«Саджалі на шпагат так, што мужчынскія органы былі на падлозе»


Ці сапраўды Алесь даваў згоду быць агентам спецслужбаў, каб выйсці з СІЗА, і ці працаваў ён на замежныя спецслужбы? Ці будзе абараняць рэпрэсаваных беларусаў бясплатна? Праверку на паліграфе прайшоў адвакат Алесь Міхалевіч. 

– Ці лічыце вы, што вашыя паслугі каштуюць вялікіх грошай?

– Так.

– Колькі каштуе гадзіна вашай кансультацыі?

– Ад 250 еўраў за гадзіну, часам больш. Але, як я ўжо сказаў, ёсць справы «pro bono» – бясплатныя, і некаторую частку беларусаў я бараню бясплатна.

– Але колькі каштуе, каб вы абаранілі чалавека?

– Залежыць ад справы, ад таго, з чым ён да нас прыйшоў. Звычайна гэта хіба што ад 7 тысяч еўраў да, назавём так, бясконцасці. Самыя дарагія справы, думаю, былі і пад 100 тысяч.

Алесь Міхалевіч. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы».
Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Ці прыходзіцца Міхалевічу як адвакату хлусіць у судзе? Калі так, то пры якіх абставінах гэта дапушчальна?

«На шчасце, я хлусіў у судзе да таго, як я атрымаў адвакацкую ліцэнзію ў Чэхіі. І гэта я рабіў у беларускім судзе, і гэта я рабіў для таго, каб выгарадзіць, каб дапамагчы тым людзям, пра якіх у мяне пыталі. Я казаў, што я не ведаю таго, што я ведаў, напрыклад. Што я не бачыў, ці стаялі яны побач, ці не стаялі побач. Што я не ведаю, ці ўдзельнічалі яны ў гэтым, і так далей. І я лічу, калі б у мяне быў сёння выбар такі самы, я б зрабіў тое самае».

– Ці саступалі вы калі-небудзь справу спецыяльна?

– Не.

У паліграфа ёсць сумневы.

«Сумневы сапраўды ёсць. Яны абгрунтаваныя. Таму што вельмі часта да цябе прыходзіць кліент, якому ты гаворыш, што гэтую справу дакладна прайграем. І ён кажа: так, я хачу, каб вы яе прайгралі, хачу, каб вы зацягнулі час».

Алесь Міхалевіч. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы».
Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Алесь Міхалевіч балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе, але цяпер, як сцвярджае, не мае прэзідэнцкіх амбіцыяў, бо дагэтуль не аднавіўся ад катаванняў, праз якія давялося тады прайсці.

«Тое, што адбылося са мной у следчым ізалятары, калі мяне катавалі, збівалі, выломвалі рукі, здзекаваліся. Гэта вельмі моцна надламіла, і далейшыя рэчы, пра якія вы сёння таксама будзеце запытваць, пра маю супрацу з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі, дзе мяне вымусілі падпісаць згоду на супрацу… Так, гэта ўсё вельмі моцна надламіла. (…) Мяне саджалі на шпагат, падбівалі ногі так, што мужчынскія органы фактычна былі на падлозе».

Алеся Міхалевіча абвінавачвалі ў тым, што ён працуе на амерыканскую, польскую ці нямецкую спецслужбы. На нашым паліграфе гэта таксама не пацвердзілася, але Алесю Міхалевічу прыкра, і ён просіць прабачэння ўва ўсіх, пра каго падчас допытаў сказаў нешта дрэннае.

Больш адказаў на пытанні шукайце ў праграме «Шчыра кажучы» на YT-канале «Belsat News» (відэа вышэй).

belsat.eu 

Стужка навінаў