Каму замінае «Белсат»?


Тэлеканал “Белсат” ізноў чакае суд! 24-га чэрвеня – праз 5 месяцаў пасля выйгранага нашым тэлеканалам судовага працэсу. Тады ўласнік фірмы “БЕЛСАТплюс” дамагаўся забароны на выкарыстанне намі таварнага знаку “Белсат ТВ”. Але Калегія інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда палічыла гэтае патрабаванне неабгрунтаваным. Бо падобныя паводле гучання таварныя знакі выкарыстоўваюцца ў розных галінах дый зарэгістраваныя яны ў розных краінах. Але цяпер віцэ-старшыня Вярхоўнага суда прызначае перасуд справы.



{movie} Каму замінае «Белсат»?|right|16992{/movie}

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:

“Тое, што зараз па ініцыятыве аднаго з намеснікаў старшыні Вярхоўнага суда будзе перагледжаная справа “Белсату”, гэта сведчыць пра тое, што на гэта ёсць палітычны заказ, бо, як вядома, у Беларусі няма незалежных судоў”.

Хто ж замовіў чарговую справу супраць незалежнага тэлеканалу? Не толькі нашыя гледачы, якія маюць поўнае ўяўленне пра сітуацыю ў краіне, але і звычайныя мінакі, апытаныя намі ў розных гарадах Беларусі, мелі адказ на гэтае пытанне:

ЖЫХАРЫ БЕЛАРУСІ:

“Можа, КДБ. Хто там плануе інфармацыйную палітыку на БТ, таму і не падабаецца, бо ў людзей ёсць кропка альтэрнатыўная, дзе можна паглядзець і скарыстацца навінамі”.

“Маем уладу, якой агідна ўсё, што звязана з беларускасцю. І проста яны хочуць выкараніць усё, у тым ліку “Белсат”, які мае шмат публікі”.

“Канкурэнтам з Белтэлерадыёкампаніі. “Белсат” робіць ім проста неверагоднае супрацьстаянне, і яны не ў сілах трымацца неяк на медыярынку. Таму пачынаецца такі працэс закрыцця «Белсату»”.

“Лукашэнку і ягонаму атачэнню. Нязручны канал”.

“Прэзідэнту нашаму выгадна стварыць праблемы. Зачыніць канал. Бо ён мусіць быць адзін, а вы яму перашкаджаеце”.

Гэтага аднаго і ўсцяж адзінага неўзабаве чакае штопяцігадовае выпрабаванне, залог перамогі ў якім – зачышчэнне канкурэнцыі і здушэнне іншадумства.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:

“Гэта ўжо ёсць падрыхтоўка да маючай адбыцца прэзідэнцкай кампаніі ў 2015 годзе, спроба такім чынам наехаць на незалежных журналістаў”.



Але наш спадарожнікавы тэлеканал транслюецца на ўвесь свет, а таму замінаць праўдзівая інфармацыя можа і нашым суседзям, якія да наступнага года маюць намер уцягнуць Беларусь у Еўразійскі саюз.

МІХАСЬ ЯНЧУК, АФІЦЫЙНЫ ПРАДСТАЎНІК «БЕЛСАТУ» Ў БЕЛАРУСІ:

“Калі 27 студзеня скончыўся працэс, нам падавалася, што нашым галоўным апанентам з’яўляецца недэмакратычная беларуская ўлада. Але з гэтага часу вельмі шмат змянілася. У рэгіёне вельмі моцна праявіла сябе сіла, якая з’яўляецца непрыязнай не толькі для Украіны, але і для незалежнай Беларусі. Таму я б не выключаў, што за гэтым судовым працэсам можа стаяць нехта, хто хоча паўплываць на нашую краіну з Расейскай Федэрацыі”.

Закрыць “Белсат” – такая мэта ўнутраных і вонкавых барацьбітоў з незалежнаю інфармацыяй. На меркаваным жа пустым месцы можна стварыць сваё – залежнае і кіраванае тэлебачанне. Гэтак, беларускі спадарожнік з сугучнаю нашай назваю “Belintersat” улады плануюць запусціць ужо ў наступным годзе і на яго базе наладзіць спадарожнікавую тэлевізійную трансляцыю. Толькі ці ў захапленні ад гэткае замены гледачы?

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Спадзяюся, што вы зможаце працягнуць спадарожнікавае трансляванне”.

“«Белсат» транслюецца не толькі на Беларусь, але і на іншыя краіны. Нам бы хацелася, каб «Белсат» працягваў існаваць, бо гэта крыніца інфармацыі, якая для нас важная”.

“Спадзяюся, што не зачыняць. І дзякую за тую працу, якую вы робіце!”.



Праз 10 дзён пераглядам выйгранай судовай справы “Белсату” зоймецца Прэзідыум Вярхоўнага суда, які або зменіць, або пакіне ў моцы вынесеную раней пастанову, альбо перадасць справу на паўторны разгляд.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў