Пуцін узнагародзіў Лукашэнку ў дзень юбілею ордэнам Аляксандра Неўскага


Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін у тэлефоннай размове павіншаваў лідара Беларусі Аляксандра Лукашэнку з 60-гадовым юбілеем, паведамляе ў суботу прэс-служба Крамля.

Пуцін таксама накіраваў свайму беларускаму калегу віншавальную тэлеграму з нагоды Дня нараджэння.

«Лідары дзвюх краінаў абмяняліся думкамі па актуальных тэмах расейска-беларускага саюзніцкага ўзаемадзеяння. Пытанні вонкавапалітычнай каардынацыі абмяркоўваліся з акцэнтам на рэалізацыю вынікаў сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Мытнага саюзу з прэзідэнтам Украіны і прадстаўнікамі Еўразвязу 26 жніўня ў Менску», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

У паведамленні Крамля падкрэслена важнасць арганізацыі ў беларускай сталіцы кансультацыяў кантактнай групы з удзелам прадстаўнікоў кіеўскіх уладаў, прадстаўнікоў сепаратыстаў, АБСЕ і Расеі. Кантактная група мае сабрацца ў Менску ўжо 1 верасня, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у суботу ў МЗС Беларусі.

Сёння 30 жніўня прэзідэнт Расеі падпісаў указ аб узнагароджанні Аляксандра Лукашэнкі ордэнам Аляксандра Неўскага.

Ордэн Аляксандра Неўскага з’яўляецца адзінай узнагародай, якая існавала пэўнымі зменамі) ва ўзнагародных сістэмах Расейскай імперыі, Савецкага Саюзу і Расейскай Федэрацыі. Апрача Лукашэнкі гэтым ордэнам былі ўзнагароджаныя: патрыярх Кірыл, былы старшыня Дзяржаўнай Думы і кіраўнік прапуцінскай партыі «Единая Россия» Барыс Грызлоў, мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт, першая ў свеце жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова і інш.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары