Расейцы ўцякаюць з радзімы ў Еўразвяз і вывозяць грошы (відэа)


Пакуль расейскія ўлады разгортваюць ваенныя аперацыі ўва Украіне, грамадзяне Расеі выпраўляюцца ў пошуках ціхай затокі… на «варожы» Захад. Прымежныя дзяржавы Еўразвязу, Літва і Латвія, зафіксавалі ўздым попыту на від на жыхарства ў сваіх краінах.

{movie}Расейцы ўцякаюць з радзімы ў Еўразвяз і вывозяць грошы|right|16119{/movie}

З пачатку акупацыі Крыму з Расеі вывезлі каля 70 млрд долараў. Аднак падобна, што ўцякаць пачалі не толькі грошы, але і людзі. Міграцыйныя службы Літвы ды Латвіі паведамляюць: заяваў ад грамадзянаў Расеі на жыццё ў гэтых краінах значна паболела.

Паводле звестак міграцыйнай службы, толькі ў Вільні месяц таму часовы від на жыхарства мелі 1900 расейскіх грамадзянаў. Летась гэтая лічба складала 1450, а два гады таму – усяго 1200.



Атрымаць від на жыхарства можна для навучання, а таксама зарэгістраваўшы ў Літве ўласную фірму або пабраўшыся шлюбам з грамадзянінам краіны. Найчасцейшая падстава атрымання віду на жыхарства для расейцаў – бізнес.



Аналагічная актыўнасць назіраецца і ў Латвіі. Сёлета міграцыйныя службы атрымалі ўжо 758 запытаў ад больш як 1700 асобаў, бальшыня з іх – ад расейцаў. Для параўнання: за першыя месяцы 2013 года заяваў было меней амаль удвая.

Пры гэтым умовы для легалізацыі замежнікаў усцяж ускладняюцца. Напрыклад, цяпер заснаваць фірму мала. Неабходна наняць трох мясцовых працаўнікоў. Аднак спроба – не хвароба. Вайсковая агрэсія і няпэўная будучыня для бізнесу натхняе далёка не ўсіх расейцаў і змушае пакінуць радзіму.

Настасся Яўмен, Вільня, belsat.eu

Стужка навінаў