У Баранавічах «не знайшлі грошай» для беларускамоўнага навучання школьніцы


Намеснік старшыні баранавіцкага гарвыканкаму Дзмітрый Касцюкевіч паставіў грамадскую актывістку Таццяну Малашчанку перад фактам: ейная дачка мусіць вучыцца па-расейску.

«Сёлета Яся скончыла адзіны ў горадзе чацвёрты беларускамоўны клас СШ № 14, але ў сувязі са зменаю месца жыхарства мы падалі заяву на навучанне ў пяты клас гімназіі № 4 і здалі іспыты. – распавядае Таццяна Малашчанка. – Дырэктар гімназіі Вадзім Шчарбакоў мяне адразу папярэдзіў, што гімназія цалкам рускамоўная, і Ясі прыйдзецца вучыцца па-руску, таму што фінансавых магчымасцяў для адкрыцця беларускамоўнага класа ў яго няма. Таму мы разам з бацькамі Алісы Філіпчык (другой вучаніцы беларускамоўнага класа СШ № 14) звярнуліся ў гарвыканкам, каб гарадскія чыноўнікі нам пасадзейнічалі ў фінансаванні беларускамоўнага навучання».

Пазней яна атрымала з гарвыканкаму ліст, у якім паведамляецца, што ў дзяржаўнай установе адукацыі “Гімназія № 4 г. Баранавічы”, куды залічана яе дачка, мовай навучання зацверджана руская.

Яна адзначыла, што ў лісце з гарвыканкаму пішуць, што з 23 па 25 жніўня 2014 года з бацькамі вучняў 5-х класаў гімназіі № 4 будуць праведзены сумоўі на прадмет выбару мовы навучання. Пры ўмове, што не менш за 24 вучні і іх законныя прадстаўнікі дадуць пісьмовую згоду на навучанне прадметаў на беларускай мове, такі клас будзе адкрыты. Аднак шанцаў на тое, што такая згода будзе – малая, бо раней дзеці вывучалі прадметы на расейскай мове.

МЛ, паводле spring96.org

Стужка навінаў