Ад прастытутак да трэцяй сусветнай вайны. Як мяняліся страшылкі Лукашэнкі цягам 30 гадоў


Аляксандр Лукашэнка ўвесь час палохае беларусаў унутранымі і вонкавымі пагрозамі, якія нібыта могуць прывесці да разбурэння Беларусі, хаосу ды вайны. Цягам амаль 30 гадоў кіравання гэтыя страшылкі пастаянна трансфармаваліся ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры. Belsat.eu узгадвае, як гэта было.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка жэстыкулюе, выступаючы ў парламенце. Менск, Беларусь. 11 кастрычніка 1996 года.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Змовы, замахі і Югаславія: 1994–2004 гады

У 1990-х і пачатку 2000-х Аляксандр Лукашэнка яшчэ не меў звычкі бесперапынна палохаць грамадства тэрарыстамі, дыверсантамі і перспектывай вайны з усімі суседзямі. Падчас выбарчай кампаніі 1994 года ён засяроджваўся на сацыяльна-эканамічных праблемах, а галоўным ворагамі ў ягоных прамовах выступалі карупцыянеры і мафіёзныя структуры. Праблемы, што існавалі ў краіне, Лукашэнка ўсяляк перабольшваў, раздзімаючы да маштабаў абсалютнай катастрофы. «Адвесці народ ад прорвы» – гэтак называлася ягоная перадвыбарчая праграма на тых выбарах.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 1994 года Лукашэнка ўпершыню выпрабаваў страшылку з замахам на самога сябе. Маецца на ўвазе так званы лёзненскі інцыдэнт, калі на трасе Віцебск – Лёзна аўтамабіль Лукашэнкі нібыта абстралялі невядомыя. «Замах на прэзідэнта» ў наступныя гады зробіцца ўвогуле ўлюбёным сюжэтам Лукашэнкі: ён будзе «выкрываць» так званыя замахі ў публічных прамовах неаднаразова. Разам з тым, характэрнай рысай усіх гэтых гісторыяў было тое, што яны не мелі рэальных наступстваў: паводле абвінавачванняў у замаху на Лукашэнку тады нікога не пераследавалі і не судзілі.

Падчас палітычнага крызісу 1996 года Лукашэнка вінаваціў сваіх палітычных апанентаў у антыдзяржаўнай змове. Ён палохаў беларусаў тым, што калі яны не падтрымаюць новай Канстытуцыі, то краіна пагрузіцца ў хаос і будзе разрабаваная «палітычнымі авантурыстамі». Лукашэнка ўсяляк абражаў прадстаўнікоў апазіцыі, прыпісваў ім усе магчымыя грахі. Разам з тым, абвяшчаць іншадумцаў «тэрарыстамі» і «экстрэмістамі» тады яшчэ было не прынята.

У прамовах пачатку 2000-х тэрмін «тэрарызм» звычайна ўжываўся Лукашэнкам у наўпроставым сэнсе гэтага слова. У тыя гады тэмай № 1 у сусветнай палітыцы было супрацьстаянне ўсіх цывілізаваных краінаў міжнароднаму тэрарызму, і афіцыйны Менск таксама быў вымушаны выказвацца на гэты конт. Прычым Лукашэнка звяртаўся да тэмы тэрарызму хутчэй для таго, каб падкрэсліць адкрытасць Беларусі сусветным працэсам, а не сваю ізаляванасць і пагрозу з боку Захаду (як гэта робіцца цяпер). Самы вядомы выпадак выкарыстання Лукашэнкам слова «тэрарызм» на пачатку 2000-х увогуле меў дачыненне да канфлікту з Расеяй. «Я лічу, што гэта акт тэрарызму на самым высокім узроўні, калі ў дваццаціградусны мароз краіну пазбаўляюць прыроднага газу», – заявіў ён у лютым 2004 года, каментуючы пастанову Масквы адключыць Беларусі газ.

Беларуска крычыць на партрэт Аляксандра Лукашэнкі падчас мітынгу ў цэнтры Менску, Беларусь. 9 кастрычніка 1996 года.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Страшылкі пра варожы Захад, вядома, таксама ішлі ў хаду. Лукашэнка наракаў і на пашырэнне NATO на ўсход, і на «агрэсіўныя задумы» Злучаных Штатаў. Неўзабаве пасля зрынання і арышту Слабодана Мілошэвіча, вясной 2001 года, Лукашэнка распавёў, што Захад і апазіцыя хочуць «стварыць у Беларусі сітуацыю Югаславіі, каб шляхам наўпроставага палітычнага, ваеннага і эканамічнага ўмяшання звонку зрабіць змену ўлады». Югаслаўская страшылка, праўда, не прыжылася – усё-ткі прыклад быў для Беларусі занадта далёкі і незразумелы.

Увогуле Лукашэнка, хоць і казаў у той перыяд пра «варожыя намеры» Захаду, тэмай вайны не злоўжываў. Звычайна ўсё круцілася вакол фінансавання апазіцыі, жадання змяніць уладу ў Беларусі і яшчэ нейкіх недарэчных абвінавачванняў. Напрыклад, восенню 2004-га, незадоўга да новага рэферэндуму аб змене Канстытуцыі, Лукашэнка заявіў, што атрымаў інфармацыю пра планы «сілавога знішчэння прэзідэнта». Прычым аднаго «знішчэння» яму падалося мала, і ён дадаў, што Захад таксама займаецца тым, што «з нашых дзяўчат робіць прастытутак», «корміць нашых грамадзянаў наркотыкамі» і «распаўсюджвае гомасексуалізм».

Каляровыя рэвалюцыі і Майдан: 2005–2019 гады

Рэвалюцыя ружаў у Грузіі і Памаранчавая рэвалюцыя ва Украіне натхнілі Лукашэнку на стварэнне новага прапагандысцкага наратыву, што без істотных зменаў праіснуе амаль 15 гадоў. Маецца на ўвазе страшылка пра пагрозу «каляровых рэвалюцыяў». Рэвалюцыя ў гэтым наратыве заўсёды была разбуральнай і крывавай з’явай, нягледзячы на тое, што перамены ў Грузіі і Украіне насамрэч мелі негвалтоўны характар. «Усе гэтыя «каляровыя рэвалюцыі» – ніякія насамрэч не рэвалюцыі. Гэта адкрыты бандытызм пад выглядам дэмакратыі», – каментаваў Лукашэнка мірную змену ўлады ва Украіне і Грузіі.

Перад Плошчай-2006 КДБ палохаў грамадства тым, што «радыкальная апазіцыя» нібыта плануе ўчыніць тэракты і хоча атруціць водаправод дохлымі пацукамі. Напярэдадні Плошчы-2010 тагачасны кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Макей заявіў, што ворагі рыхтуюць групы баевікоў, якія закупляюць выбуховыя рэчывы і плануюць правакацыі. У абодвух выпадках байкі пра «радыкалаў» і «баевікоў» працягу не мелі.

Спачатку галоўнымі арганізатарамі «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі называліся Злучаныя Штаты. Пасля Плошчы-2010 акцэнты трошкі змяніліся: цяпер галоўнымі ворагамі і куратарамі пратэстаў былі абвешчаныя Польшча і Нямеччына. У 2014-м, пасля Еўрамайдану, Лукашэнка прапанаваў яшчэ адну версію: цяпер ён сцвярджаў, што Плошчай-2010 кіравалі наўпрост з Кіева. «Не ведаю, хто па прозвішчы камандаваў, але тады ўжо зараджаўся гэты «Правы сектар», ён ужо дзеяў», – казаў Лукашэнка ў інтэрв’ю. Тады ж ён распавёў пра нейкія атрады радыкалаў, што рыхтаваліся ў Беларусі, Польшчы і Заходняй Украіне.

Супрацоўнікі АМАПу затрымліваюць дэманстрантаў падчас акцыі супраць улады Аляксандра Лукашэнкі і скандальнага закону пра дармаедаў. Менск, Беларусь. 25 сакавіка 2017 года.
Фота: Vasily Maximov / AFP Photo / East News

Калі ў 2017 годзе распачаліся пратэсты недармаедаў, галоўнаю пагрозай Лукашэнка зноў зрабіў Украіну. Адтуль нібыта і апазіцыю фінансавалі, і джыпы з узброенымі людзьмі праз мяжу прарываліся, і «лагеры баевікоў» ва Украіне існавалі. Праўда, ён палічыў, што адной Украіны тут будзе мала, і распавёў, што фінансаванне гэтых «баевікоў» ішло праз Літву і Польшчу. Было абвешчана, што ў Беларусі нібыта рыхтаваўся «фашысцкі пераварот», і пад гэтую выдумку спецслужбы сфабрыкавалі справу «Белага легіёну». Аднак пасля задушэння пратэстаў недармаедаў усе гэтыя казкі былі непатрэбныя, і ўлады пра іх амаль адразу забыліся.

Найміты, тэрарысты і трэцяя сусветная вайна: 2020–2024 гады

Старыя прапагандысцкія тэзісы наконт Майдану і «каляровай рэвалюцыі» Лукашэнка спрабаваў выкарыстоўваць і падчас выбарчай кампаніі 2020 года. Праўда, спачатку крыніцай пагрозы быў абвешчаны не Захад і нават не Украіна, а галоўны саюзнік Беларусі – Расея. Лукашэнка абвінавачваў Крэмль у спробах умяшацца ў прэзідэнцкія выбары, намякаў, што Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага фінансуюць расейцы.

24 ліпеня 2020 года ён выступіў з «прароцкай» заявай: маўляў, ворагі плануюць падцягнуць на пратэсты ў Беларусі наймітаў з нейкай ПВК. Праз пяць дзён наймітаў сапраўды знайшлі: былі арыштаваныя 33 вагнэраўцы, якія нібыта рыхтавалі тэракты. Улады заявілі, што ўсяго на тэрыторыі Беларусі каля 200 баевікоў, але астатніх 167 пакуль не знайшлі. Потым было заяўлена, што пад Псковам і Невелем фармуюцца яшчэ дзве групоўкі баевікоў, якіх хочуць закінуць у Беларусь.

За пяць дзён да дня галасавання Лукашэнка заявіў: «Сёння паступіла інфармацыя пра яшчэ адзін атрад, перакінуты на поўдзень. Мы павінныя, калі ідзе ўборка, бегаць, лавіць іх па лясах! Мы ж іх усіх зловім!» Праўда, ніякіх наймітаў сілавікі больш не злавілі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў гэты фэйк канчаткова страціў сэнс, затрыманых вагнэраўцаў Лукашэнка адпусціў і нават адправіў прасіць прабачэння ў іх свайго сына.

Hавiны
Вагнэраўцы ў беларускіх лясах. Гісторыя самага рэзананснага фэйку Лукашэнкі
2021.09.09 11:07

Пасля выбараў крыніца пагрозы змянілася на супрацьлеглую. Цяпер за пратэстамі стаялі ЗША і іх саюзнікі ў Еўропе, войскі краінаў NATO нібыта збіраліся напасці на Беларусь, а Расея зноў пераўтварылася ў галоўнага саюзніка. Пасярод пратэстаў Лукашэнка нават звярнуўся да Масквы з просьбай аб сілавым падтрыманні, забыўшыся пра тое, што казаў усяго некалькі тыдняў таму.

Неўзабаве адбылася радыкалізацыя ўсіх прапагандысцкіх наратываў. «Каляровая рэвалюцыя» саступіла месца спробе «мяцяжу» і «дзяржаўнага перавароту». Паняткі «экстрэмізм» і «тэрарызм» пачалі выкарыстоўвацца выключна ў дачыненні апазіцыі і іншадумцаў. У адпаведнасці з новымі пужалкамі, Захад і Украіна не проста падтрымліваюць праціўнікаў Лукашэнкі – яны нібыта пры дапамозе «беглых» рыхтуюць тэракты, дыверсіі і нават ваеннае ўварванне. Цяпер улады пра гэта гавораць амаль што няспынна.

У лютым 2024 года пастаяннае нагадванне пра пагрозу ўзброенага супрацьстаяння дайшло ў Лукашэнкі да «прадчування трэцяй сусветнай вайны».

Hавiны
Захад рыхтуе правакацыю супраць палякаў, каб абвінаваціць Беларусь: якімі новымі страшылкамі Лукашэнка корміць беларусаў
2024.02.20 13:56

Не толькі запалохванне, але і прыкрыццё

Разам з тым, значэнне лукашэнкаўскіх страшылак пасля 2020 года трошкі змянілася. Раней гэта было выключна прапагандысцкае запалохванне, што часцей за ўсё не мела наступстваў для канкрэтных людзей. Пад байкі пра рыхтаванне «сілавога знішчэння прэзідэнта» ў 2004-м або пра дохлых пацукоў у 2006-м спецслужбы не фабрыкавалі крымінальных справаў, а заявы пра вонкавую пагрозу не выкарыстоўваліся для апраўдання агрэсіўных дзеянняў супраць суседніх краінаў.

Цяпер сітуацыя іншая: страшылкі ўладаў часцяком папярэднічаюць рэальным сілавым наступствам. Калі ў кастрычніку 2020-га Лукашэнка абвесціў, што Беларусь сутыкаецца з «тэрарыстычнымі пагрозамі», то неўзабаве гэта прывяло да фабрыкавання шматлікіх «тэрарыстычных» справаў супраць апанентаў рэжыму. Пачынаючы з канца 2020 года палітычна матываваныя справы за «тэрарызм» пачалі з’яўляцца рэгулярна, іх фігурантаў судзяць і караюць вялізарнымі тэрмінамі зняволення. У «тэрарыстычны спіс» КДБ за апошнія гады ўнесеныя ўжо сотні беларусаў.

Аналагічным чынам у лютым 2022 года заявы Лукашэнкі аб правакацыях на мяжы і пагрозе з боку Украіны не былі проста страшылкай – гэта была частка інфармацыйнай кампаніі пры рыхтаванні поўнамаштабнага расейскага ўварвання з тэрыторыі Беларусі.

Таму легкадумна ставіцца да страшылак Лукашэнкі не варта – часам яны могуць выкарыстоўвацца для прыкрыцця або апраўдання рэальных планаў улады.

Каментар
Лукашэнка спужаўся расколу элітаў і анансаваў атакі на Польшчу? Што значаць новыя выказванні
2024.02.20 19:38

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў