Заняпад і спадзеў на адраджэнне: што адбываецца з беларускай мовай?


«Мова – не толькі сродак зносінаў, а і душа народу, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова – жыве народ». Гэтак пачынаецца прэамбула да Закону аб мовах. Яго Вярхоўны Савет яшчэ БССР прыняў 34 гады таму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Даследчыкі, гісторыкі, якія працавалі потым у беларускім нацыянальным архіве, казалі пра кубаметры лістоў, дзясяткі тысяч лістоў, якія прыходзілі ў Вярхоўны Савет з патрабаваннем надаць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы», – узгадвае публіцыст, адзін з распрацоўнікаў закону Сяргей Навумчык.

Паводле Закону, беларуская мова станавілася адзінай дзяржаўнай. То бок моваю дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў, установаў і грамадскіх арганізацыяў, адукацыі, навукі і культуры, інфармацыі і сувязі, медыяў. Афіцыйныя назвы дзяржаўных органаў, тапонімы, уласныя імёны таксама мелі пісацца па-беларуску.

Установы адукацыі, дзяржаўны апарат, праваахоўныя органы і войска да канца 2000 меліся перайсці цалкам на беларускую мову. Але рэферэндум 1995, які ініцыяваў Лукашэнка, гэтым планам ажыццявіцца не дазволіў.

«Усе супрацоўнікі ўстановаў, кіраўнікі арганізацыяў павінныя ведаць беларускую мову, але на практыцы мы бачым, што гэта не так. Ёсць кодэкс “Аб адукацыі”, дзе напісана, што чалавек можа атрымаць адукацыю па-беларуску. Але гэта не працуе. То бок можна казаць пра дыскрымінацыю», – зазначае праваабаронца Аліна Нагорная.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, 54 % нашых суайчыннікаў назвалі беларускую мову роднай. Пры гэтым, у абласных гарадах няма ніводнай беларускамоўнай школы, а па-беларуску навучаюцца ўсяго 10 % вучняў. І гаворка не пра трэнд апошніх гадоў,  кажа старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай:

«Выцісканне беларускай мовы з публічнай сферы, з дзяржаўных медыяў, з эфіраў, з адукацыі школьнай, універсітэцкай адбывалася і да 2020-га года».

Сёлета ўпершыню Лукашэнка не прамаўляў па-беларуску падчас цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне».

Малюнак мае ілюстрацыйны характар. Азбука пратэсту. Ў нескладовае. Карыкатура. Графіка: ДэЛёс

Агулам жа, відавочна, што беларускія словы ён выкарыстоўвае ў зневажальнай форме.

Прыклад з Лукашэнкі бярэ прапаганда. У авангардзе лукашэнкаўскай прапаганды – выданне «Мінская праўда». Беларускую мову выкарыстоўвае вось у такіх пагардлівых карыкатурах, зневажаючы не толькі тых, хто выступае супраць рэжыму, але і саму беларускую мову.

«Яшчэ такое слова як “рЫжЫм” выкарыстоўваецца, намерана пішацца няправільна. Такім чынам, відаць, ствараючы ў гледача, слухача, чытача адчуванне таго, што беларускамоўныя – яшчэ і непісьменныя людзі. Але пры гэтым пасля «Ж» – «Ы», пасля «Р» – таксама «Ы», – заўважае Таццяна Нядбай.

Як жа ўратаваць беларускую мову? Паводле праваабаронцы Ігара Случака, трэба проста размаўляць:

«Усё залежыць ад беларусаў, і беларуская дзяржаўнасць будзе толькі тады, калі беларуская мова будзе ў людзей у галовах. І паміж сабой камунікацыя, і паўсюль. Калі не будзе беларускай мовы, то мы нічым не адрозніваемся ад расейцаў, ад украінцаў, ад іншых людзей. Знікне беларуская мова – знікне дзяржаўнасць».

Ігар Случак і Аліна Нагорная – аўтары тысяч зваротаў у дзяржаўныя і прыватныя структуры. Дзякуючы іхным намаганням беларуская мова з’явілася на прадукцыі шмат якіх беларускіх вытворцаў. Гэтак праваабаронцы ў тым ліку бралі на сябе функцыі дзяржавы, якая сама мусіць кантраляваць, як выконваецца той жа Закон аб мовах.

Алесь Яшчанка, «Белсат»