Быкаў: «Трэба запасціся цярпеннем і за кожнай няўдалай спробай бачыць наступную і збіраць для яе сілы»


«Я такі песіміст, каторы прагне, каб ягоны песімізм быў абвергнуты жыццём ці гісторыяй», – так гаварыў пра сябе Васіль Быкаў. Творцы не стала дваццаць гадоў таму. Развітанне з народным пісьменнікам перарасло ў сапраўдную патрыятычную маніфестацыю: тысячы людзей спачатку прыйшлі ў Дом літаратара, а пасля прайшлі за труной да могілак.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта быў, можна сказаць, такі грамадзянскі акт, калі людзі прыйшлі перш за ўсё развітацца з Быкавым і акрамя ўсяго выказаць сваю пазіцыю, выказаць падтрымку ўсіх тых ідэяў, за якія стаяў Васіль Уладзіміравіч», – кажа ўдзельнік пахавання Васіля Быкава палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Васіль Быкаў нарадзіўся 19-га чэрвеня 1924-га года на Вушаччыне, прайшоў усю вайну. Франтавы досвед і таленавітае яго адлюстраванне ў творчасці запэўнілі пісьменніку вялікі і несумненны аўтарытэт.

«Як камертон сумленнасці і болю, калі не заплюшчваеш вочы перад складанымі пытаннямі, дыскамфортнымі. Адказы не заўсёды прыемныя, але прагаворваць гэтыя рэчы трэба», – ацэньвае творчасць Быкава паэт Андрэй Хадановіч.

Творы Быкава перакладзеныя на паўсотні моваў свету, пісьменніка вылучалі на Нобэлеўскую прэмію.

«Творамі, дзе вайна і сталінскія рэпрэсіі паказаныя ў пераемнасці, як звёны аднаго ланцугу, як ніхто іншы паказаў глыбіню выпрабаванняў, з якімі сутыкнуліся беларусы», – падкрэслівае Андрэй Хадановіч.

За праўду Быкаву ўвесь час даводзілася змагацца і з савецкай цэнзурай, і пазней з Лукашэнкам ды ягонымі чыноўнікамі.

«Апроч майго, будзем гаварыць умоўна, таленту ёсць і маё грамадзянскае сэрца», – адзначаў сам Васіль Быкаў.

Васіль Быкаў. Крыніца: aif.by

Неацэнны ўнёсак Васіля Быкава ў нацыянальнае адраджэнне. Менавіта дзякуючы ягонай прадмове ўбачыў свет артыкул Зянона Пазняка пра расстрэлы ў Курапатах. Быкаў стаўся адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту, падтрымоўваў шлях незалежнай Беларусі ў Еўропу і адкрыта выступаў супраць Лукашэнкі яшчэ да таго, як той зрабіўся прэзідэнтам. Улады заўсёды баяліся Быкава, кажа старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк:

«Супраць яго яны нічога не маглі супрацьпаставіць. Яны нікчэмныя. Ні супраць яго аўтарытэту, ні супраць яго думкі, ні супраць яго слова, яны проста адчувалі сваю нікчэмнасць і таму баяліся апынуцца побач з ім».

Рэжым фактычна выціснуў пісьменніка з краіны, Васіль Быкаў жыў у Фінляндыі, Нямеччыне, Чэхіі. А ў траўні 2003-га разам з жонкаю прыехаў у Менск, як меркавалася, ненадоўга. Апошнія дні пісьменнік правёў у анкалагічнай клініцы ў Бараўлянах.

У развітанні з Быкавым спачатку ўдзельнічалі і высокія чыноўнікі. Віталь Цыганкоў узгадвае:

«Яны ў нейкі момант спрабавалі там уплываць на ўсю працэдуру развітання, і мне падабалася, што сям’я Быкава, перш за ўсё сын, запатрабавалі, каб ён быў накрыты бел-чырвона-белым сцягам».

Тады чыноўнікі заявілі, што не могуць заставацца ў памяшканні з апазіцыйным сцягам, ды, зняўшы ганаровую варту, сышлі на чале з тагачасным міністрам культуры Леанідам Гулякам.

Дыктатарская ўлада баіцца Быкава і пасля смерці. Ягоных кніг не выдаюць дзяржаўныя выдавецтвы, а ў сталіцы няма ані вуліцы, ані помніку творцу. Але для беларусаў словы народнага пісьменніка застаюцца важнымі ды натхняльнымі:

«Трэба запасціся цярпеннем і за кожнай няўдалай спробай бачыць наступную і збіраць для яе сілы».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»