяспекі Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі Паўло Шчыбра тлумачыў, што цэнтр патрэбны, каб размеркаваць людзей: для ўдзелу ў тэрабароне патрэбнае навучанне, пажаданы досвед службы. Хтосьці няправільна разумеў, што такое тэрытарыяльная абарона і прыходзіў атрымаць навыкі, «за тыдзень стацца мегаваярамі». Іншыя ж прыходзілі з разуменнем задачы ды належным досведам. А кагосьці з цэнтру перакіроўвалі ў добраахвотніцкія фармаванні ці ў ЗСУ.

«Бываюць такія цяжкія крайнія выпадкі, калі людзі надзвычай узрушаныя, што давайце-давайце, будзем іх забіваць, будзем бамбіць, – расказваў Паўло Шчыбра. – Звычайна людзі ставяцца даволі спакойна, усвядомлена кажуць, «хачу ў тэрабарону», пытаюць, куды з’яўляцца, дзе як праходзяць навучанні».

Ён апісваў задачу так: Украіне трэба нарошчваць колькасць рэзервістаў, пры тым зменшыць колькасць людзей, «якія наагул не разумеюць, што адбываецца, і апошні раз 10 гадоў таму трымалі аўтамат у руках», і павялічыць колькасць людзей, якія разумеюць, якія заданні іх чакаюць, ведаюць адно аднаго і разумеюць, «у які бок страляць». У кожным батальёне тэрабароны, як разлічвалася, меў быць «касцяк» з вайскоўцаў ЗСУ і сотні рэзервістаў, якія падпісалі кантракт на тое, каб у выпадку чаго бараніць тэрыторыю, дзе жывуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навучанні будучых абаронцаў Украіны. 25 снежня 2021 года.
Фота: Паўло Шчыбра

«Гаворка нават не пра вайну, а пра яшчэ адзін кампанент бяспекі, які патрабуе не так шмат рэсурсаў, але можа быць надзвычай карысным, – казаў Паўло Шчыбра за дзень да поўнамаштабнай вайны. – Згодна з Законам аб асновах нацыянальнага супраціву, тэрытарыяльная абарона можа выкарыстоўвацца ў выпадку надзвычайнага стану, стыхійных бедстваў і ліквідацыі іх наступстваў, апавяшчэння насельніцтва, у пытаннях транспарту, супрацы з паліцыяй ды іншымі службамі…

Завалы, пажары, яшчэ якія стыхійныя бедствы – тэрытарыяльная абарона можа далучыцца да барацьбы з імі. Я не выключаю, што можа быць яшчэ нейкая эпідэмія, ужытая якая бактэрыялагічная зброя. Штосьці, калі дзяржава не зможа нармальна функцыянаваць, і трэба будзе, каб далучылася армія і тэрытарыяльная абарона».

Тады Паўло Шчыбра згадваў Facebook-суполку «Оборонці міста Києва». Цяпер такімі суполкамі не здзівіш, але на той момант гэта была адна з нешматлікіх жывых суполак пра тэрытарыяльную абарону. Там можна пабачыць, як у пачатку лютага-2022 праходзілі вучэнні кіеўскай тэрабароны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навучанні 112-й брыгады тэрытарыяльнай абароны. 5 лютага 2022 года.
Фота: Паўло Шчыбра

Да нядаўняга часу Паўло Шчыбра быў на фронце, толькі ў сярэдзіне снежня 2022 года ягоны батальён раціравалі ў Кіеў. Ужо на наступны дзень пасля нашай размовы з ім тэрабарона змагалася з расейскім нападам поплеч з іншымі радамі войскаў. Расейскія дыверсанты прабраліся ў тым ліку ў Кіеў – іх лавілі байцы тэрабароны. Але хадзілі байкі, што ў той жа Траешчыне дыверсантаў лавілі і білі нават мясцовыя гопнікі і бабулі.

Цяпер Паўло расказвае, як перад нападам Расеі з замежнымі журналістамі тады абмяркоўваў магчымасць сутыкнення «ў поўны кантакт» – з гістарычнымі аналогіямі, прыкладамі войнаў Расеі ў Ічкерыі, Грузіі ды Сірыі, упэўненасцю ў перамозе Украіны. І хоць ставіўся скептычна да перспектывы вялікага нападу, не выключаў гэтага сцэнара. Задоўга да ўварвання купіў неабходны рыштунак і зрабіў запасы, пачаў афармляць дазвол на вінтоўку.

Паўло прапануе такую паралель: ужо год як нельга выключаць увядзення войска Беларусі ва Украіну. Вядома, да гэтага рыхтуюцца сілы абароны і саюзнікі Украіны, бо мусяць рыхтавацца да найгоршага сцэнара (хаця суразмоўца дапускае, што для Украіны гэта можа аказацца найлепшым сцэнаром). Як і год таму з пытаннем пра расейскі напад, Паўло Шчыбра лічыць:

«З гледзішча разважлівага, нармальнага, адэкватнага чалавека, гэта поўнае глупства. Але зноў жа, гэта не гарантуе таго, што яны могуць такое ўчыніць».

Паўло Шчыбра (справа). Кіеў, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: Паўло Шчыбра

24 лютага 2022 года Паўло Шчыбра прачнуўся а 5:02 ад ракетных удараў на ўсход ад ягонага раёну. Сабраўся, падрыхтаваўся, атрымаў інструкцыі, паехаў у рэкрутынгавы цэнтр, адтуль апоўдні рушыў на зборны пункт, уначы і на світанку атрымліваў рыштунак.

«Настрой быў бадзёры, злы, баявы, нават узнесены», – згадвае Паўло Шчыбра першы дзень поўнамаштабнай вайны.

Крама патрыятычнага адзення

У той дзень мы зайшлі таксама ў адну з кіеўскіх крамаў патрыятычнага адзення «Авіація Галичини». Гэты брэнд у нечым падобны да беларускага «LSTR Adzieńnie»: прадаюць не банальныя футболкі з гербам, а дызайнерскія рэчы з «патрыятычным намёкам». Вялікіх чэргаў 23 лютага 2022 года туды не было, наведнікаў – як у звычайны дзень, не зважаючы на трывожныя навіны.

Алег, пакупнік у краме «Авіація Галичини» ў Кіеве, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Адзін з пакупнікоў, кіроўца Алег, тлумачыў, што прыйшоў зусім не праз навіны пра магчымы расейскі напад і тым больш не таму, што 23 лютага святкуе савецкі Дзень абаронцаў Айчыны. Казаў, проста любіць авіяцыю, а 23 лютага, калі пачытаць гісторыю, – гэта дзень ганьбы расейскай арміі. На Уладзіміра Пуціна і ягоныя імперыялістычныя замашкі ён не звяртаў увагі. Проста спадабаўся дызайн футболкі, то чаму б не купіць і не падтрымаць айчыннага вытворцы.

Брэнд «Авіація Галичини» ўзнік у 2015 годзе. У той час, расказвала прадаўніца Наталля, украінцы пачалі натхняцца сваім войскам, а прадпрымальнікі захацелі падтрымаць войска, матываваць людзей станавіцца больш патрыятычнымі і ўкраінацэнтрычнымі. Яна прывяла ў прыклад футболку, якую носіць сама: на ёй спераду выяўлены адзіны ўкраінскі фрэгат «Гетман Сагайдачны» (які праз тыдзень прытопяць, каб не даць захапіць ворагу), а на спіне – надпіс «І один у морі воїн». Яна тлумачыла: гэта значыць, кожны можа нешта зрабіць, можа быць карысным дзяржаве, можа змагацца.

Наталля, прадаўніца крамы «Авіація Галичини». Кіеў, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Чаму на майках няма надпісаў накшталт «Любі Украіну» ці «Запісвайся ў ЗСУ»? Наталля адказвае: украінцы наагул любяць сваю краіну, таму не трэба да гэтага заклікаць, а трэба проста падняць дух і настрой людзей. Гэта як вышыванка: дадае сілаў і натхнення тым, хто гэта носіць і хто гэта бачыць, а не матывацыйнае адзенне «за кагосьці ці супраць кагосьці».

Павышанага попыту праз навіны пра магчымую вайну прадаўніца не заўважыла, дый не звязвала тавараў крамы з агрэсіяй Расеі. Пытала пакупнікоў пра настроі – і чула, што людзі вясёлыя ды аптымістычныя, не баяцца і не настроеныя здавацца. Зрэшты, Украіна ўжо восем гадоў была ў стане вайны, а калі глядзець у гісторыю, то Расея – «вечны вораг», таму «няма нічога новага».

«У пэўнай меры дзеянні Пуціна яднаюць нас як нацыю, так, – казала Наталля. – Але я б хацела, каб нацыя ядналася не дзякуючы Пуціну, а дзякуючы самасвядомасці. Ды добра, калі яна абуджаецца праз дзеянні Пуціна. Я бачу, што больш людзей стала размаўляць па-ўкраінску, гэта цешыць».

Праз год пасля той размовы Наталля лічыць нават крыху смешным тое, як 24 лютага 2022-га спакойна збіралася на працу: расказвае, што толькі а 8:00 менеджар напісаў, каб усе заставаліся ўдома.

«Была пэўная роспач, натуральна, – кажа яна цяпер пра падзеі гадовай даўніны. – Мы разумелі, што вайна будзе, але не разумелі яе маштабу. Потым было чаканне… Доўгае чаканне. Урэшце пад гукі сірэнаў вывозілі тавары з крамаў у Львоў і працавалі там да чэрвеня».

Цяпер, кажа Наталля, не мае страху – толькі злосць і лютасць, а таксама гонар за сваю нацыю:

«Ніводнага разу не хавалася ў бамбасховішча. Гэта мая асабістая пазіцыя, мой пратэст».

Украінка адзначае, што праз працу стасуецца са шмат якімі людзьмі, таму ўпэўненая: усе гатовыя змагацца, усе настроеныя на перамогу. Ёй надае сілаў тое, што Украіну бароніць шмат актораў тэатру і кіно, журналістаў, палітыкаў – і ўсе пры гэтым, кажа Наталля, застаюцца людзьмі.

Аналітыка
Ці ўступіць Беларусь у вайну? Пяць аргументаў на карысць і супраць найгоршага сцэнара
2023.01.06 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў