Хлопец у ложку пасярод Варшавы і добраслаўленне жывёлінаў у Мадрыдзе. Фатаграфіі тыдня


Масавыя пратэсты ў Башкартастане, незвычайная акцыя з ложкам у цэнтры Варшавы, святкаванне Вадохрышча ў Сербіі, цырымонія асвячэння жывёлінаў у Іспаніі, абстрэл расейскімі беспілотнікамі Украіны – сабралі галоўныя падзеі ў фотаздымках за тыдзень.

Байцы АМАПу выстраіліся ў абарончую лінію супраць дэманстрантаў у горадзе Баймак, дзе праходзяць шматтысячныя пратэсты з-за прысуду, вынесенага мясцоваму актывісту Фаілю Алсынаву. Башкірскі суд прысудзіў да чатырох гадоў пазбаўлення волі сустаршыні забароненай у Расеі арганізацыі «Башкорт» (выступала за суверэнітэт Башкартастану, развіццё башкірскай мовы і культуры) Фаілю Алсынаву, абвінаваціўшчы яго ва «ўзбуджэнні нянавісці» з прычыны прамовы супраць незаконнай золатаздабычы ў Заураллі. Баймак, Рэспубліка Башкартастан, Расея. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Anya Marchenkova / AFP / East News
Нямецкі біятланіст Раман Рээс упаў (Roman Rees) на снег пасля перасячэння фінішнай рысы мужчынскай кароткай індывідуальнай гонкі на 15 км на Кубку свету па біятлоне. Разун-Антэрсэльва (Rasun-Anterselva), Італія. 18 студзеня 2024 года.
Фота: Marco Bertorello / AFP / East News
Паляк арганізаваў акцыю пратэсту, падчас якой тры дні ляжаў у ложку каля помніка Мікалаю Каперніку на Кракаўскім прадмесці ў Варшаве. 24-гадовы Якуб Тарасевіч усё сваё жыццё змагаецца з дэпрэсіяй, неўрозамі і трывогай. Хлопец вырашыў прыцягнуць увагу да праблемы недастатковага фінансавання псіхіятрычнай дапамогі ў Польшчы незвычайнай акцыяй. Варшава, Польшча. 15 студзеня 2023 года.
Фота: Pawel Wodzynski / East News
Плывец абдымае іншага плыўца, калі знайшоў крыж з возера Бечмен (Bečmen) аднайменнай вёскі недалёка ад Бялграду. Праваслаўныя святкуюць Вадохрышча па старым юліянскім календары з традыцыйным здабываннем крыжоў з рэк і азёр. Бялград, Сербія. 19 студзеня 2024 года.
Фота: Darko Vojinovic / AP Photo / East News
Мясцовы жыхар праходзіць міма разбітай машыны ў двары жылога дому, пашкоджанага ў выніку атакі беспілотніка ў Адэсе. Расея запусціла 20 ударных беспілотнікаў іранскай распрацоўкі па цэлях на поўдні Украіны за ноч, сістэма СПА Украіны знішчыла 19 з 20 БПА. Адэса, Украіна. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Oleksandr Gimanov / AFP / East News
Жанчына ўскладае кветкі ў колерах украінскага сцяга да Сцяны памяці загінулых абаронцаў Украіны ў Кіеве, Украіна. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News
Айцец Валянцін Брава добраслаўляе сабаку ля царквы святога Антонія падчас урачыстасцей з нагоды цырымоніі асвячэння жывёлінаў – бэнэідэс (beneïdes – добраславенне на балеарскім дыялекце), якая адзначае Дзень святога Антонія. Мадрыд, Іспанія. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Susana Vera / Reuters / Forum: SUSANA VERA / Reuters / Forum
Спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Майк Джонсан выступае падчас няспання пры свечках з сем’ямі закладнікаў у памяць аб 100 днях нападу «Хамасу» на Ізраіль каля Капітолію ЗША ў Вашынгтоне, акруга Калумбія, ЗША. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Brendan Smialowski / AFP / East News

Андрэй Шаўчэнка belsat.eu

Стужка навінаў