У пункце пропуску «Берасце – Тэрэспаль» часова спынялі афармленне транспарту


Удзень 20 кастрычніка ў польскім пункце пропуску Тэрэспаль часова прыпынялі афармленне транспарту, паведамілі ў Пагранічным камітэце Беларусі. З беларускага боку гэта пункт пропуску Берасце.

Памежны пераход Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы. 26 жніўня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Паводле інфармацыі польскага боку, з 14:30 20 кастрычніка ў пункце пропуску Тэрэспаль ажыццяўляецца рамонт дарожнага пакрыцця. У сувязі з гэтым пропуск легкавога транспарту на польскі бок часова прыпынены», – паведамілі ў беларускім памежным ведамстве.

Нагадаем, што гэта адзіны памежны пераход Беларусі з Польшчай для пропуску легкавога транспарту і аўтобусаў. У чатах, звязаных з перасоўваннем праз мяжу, пісалі, што ў Беларусь транспарт таксама не пускалі – рамантавалі мост.

Аднак у хуткім часе Памежны камітэт паведаміў, што з 16:00 рух транспарту на памежным пераходзе адноўлены.

Каментар
Украінскі эксперт: Украіна адчыняць памежныя пункты не збіраецца
2023.10.13 08:00

Нагадаем, 10 лютага Польшча закрыла памежны пераход «Бераставіца – Баброўнікі» на нявызначаны тэрмін, што адбылося пасля прысуду ў 8 гадоў аднаму з лідараў польскай дыяспары ў Беларусі Анджэю Пачобуту. Пасля гэтага 17 лютага ўрад Беларусі прыняў пастанову, згодна якой зменены парадак руху польскага грузавога транспарту праз мяжу і тэрыторыю Беларусі.

Некаторыя пераходы закрывалі ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. Пераход «Кузніца – Брузгі» польскія ўлады закрылі восенню 2021 года – пасля штучна створанага ўладамі Беларусі міграцыйнага крызісу і спробаў штурму мяжы мігрантамі пад кантролем сілавікоў з Беларусі. Пераход для грузаў «Кукурыкі – Казловічы» ўлады Беларусі і Польшчы пакідаюць фармальна адкрытым, але Польшча абмежавала рух беларускіх цяжкавікоў, а Беларусь – польскіх.

«Берасце – Тэрэспаль» – застаецца апошнім пунктам пропуску на беларуска-польскай мяжы, які працуе паўнавартасна.

Hавiны
Польшча ўводзіць забарону на ўезд для аўтамабіляў на расейскіх нумарах
2023.09.16 16:45

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў