Літва пакуль не бачыць неабходнасці поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю


Дарадца літоўскага прэзідэнта Кястуціс Будрыс лічыць, што цяпер няма неабходнасці ў поўным закрыцці мяжы Літвы з Беларуссю. Аднак калі гэтага будзе патрабаваць нацыянальная бяспека, то адпаведнае рашэнне ўлады адназначна падтрымаюць. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю LRT.

Паводле Будрыса, да гэтай меры трэба быць гатовым, але цяпер у гэтым кроку няма неабходнасці.

«Я не думаю, што мы цяпер знаходзімся ў такой сітуацыі, што нам гэта трэба», – сказаў ён.

Пасля таго як на мінулым тыдні Літва закрыла памежныя пераходы «Шумскас» і «Твярачус» міністарка унутраных справаў Агне Білатайце заявіла, што пытанне аб поўным закрыцці мяжы з Беларуссю будзе разглядацца толькі ў выпадку інцыдэнтаў або атрымання аператыўнай інфармацыі аб пагрозах, і што гэта павінна быць зроблена толькі ў супрацы з іншымі суседзямі.

У канцы жніўня ў Варшаве міністарка абмяркуе з міністрамі краін Балтыі і Польшчы механізм, паводле якога будзе працаваць такое «рэгіянальнае рашэнне».

«Яны павінны прааналізаваць комплекс захадаў, як яны маглі б гэта зрабіць, як гэта зрабіць хутка, як забяспечыць эфектыўнае закрыццё гэтай мяжы, і затым унесці тую ці іншую прапанову ўжо для такога палітычна скаардынаванага дзеяння.

Калі такія ўмовы будуць, калі мы ўбачым, што гэта сродак перадухілення пагроз, то гэта пытанне нашай нацыянальнай бяспекі. Гэта будзе адназначна падтрымана, і я нават не сумняваюся, што прэзідэнт і ініцыюе такое рашэнне», – сказаў Будрыс.

Саветнік звярнуў увагу на тое, што размова ідзе аб вонкавай мяжы ўсяго Еўразвязу, таму «ўсе такія рашэнні павінны быць узгоднены».

Hавiны
У МЗС Беларусі пракаментавалі рашэнне Літвы зачыніць два памежныя пункты
2023.08.21 17:39

Нагадаем, што Літва зачыніла два з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю ў адказ на размяшчэнне баевікоў ПВК Вагнэра ў нашай краіне. Літоўскія ўлады мяркуюць, што існуе рэальная пагроза правакацыяў на мяжы з Беларуссю.

Hавiны
У Латвіі паведамілі пра страляніну на мяжы з Беларуссю праз мігранта
2023.08.21 13:39

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў