«Ёсць прарыў». Украінскія танкісты пачнуць трэнаванні на нямецкіх «Леапардах»


Краіны, у якіх ёсць нямецкія танкі «Леапард», зладзяць для ўкраінскіх экіпажаў навучальныя місіі. Пра гэта ўкраінскай службе «Голасу Амерыкі» паведаміў міністр абароны Аляксей Рэзнікаў. Што праўда, партнёры Кіева пакуль не ўхвалілі паставак танкаў.

Танк “Leopard 2”.
Фота: Узброеныя сілы Нямеччыны / bundeswehr.de

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў назваў прарывам мажлівасць навучання танкістаў на «Леапардах». Трэнаванні зладзяць у краінах, якія маюць гэтую тэхніку на ўзбраенні.

«З гэтага мы пачнём, а потым будзем рухацца далей. Спадзяюся, Нямеччына ў спакойным рэжыме ў выніку ўласных унутраных кансультацыяў ухваліць перадачу танкаў. Я гляджу на гэта аптымістычна, бо першы крок зроблены: пачнём навучанне экіпажаў на «Леапардах», – сказаў Рэзнікаў.

Саюзнікі Украіны абмяркоўвалі далейшую дапамогу на сустрэчы на базе Рамштайне 20 студзеня, аднак паставак танкаў не ўхвалілі. Пры гэтым новы міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс (Boris Pistorius) сцвярджае, што Берлін не блакуе перадавання «Леапардаў», а проста пакуль не вызначыўся.

«Аднадушнага меркавання няма. Ёсць важкія аргументы на карысць паставак, ёсць важкія аргументы супраць», – цытуе кіраўніка Бундэсвэру выданне «Frankfurter Allgemeine Zeitung».

Міністр адзначыў, што цяпер рыхтуецца як мага хутчэйшае транспартаванне «Леапардаў», калі адпаведная пастанова ўсё ж будзе ўхваленая.

Між тым сярод немцаў няма аднадушнасці ў гэтым пытанні. Сацыялагічныя даследаванні сведчаць, што пастаўкі танкаў падтрымліваюць 46 % грамадзянаў, 43 % – супраць. Пры гэтым заўважная розніца ў меркаваннях у залежнасці ад узросту рэспандэнтаў. Маладзёны, якім да 34 гадоў, адмоўна ставяцца да гэтай ініцыятывы (52 % – супраць, 37 % – за). Затое 52 % асобаў, старэйшых за 65 гадоў, падтрымліваюць забеспячэнне ўкраінцаў «Леапардамі», супраць – 36 %.

Разбор
Ці прыйдуць ва Украіну нямецкія «Леапарды» і ці зменяць танкі ход вайны?
2023.01.20 20:04

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў