news
Інтэрв'ю
Аліна Коўшык – пра памылку ў слове «шчасце», хабар за аспірантуру і сілу беларускай мовы
«Поспехам будзе тое, калі і прапаганду пачнуць рабіць па-беларуску».
21.02.202415:41

Напярэдадні Дня роднай мовы «Белсат» паразмаўляў з прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Алінай Коўшык. Даведаліся, ці шмат памылак яна рабіла ў беларускіх дыктоўках, калі вучылася ў гарадзенскай школе, і чаму яе прозвішча дагэтуль красуецца на адной з дошак гонару ў Горадні. А таксама пра тое, хто будзе фінансаваць Інстытут беларускай мовы.

Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальнаму адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 15 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Белсат»: – Аліна Коўшык прачынаецца, гатуе каву і пра што думае сёння з самага ранку?

Аліна Коўшык: – Ой, я ўначы пачала яшчэ думаць (смяецца). Ведаеш, пра што? Як спланаваць паездкі на Дзень роднай мовы, як паспець паўсюль, бо запрашэнняў вельмі шмат, а лагістыка – складаная. У мяне такі квэст: як патрапіць і ў Вільню, і ў Беласток, і ў Варшаву – адначасова…

– Нічога ж сабе! Святкаваць будзеш у раз’ездах…

– Дакладна так, але ў Вільні буду чытаць дыктоўку ў музеі Луцкевічаў.

«Хачу, каб матчынай мовай майго сына была беларуская»

– Усюдыісная! Давай з самага пачатку. Калі на пачатку было Слова, якое сталася целам, то якое, як думаеш, слова прамовіў Божанька, ствараючы Аліну Коўшык?

– Не ведаю (смяецца). Гэта складана. Не вельмі веру, што было нейкае асаблівае слова. Але веру ў прызначэнне, веру ў жыццёвы шлях, які мы можам выбіраць.  Разумею, што той шлях, якім я крочыла, прывёў мяне туды, куды і меў прывесці.

Мне заўсёды была важная беларуская мова, справа беларускай ідэнтычнасці.  Таму калі я прыйшла ў Абʼяднаны пераходны кабінет займацца менавіта гэтымі справамі, я зразумела, што пэўнае кола ў сваім жыцці я замкнула. Спадзяюся, што новы віток будзе яшчэ больш шырокім і маштабным.

– Але маеш сакральнае слова, якое табе дапамагае ў жыцці і ў тваёй справе?

– Мне вельмі падабаецца выраз «матчына мова». Я вельмі шмат думала, якой будзе матчына мова майго дзіцяці, майго сына. І гэта дапамагло мне зрабіць відавочны выбар. Я хачу, каб для майго сына матчынай мовай была мова беларуская.

Чаму мне таксама падабаецца гэты выраз – таму што ён вельмі цёплы і пяшчотны. Да таго ж паказвае сапраўдную ролю мовы ў нашым жыцці – повязь пакаленняў і тое, што без мовы мы фактычна не можам існаваць як нацыя. Гэта адзін з найважнейшых атрыбутаў нацыі, і гэта абсалютна натуральна, калі нацыя выбірае сваю родную мову. Хоць у Беларусі – і мы ведаем чаму – нам спрабуюць забіць у галаву, што нашая мова – гэта прыкмета нацыяналізму, што гэта нейкі там «фашызм», «экстрэмізм», «тэрарызм» і гэтак далей.

«Самыя крэатыўныя сядзелі на апошніх партах»

– Твая мама размаўляла з табой, маленькай, па-беларуску?

– Мама не размаўляла са мной па-беларуску. Я нарадзілася ў расейскамоўнай сямʼі. Але ў сямʼі ўсе беларусы. І ў нас заўсёды было такое вельмі цёплае стаўленне да нашай спадчыны і гісторыі. Я нарадзілася ў Горадні, потым сямʼя пераехала ў Берасце, пасля жылі ў Нямеччыне, а яшчэ пазней нас закінула аж у Кыргызстан.

Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальнаму адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 15 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Цяпер я думаю, што мая беларуская ідэнтычнасць такая моцная, бо фармавалася ў сутыкненні з іншымі ідэнтычнасцямі і культурамі. Я ўжо ў 4-5 гадоў задавала маці пытанні, хто мы такія: «Чаму твая сяброўка цёця Валя размаўляе па-ўкраінску, бо яна ўкраінка, а мы хто і чаму не размаўляем па-беларуску?» Тады ў мамы не было адказу. Але я яе прасіла, каб яна спявала мне калыханкі па-беларуску і чытала беларускія кніжкі на дабранач. Так што, як я жартую, беларуская мова зашытая вельмі глыбока ў маіх генетычных кодах і архетыпах.

– Калі ты ўвогуле пачала вывучаць беларускую?

– З пятага класа – ужо ў Горадні, калі мы вярнуліся з Кыргызстану. Гэта была СШ № 18. Потым вучылася ў шостай школе. А з восьмага класа – у школе-гімназіі № 30.

– Непарушная цішыня, голас настаўніцы, стук абцасаў… Памятаеш атмасферу школьных дыктовак у гарадзенскай школе?

– О так, памятаю. Нават маю адну цудоўную гісторыю, звязаную з дыктоўкай, а дакладней – з самай першай маёй дыктоўкай па беларускай мове ў 5 класе. Я напісала яе, атрымала чацвёрку, і была вельмі шчаслівая, бо зрабіла толькі адну памылку. І не здагадаешся – якую. Напісала слова «шчасце» з літарай «щ», бо яшчэ не ведала, што няма такой літары ў нашай мове.

Вось, але я вельмі сабой ганарылася. Потым беларуская мова мне неяк заўжды лёгка давалася. Удзельнічала ў конкурсах, на якіх чытала вершы Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш. Надта яны мне падабаліся сваёй патрыятычнасцю. Памятаю, як аднойчы выступала і чытала вершы ў беларускім строі, які пазычыла ў школьным музеі…

– Падазраю, што далей пайшлі адныя пяцёркі, па беларускай мове і літаратуры?

– Гэта так, пяцёркі. У мяне былі цудоўныя настаўніцы. Я думаю, роля настаўніка ці настаўніцы вельмі важная ў нашым жыцці.  Таму мне зараз так баліць сэрца, калі бачу, што адбываецца з беларускай школай. Бо мне пашчасціла вучыцца ў школе ў 1990-я, калі была адліга і калі зʼявіліся першыя падручнікі па гісторыі Беларусі, такія бела-чырвона-белыя і без малюнкаў. Мы страшна іх усе не любілі, таму што яны былі не вельмі прывабныя для дзяцей. Гэта я цяпер разумею, што яны проста былі не зусім дастасаваныя да нашага ўзросту. Але дзякуючы ім я ведаю сапраўдную гісторыю.

Тады да беларускай мовы ўсе ставіліся з павагай. Але памятаю і момант рэферэндуму 1996 года з пытаннем, ці павінна быць расейская мова другой дзяржаўнай. І памятаю, як настаўніца расейскай прыйшла ў клас і заганяла нам «палітыку партыі» пра важнасць расейскай мовы. У нас не было тады супраціву, бо былі вельмі маленькімі…

Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальнаму адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 15 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

– На кантрольных дыктоўках давала спісваць іншым? Спісвалі ў цябе?

– Не, я заўсёды сядзела на апошняй парце. Выбірала галёрку і ў школе, і ва ўніверсітэце.

– Хавалася такім чынам?

– Не, не хавалася. Проста на апошніх партах сядзелі заўсёды самыя крэатыўныя, ну і мае сяброўкі былі там. У нас там такая харошая банда збіралася. Я заўжды мела такую здаровую дозу бунту.

Спрынтарка Аліна Коўшык. «Ніхто не пабіў мой рэкорд!»

– А цяпер вось – у першых шэрагах…

– Ну, не ведаю. А, ёсць рэч, якой я ганаруся. Маё прозвішча – ой, можа, пра гэта лепей не пісаць? – дагэтуль вісіць на дошцы гонару ў школе. Дагэтуль ніхто, відаць, не пабіў мой рэкорд у лёгкай атлетыцы. Бо я была спартоўкай, вельмі добра бегала. Так, спрынт – на 60, 100, 200 метраў.  Калі апошні раз я была ў школе, спецыяльна спраўдзіла: уяві сабе, 20 гадоў прайшло – і ніхто не пабіў мой рэкорд!

І я такая думаю: што за слабакі! І не скажу, што вынік там быў нейкі супервыбітны. Але ж – факт. Магчыма, гэта значыць, што дзеці слабыя зараз. Не такія шыбкія. Вось, а тады ў мяне хапала сілаў і вучобай займацца, і спортам. Мой трэнер прапаноўваў ісці ў вучылішча алімпійскага рэзерву, а я казала: Васіль Аляксеевіч, не магу – мне трэба вучыцца! І ён з мяне добра так насміхаўся.

– Эх, пасля інтэрвʼю прыбяруць цябе з чырвонай дошкі…

– Так, магчыма, ужо знялі (смяецца).

«Сэрца баліць, што не маем адзінага правапісу»

– Аліна, не лічыш, што дыктоўка – троху такі аўтарытарны жанр у педагогіцы? Ніякай табе ні свабоды, ні творчасці. Можа, паспрабаваць на Дзень роднай мовы пісаць агульнанацыянальныя эсэ? Ці прынамсі – творчыя дыктоўкі? Не думала пра гэта?

– Не, пакуль што пра гэта не задумвалася. Мне здаецца, што традыцыя дыктовак на Дзень роднай мовы ўжо прынялася, і варта яе захоўваць. Але, быць можа, трэба вынаходзіць і новыя формы. Тут, хутчэй, важны сам удзел, і тое, што ты дакранаешся да працэсу. Не так важна, што пішаш – важны акт супольнага напісання. Але цалкам магчыма, што ў сучасных беларускіх школах, якія мы зменім, сапраўды дыктовак не будзе.

Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальнаму адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 15 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

– Сёлета супольная дыктоўка прымеркаваная да 100-годдзя Васіля Быкава. Які тэкст пішам?

– Ідэя адкрыць 2024 год – год 100-х угодкаў Васіля Быкава – дыктоўкай на Дзень роднай мовы ўзнікла падчас нашай сустрэчы з прадстаўнікамі Рады БНР і Беларускай рады культуры. Сяргей Навумчык прапанаваў тры варыянты тэкстаў. Мы выбралі, я думаю, хіба найбольш сентыментальны. Гэта будзе фрагмент кнігі «Доўгая дарога дадому».

Няпросты тэкст, таму што ўзяты ў арыгінале, у аўтарскім правапісе. Да таго ж – досыць складаны пунктуацыйна. Таму я спадзяюся, што тыя людзі, якія будуць дыктаваць, будуць рабіць адпаведныя акцэнты, каб было прасцей. Для праверкі падрыхтаваныя два тэксты – аўтарскі і ў наркамаўцы. Бо думаю, што большасць беларусаў усё ж такі будзе пісаць у больш распаўсюджанай версіі – у наркамаўцы.

Прызнаюся: мне сэрца баліць, што ў нас няма аднаго правапісу беларускай мовы. Таму адна з задачаў, якая перад намі стаіць – унармаваць і прыйсці да аднаго варыянту. Я ўпэўненая, што гэта будзе спрыяць развіццю і распаўсюду мовы. Бо калі хтосьці зараз спрабуе вывучаць беларускую мову, можа губляцца ў розных версіях. Праўда?.. Карацей, дыктоўка будзе складанай, але спадзяюся, што ў словах Васіля Быкава кожны згадае і знойдзе сябе, сваё дзяцінства.

«Фінансаванне Інстытуту беларускай мовы маем на цэлы год»

– Мяркую, галоўнае, каб людзі пачалі гаварыць на мове, ужываць яе ў вуснай камунікацыі.

– Згодная, але, з пункту гледжання стратэгіяў, заўсёды прасцей штосьці распаўсюджваць, калі яно ўнармаванае. Таму, як я ўжо абвяшчала напрыканцы студзеня, мы ствараем Інстытут беларускай мовы. Ён ужо на стадыі рэалізацыі. У нас сабралася цудоўная каманда мовазнаўцаў, і працэс ідзе вельмі хутка і зладжана.

Больш за тое, я думаю варта пахваліцца, бо ў нас ёсць фінансаванне на стварэнне Інстытуту беларускай мовы і ягоную працу на цэлы год. Гэтае фінансавае падтрыманне аказаў нам адзін беларускі бізнесовец! Уяві сабе, які ўзровень свядомасці мусіць мець беларускі бізнес, калі інвестуе ў такія стратэгічна важныя рэчы? Вельмі ўдзячная гэтай асобе! Дзякуючы яму, мы цягам года будзем мець магчымасць дзейнічаць спакойна і развіваць справу.

Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальнаму адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 15 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

– Гэта вельмі добрая навіна. Калі адкрыццё?

– Мяркуем адкрыць Інстытут беларускай мовы ў межах навукова-практычнай канферэнцыі ў траўні 2024 года. Плануецца, што яна пройдзе ў Беластоку. Зараз вядзём перамовы. Так што – вельмі і вельмі хутка. Але мовазнаўцы ўжо працуюць.

«Загадчык кафедры хацеў, каб я заплаціла хабар за аспірантуру»

– Беларуская мова – жывая стыхія, яна развіваецца, засвойвае новыя словы, хоць і знаходзіцца разам з многімі сваімі носьбітамі ў сітуацыі выгнання. А часам – і дзякуючы гэтаму. Я нядаўна ўжыў польскае слова «парадня» ў дачыненні да медычнай кансультацыі – і яно лёгка прыжылося ў маім слоўніку…

– Так, цікава назіраць за гэтым. Беларуская мова ў польскім асяроддзі, быць можа, вяртае сабе старыя словы з часоў Рэчы Паспалітай, якія былі агульнымі і для палякаў, і для беларусаў. І знаходзіць новыя. Напрыклад – «пэсэль» (смяецца).

Але ж я – з Горадні. У нас беларуская мова заўжды была трошкі не такая, як у менчукоў. Мне часта казалі, што я маю польскі акцэнт. Можа быць, але ж я досыць даўно ўжо жыву ў Польшчы, але размаўляю па-беларуску.

– Чаму і калі ты ўвогуле вырашыла зʼехаць з Беларусі?

– Я зʼехала вучыцца. Пасля ўніверсітэту ў Горадні хацела ісці ў аспірантуру. Мела самы высокі бал на курсе. Гістарычны факультэт. Пісала дыпломную працу пра сістэму адукацыі базыльянаў. Я хацела вучыцца, у мяне былі планы. Шмат маіх студэнцкіх навуковых працаў былі прасвечаныя пытанням тоеснасці беларусаў, самасвядомасці, фармаванню менталітэту. Я разумела, што гэтыя тэмы абараніць ужо тады было немагчыма ў Беларусі. Проста немагчыма. Можна было пісаць пра нейкіх эсэраў, пра іншыя савецкія практыкі, але гэта мяне зусім не цікавіла.

Больш за тое, мой загадчык кафедры хацеў, каб я заплаціла хабар за тое, каб мяне прынялі ў аспірантуру. Я не разумела: найлепшая студэнтка, спартоўка, і чаго я там толькі ні рабіла ў тым універсітэце – і хабар?.. І тады я проста паступіла ў Варшаўскі ўніверсітэт. Так і апынулася ў Польшчы. Гэта быў 2004 год, здаецца.

«Сумую па журналістыцы, але прыйшоў час на змены»

– Вядомая журналістка «Белсату», якая стала беларускай міністаркай. Не сумуеш па белсатаўскім ньюсруме?

– Канечне, сумую. Але думаю, што ў журналістыцы я зрабіла дастаткова. Я працавала на «Белсаце» 17 гадоў, з самага пачатку. Гэта вельмі доўга. Я паспрабавала сябе ў розных амплуа. І гэта было вельмі цікава. Для мяне было важна ствараць беларускае незалежнае тэлебачанне. Асабліва важна было, каб яно было беларускамоўным. Ну і хіба прыйшоў натуральны час на змены.

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская падчас афіцыйнага візіту ў польскую сталіцу завітала ў студыю «Белсату», дзе дала інтэрв’ю журналістке Аліне Коўшык. Варшава, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

– Але ці прафесійныя якасці журналісткі і той досвед не перашкаджаюць табе быць палітыкам?

– Не думаю, што перашкаджаюць. Наадварот. Вельмі дапамагаюць, таму што мы зараз выконваем місію – місію вяртання Беларусі беларусам. І тут усе рукі вельмі патрэбныя. На жаль, многія нашыя лідары сядзяць за кратамі. Гэта наш боль. Мы сочым за іх лёсамі, стараемся рэальна зрабіць усё, што магчыма, каб вызваліць людзей з турмаў, але гэта вельмі складаная справа.

Той досвед, які я атрымала на «Белсаце», унікальны. Шырокі палітычны кругагляд, багатыя сувязі з рознымі асяродкамі – гэта вельмі карысна. Бо гэта тое, што, у прынцыпе, зараз і патрэбна, бо галоўнае – будаваць сувязі і ствараць супольнасці. Каб мы, беларусы, трымаліся разам і былі здольныя разам рабіць шмат маленькіх і адну вялікую справу.

«У Беларусі павінны быць дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і ангельская»

– Са Святланай Ціханоўскай – толькі па-беларуску?

– Так, заўсёды. І яна адказвае мне на беларускай. Паседжанні кабінету таксама вядуцца на беларускай мове. Святлана Ціханоўская, якая іх вядзе, карыстаецца і расейскай, але ўсё часцей – і натуральна! – пераходзіць на беларускую мову. Адчуваю свой сціплы ўклад у гэта: першае інтэрвʼю па-беларуску спадарыня Святлана дала менавіта мне.

А сама я пераходжу на расейскую толькі з людзьмі, якія шчыра не разумеюць беларускай. Ці ангельскай.

– Такіх усё менш…

– Камунікаваць па-расейску зараз проста не камільфо. Выключна ў выпадках, калі сустрэчы адбываюцца па-расейску. Такіх таксама зараз вельмі мала. Таму заклікаю: вучыце ангельскую мову! Беларускую і ангельскую. І калі мяне пытаюць, ці павінны быць у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, я адказваю: так, павінны быць дзве – беларуская і ангельская!

Інтэрв’ю
«Я не стаўленік Дзярждэпу ЗША – я стаўленік Святланы Ціханоўскай». Шчырая размова з Валерам Кавалеўскім
2024.02.13 07:10

Ангельская сапраўды можа быць такой другой мовай камунікацыяў, тэхнічнай, як гэта зараз фактычна сталася ва Украіне. Бо гэта мова сусвету. Мы маем зараз праблему, бо бракуе людзей, якія добра ведаюць ангельскую мову, нават у дэмакратычных сілах. А ўявіце сабе, што нам трэба будзе будаваць новае войска. І нам будуць патрэбныя настаўнікі і лекары, якія змогуць пераняць досвед развітых краінаў у гэтых сферах. Бо перакладчыкамі зараз мала хто карыстаецца, скажу я вам. Усе сустрэчы праходзяць без перакладчыкаў, асабліва закрытыя. І гэта абсалютна нармальна.

«Беларуская мова павінна быць мовай смеху і мовай кахання»

– Ты згадала лекараў і настаўнікаў. Пісьменніца Ева Вежнавец нядаўна на літаратурным спатканні адзначыла, што, каб нацыя стала паўнавартаснай, на беларускай мове павінны загаварыць прасталыткі, злодзеі і забойцы…

– І я цалкам згодная. Мова павінна быць жывая, яна павінна быць у першую чаргу інструментам камунікацыі – без усялякага там палітычнага ці ідэалагічнага шалупіння, без усяго гэтага.

Яна павінна быць мовай смеху, мовай кахання, мовай спрэчак, мовай першых словаў.

Вось мы размаўлялі нядаўна з людзьмі з Беларусі, і ім вельмі не хапае богаслужэнняў па-беларуску. Людзі хочуць мець Божае слова па-беларуску.  Зараз я думаю, каго падключыць і як ажыццявіць такі праект, каб гэта было магчыма, каб людзі мелі службы па-беларуску.

Што да веры, то так, у мяне іншы светапогляд, але я вельмі паважаю людзей, якія маюць сваю веру. Я ведаю, што гэта вельмі важная частка жыцця. Таму, калі ад мяне можа штосьці залежыць і я магу дапамагчы ў такіх пытаннях, як, напрыклад, богаслужэнне на беларускай мове, буду радая гэта зрабіць.

– Кажаш пра беларускую мову як «мову смеху і кахання», але сцвярджала ў той жа час, што гэта і нашая зброя. Ці мае якія-небудзь шанцы беларуская мова ў інфармацыйнай вайне з «вялікай і магутнай» расейскай? Многія выказваюць скептыцызм…

– А я па жыцці аптымістка! Я думаю, што насамрэч вельмі важна рабіць тое, на што ты маеш уплыў. Ёсць такое выказванне, якое я вельмі люблю: калі ты марыш адзін – ты толькі марыш, а калі мы марым разам – ствараем рэчаіснасць. І мы ствараем новую рэчаіснасць. Сапраўды, сілы няроўныя, і мы гэта выдатна разумеем. Але мы шмат што бяром імпэтам і заангажаваннем, перакананнем і разуменнем, што робім слушную справу.

Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальнаму адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 15 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Нават калі параўнаць статыстыкі працы беларускіх незалежных медыяў з расейскімі, то пабачым, што нашыя маюць лепшыя паказнікі глыбіні праглядаў, заангажавання аўдыторыі і распаўсюду. Натуральна, што лічбы наведванняў расейскіх медыяў будуць вышэйшыя, бо Расея нашмат большая. Але мы павінны змагацца за беларускую аўдыторыю. Адна з найважнейшых справаў, якую, я лічу, зрабіў «Белсат», – гэта тое, што ён сапраўды зрабіў беларускую мову нармальнай мовай камунікацыі, мовай навінаў, мовай дакументальных фільмаў, мовай праграм. І гэта стала натуральным.

Таму я перакананая: трэба ствараць медыяпрадукты па-беларуску. Гэта нашае адрозненне. Таму так: мова зараз – гэта нашая зброя.

Расея таксама выкарыстоўвае расейскую мову як зброю. Выкарыстоўвае, каб каланізаваць нашую краіну, каб знішчаць нашую мову. Мы мусім абараняцца. Але ж мы не можам ад расейскай мовы абараняцца расейскай жа мовай!

Ведаеш што, я думаю, што поспехам будзе, калі і прапаганду пачнуць рабіць па-беларуску. Гэта будзе азначаць, што яны ўсвядомілі, якую вялізную сілу мае беларуская мова. Сілу! Вось гэта будзе сапраўдны поспех (смяецца)!

«Я шчаслівая, бо жыву ў згодзе з сабой і сваімі каштоўнасцямі»

– Так, да забойцаў і прасталытак, згаданых Вежнавец, дадаем прапаганду! Аліна, разумею, што на Дзень роднай мовы будзеш у іншых гарадах, але… Ці адсвяткуеш гэты дзень разам з сямʼёй?

– Ведаеш, я ў сямʼі Дзень роднай мовы святкую штодня, бо штодня карыстаюся мовай. Штодня размаўляю па-беларуску з сынам. Хоць ен шмат размаўляе па-польску. Ён тут нарадзіўся, тут выхаваўся. Раней ён хадзіў у беларускую суботнюю школу, але цяпер – у падлеткавым узросце, і мне цяжкавата яго выцягнуць. Але ўпэўненая, што перарасце гэты перыяд. Ягонай матчынай мовай заўсёды будзе беларуская.

Я назіраю, што ў падлеткаў беларуская мова становіцца сакрэтнай мовай выбраных. У сацсетках яны ладзяць суполкі, прысвечаныя вывучэнню гісторыі, камунікуюць у схаваных суперчатах. Ім падаецца, што яны карыстаюцца мовай, якую ніхто не разумее (пераходзіць на шэпт).

Гэта таксама пэўны шлях да мовы для моладзі. Але галоўны шлях да іх сэрцаў і розумаў – праз папулярную культуру. Нам вельмі не стае сёння беларускамоўных зорак і інфлюэнцараў, якія маглі б уплываць на моладзь. Гэта выклік для нас. І заданне, каб такія людзі зʼявіліся. Каб засяваць зерне, якое, я перакананая, калісьці дасць багаты плён.

– Калісьці падлеткам ты зрабіла памылку ў слове «шчасце». Яна была не фатальная? Аліна Коўшык – шчаслівы чалавек?

– Так, шчаслівы, бо жыву ў згодзе з сабой і сваімі каштоўнасцямі, а побач са мной людзі, якія мяне вельмі падтрымліваюць.

Мова Нанова
«Беларуская мова – гэта пра шчырасць і пра натуральнасць», – Аліна Коўшык
2024.02.20 18:35

Зміцер Міраш belsat.eu