Барацьба з «няправільнай» літаратурай


Дзяржаўная цэнзура пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам. Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі зрабіў шэраг заяваў, сутнасць якіх можна перадаць так: мы, прыхільнікі дзяржаўнай вертыкалі, мусім апрацаваць эліту грамадства пад наглядам сілавых структураў і пазбавіць насельніцтва доступу да «экстрэмісцкай літаратуры». Адбылося гэта падчас прэзентацыі кніг у падтрымку Лукашэнкі. І гэтыя выданні чыноўнікі плануюць увесці ў кожную дзяржаўную бібліятэку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пад партрэтамі класікаў беларускай літаратуры і з Георгіеўскай стужкай у праўладным Саюзе пісьменнікаў Беларусі адбылася прэзентацыя кнігаў выдавецтва «Беларусь сегодня». Аўтары – прапагандысты Андрэй Мукавозчык, Юрый Церэх і Людміла Гладкая. Кнігі прысвечаныя афіцыйнай версіі падзеяў 2020 года: аб тым, што нейкія замежныя найміты паспрабавалі здзейсніць дзяржаўны пераварот праз выбары і вулічныя пратэсты. А сілавікі гераічна ўсіх уратавалі.

«Гэта былі расследаванні журналісцкія, рэпартажы з месца падзеяў, з нядзельных пратэстаў і маршаў. Гэта былі матэрыялы, падрыхтаваныя з дапамогай працаўнікоў ГУБОП, следства, КДБ», – распавяла прапагандыстка Людміла Гладкая.

На прэзентацыі і круглым стале прысутнічалі сілавікі з гэтага самага ГУБАЗіКу, дэпутаты і іншыя дзяржаўныя людзі.

«Па-першае, гэта адбітак часу, гэта тое, што мы самі ўсе пражылі. І галоўнае, калі бачылі змагароў на вуліцах – яны ў жыцці рабілі ўсё, што заўгодна. Але дакладна не чыталі«, – смяяўся прапагандыст Грыгорый Азаронак.

«Вялікае шчасце»

Як абяцае «СБ. Беларусь Сегодня», гэтыя кнігі будуць у фондах усіх бібліятэк Беларусі.

«Гэта ўсё адбываецца а) з падтрымкай дзяржавы б) са знішчэннем усіх іншых магчымых варыянтаў выказвання, усіх іншых грамадзянскіх пазіцый і версіяў таго, што адбылося», – тлумачыць старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

За цяжкую працу аўтарам – дзяржаўным прапагандыстам – падзякаваў намеснік міністра інфармацыі. І заявіў, што кнігі, створаныя з артыкулаў Мукавозчыка і Гладкай аб шкодных заходніх каштоўнасцях мусяць замяніць небяспечныя экстрэмісцкія кнігі іншага гатунку.

«Маёй неад’емнай часткай працы зʼяўляецца аналіз, у тым ліку кантрольных экзэмпляраў. Праца ў камісіі па супрацьдзеянню экстрэмізму. Гэтых прыкладаў я магу прывесці вялізную колькасць. Вялікае шчасце, што мы іх на кніжных паліцах не бачым. Вялікае шчасце, што ў нас ёсць разуменне, што гэта страшнейшая зброя», – заявіў Ігар Бузоўскі, віцэ-міністр інфармацыі.

«Гэтыя заявы адназначна небяспечныя, таму што яны выклікаюць арышты, легалізуюць арышты, якія адбываюцца. Варта сказаць, што зачыстка кніжнага поля інтэнсіўна адбываецца з пачатку года», – тлумачыць Таццяна Нядбай.

Бахарэвіч, Тарас, Лукашук…

Ад красавіка прызнаныя экстрэмісцкімі і забароненыя: мастацкі раман «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча – наклад раману мусяць раздушыць трактарам. Таксама зборнік артыкулаў «‎Беларусь на раздарожжы» Анатоля Тараса, «Ваенная гісторыя Беларусі» Віктара Ляхора і «Беларуская нацыянальная ідэя».

«Гэта звычайныя ідэалагічныя чысткі і спроба зрабіць так, каб у людзей было толькі тое, што адпавядае гэтай ідэалогіі», – абураецца Зміцер Лукашук, суаўтар «экстрэмісцкай» кнігі.

У мяне ў руках экстрэмісцкія матэрыялы. Кніга «Беларуская нацыянальная ідэя». Аўтары – Зміцер Лукашук і Максім Гаруноў. Гэта падборка інтэрвʼю з самымі выбітнымі беларусамі, якія могуць прадстаўляць нашую краіну, і якіх дакладна можна назваць нашай інтэлектуальнай элітай. Пісьменнікі, паэты, эколагі, эканамісты, палітолагі, спевакі. Тут ёсць нават інтэрвʼю з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам. Дык вось, спадарства, гэтую кнігу двойчы прызналі экстрэмісцкай. Спачатку адмысловая камісія пры Менаблвыканкаме, а потым суд Менскага раёну.

У чэрвені ў беларускіх школах загадалі прыбраць з абароту кнігі 33-х аўтараў, у тым ліку Нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, зорак беларускай літаратуры Уладзіміра Арлова, Віктара Марціновіча, Уладзіміра Някляева і гэтак далей.

«Я не здзіўлюся, калі зараз абʼявяць экстрэмісцкімі ўсе кнігі Васіля Быкава, ці Уладзіміра Караткевіча», – кажа Зміцер Лукашук.

У міністэрстве інфармацыі барацьбу з літаратурай тлумачаць абаронай гуманітарнай прасторы Беларусі – пакуль сілавікі трымаюць унутраную і замежную абарону.

Кніга як зброя

«Неразуменне таго, што кніга – значна мацнейшая зброя, чым ракеты і танкі, прыводзіць да таго, што даводзіцца ўжываць ракеты і танкі», – прамаўляў Ігар Бузоўскі на круглым стале «СБ».

«Прапаганда ўвесь час падае нам у крывым люстэрку ўсё тое, што кажам мы. Мы кажам: нашая мова – зброя. І яны пачынаюць гэта паўтараць.

Так, паколькі гэта зброя, то мы пойдзем на апераджэнне, і знішчым склады гэтай зброі. Знішчым кнігарні, выдавецтвы, выцеснім з рынку беларускіх пісьменнікаў, не дапусцім іх да чытачоў. Выкінем іх з бібліятэк», – тлумачыць Наталля Русецкая, паэтка, перакладчыца і выкладчыца Універсітэту Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне.

Сёлета Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасць выдавецтваў «Галіяфы, «Лімарыюс», «Медзісонт» і »Кнігазбор«, якія друкавалі выключна беларускамоўныя кнігі. У траўні сілавікі разграмілі краму «Кнігаўка» і пасадзілі пад арышт літаратуразнаўцу Настассю Карнацкую. Беларускі ПЭН адзначае тэндэнцыю спынення творчых праектаў і самацэнзуры дзеячаў, а таксама дэбеларусізацыі і русіфікацыі ў сферы культуры.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»