У сеціве набываюць папулярнасць відэаролікі, дзе беларусы скардзяцца на жахлівы стан дарог


Карыстальнікі TikTok з Беларусі скардзяцца на дрэнныя дарогі: хтосьці звяртаецца да ўладаў з просьбай аб дапамозе, а хтосьці проста абураецца нядбайнасцю чыноўнікаў.

На гэтым тыдні ў тык-току з’явілася відэа, якое запісаў іпэшнік Яўген Чуеўскі з вёскі Кукшэвічы Дзяржынскага раёну. Мужчына звяртаецца да Аляксандра Лукашэнкі, кажа, што ў 2020-м уся вёска за яго галасавала і «трымала кулачкі». Аднак цяпер мясцовыя жыхары просяць аб дапамозе. Іпэшнік скардзіцца на дарогу, па якой немагчыма праехаць: транспарт ламаецца, аўтобусы не ездзяць, дзеці вымушаны па бруду дабірацца да школы 2 км.

«Тут проста жах! Бязмежжа робіцца пасля дажджу!.. Таму, Аляксандр Рыгоравіч, калі ласка, разбярыцеся, дапамажыце. Надышоў той час, калі вы нам павінны дапамагчы», – заявіў мужчына.

Зварот жыхара Кукшэвічаў перапосцілі многія паблікі і незалежныя медыі. Неўзабаве аўтар прыбраў сваё відэа з тык-току.

Разам з тым, тэма дрэнных дарог становіцца папулярнай у сацсетках. Напрыклад, відэа карыстальніка Vova Gryzinov у тык-току набрала больш за 300 тысяч праглядаў: у роліку мужчына распавядае пра сітуацыю ў Касцюковічах Магілёўскай вобласці і наракае на нядбайнасць чыноўнікаў, якія не ў стане адрамантаваць дарогу.

«Вось ён ваш рамонт, – кажа мясцовы жыхар, паказваючы цалкам разбітую дарогу, – Бюджэтныя грошы цалкам выкінуты ў смецце. Вось як вы вырашаеце праблемы: вы іх больш ствараеце, чым вырашаеце». «Вы лічыце, што там бабуля-пенсіянерка, якая ўсё жыццё адпрацавала на дзяржаву, 80 гадоў, мусіць рамантаваць гэту дарогу за свой рахунак? Або я са сваім капеечным заробкам мушу яе рамантаваць?» – абураецца ён.

Жыхары вёскі Красная Горка таксама паказалі, як яны пакутуюць без нармальнай дарогі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў