“Пуціна гэць!” Лозунг Майдану прагучаў у расейскай інтэрпрэтацыі


Нягледзячы на масавыя затрыманні, у Маскве і ў Санкт-Пецярбурзе прайшлі пратэсты супраць прысудаў, агучаных фігурантам “балотнай справы”: сямёра апанентаў уладаў атрымалі рэальныя тэрміны, і толькі адзін – умоўны.

Сэрца Масквы ачапіла паліцыя. Сёння ўвечары на Манежнай плошчы мелася распачацца акцыя пратэсту нязгодных з выракамі ў “балотнай справе”, аднак трапіць на пляц было немагчыма – людзей затрымлівалі яшчэ на падыходзе да яго.

{movie}Прысуд «па-балотнаму»|right|14997{/movie}

Актывісты паведамляюць пра больш як 30 затрыманых, сярод якіх палітыкі ды журналісты. Пад хапун трапіў і аператар нашага каналу, якому ўдалося зняць у аўтазаку ўнікальныя кадры.

Зранку ж падтрымаць тых, хто, на іхную думку, незаконна апынуўся на лаве падсудных, сотні неабыякавых прыйшлі да будынку суда. Яшчэ больш сюды сцягнулася АМОНу і паліцыі.

АЛЯКСЕЙ НАВАЛЬНЫ, АПАЗІЦЫЙНЫ ПАЛІТЫК, РАСЕЯ:

“Самае галоўнае: усе гэтыя людзі, паліцыя, тыя, хто адправіў сюды паліцыю, яны цудоўна ведаюць, што саджаюць невінаватых. І яны разумеюць, што людзі будуць абураныя”.

Таму аператыўна пачалася зачыстка. Агулам затрымалі 235 асобаў, сярод якіх – той жа Аляксей Навальны, іншы вядомы апазіцыянер, Ілля Яшын, а таксама беларускі актывіст Максім Вінярскі. Хапалі перадусім мужчынаў, людзі тым часам скандавалі майданаўскія лозунгі.



ЖЫХАР МАСКВЫ:


“У нас суцэльнае беззаконне, суцэльная несправядлівасць, у нас поўны развал дзяржавы. Бо яна не працуе, а галоўнае, што не працуе, – судовая сістэма”.



І сведчанне таму – сённяшнія прысуды ўдзельнікам мірнай акцыі пратэсту на Балотнай плошчы. Толькі адна з васьмі абвінавачаных, Аляксандра Духаніна, атрымала 3 гады ўмоўна. Астатнія 7 фігурантаў пазбаўленыя волі на рэальныя тэрміны: ад двух з паловаю да чатырох гадоў.

ВЯЧАСЛАЎ МАКАРАЎ, АДВАКАТ:

“І з нашага гледзішча, і паводле ўсіх абаронцаў, матэрыялы суда сведчылі пра адваротнае: усё, што было ўчынена на Балотнай плошчы, гэта віна праваахоўных органаў”.



Тое ж, што “беспарадкі”, як называюць падзеі 6 траўня 2012 года карныя органы, – вынік правакацыяў уладаў, мяркуюць не толькі адвакаты. Тады паліцыя затрымала больш за 400 удзельнікаў апазіцыйнага шэсця і мітынгу. Дзве асобы ўжо адбываюць тэрміны, аднаго чалавека адправілі на прымусовае лячэнне.

Зрэшты, апазіцыя перакананая, што рашэнні суддзі толькі агучваюць.

АЛЯКСЕЙ НАВАЛЬНЫ, АПАЗІЦЫЙНЫ ПАЛІТЫК, РАСЕЯ:

“Усе рашэнні такога плану прымае асабіста і персанальна Пуцін. Якія паранаідальныя працэсы адбываюцца ў ягонай галаве, мы не ведаем. Што ён там сабе ўявіў, гледзячы на палаючыя апоны або на інтэр’еры генпракурора Пшонкі?”



Геапалітычная параза Крамля ва Украіне паўплывала і на сённяшнія прысуды, і на жорсткія дзеянні сілавікоў – упэўнены апазіцыянер. Гэта пацвярджае і агрэсіўная рэакцыя на падзеі некаторых пракрамлёўскіх дзеячаў. Наступнае паведамленне ў сваім “Тwitter’ы” размясціў пісьменнік Эдуард Багіраў, давераная асоба Пуціна на апошніх выбарах.

ЭДУАРД БАГІРАЎ, ПІСЬМЕННІК:

“Пасля Майдану ў нашых АМОНаўцаў з’явілася маральнае права не тое што затрымліваць, а проста на месцы расстрэльваць усю гэтую балотную дрэнь”.

Відавочна, па іншы бок барыкадаў – іншы творца, вядомы спявак Андрэй Макарэвіч. За дзень да агучвання прысуду фігурантам “балотнай справы” ён напісаў песню “АМОНаўскі вальсок”.

Сённяшні ж вырак шмат хто ў Расеі называе “паказальным”, таму ці атрымаецца яго абскардзіць? І ці будуць рабіцца такія спробы? І ці могуць увогуле пратэсты ў сённяшняй Расеі прынесці плён?

ЖЫХАРКА МАСКВЫ:

“Людзям трэба ўсё роўна трымаць сваю пазіцыю. Хаця б, як я кажу, не для майго сына, а для маіх унукаў трэба нешта рабіць”.



Рабіць нягледзячы на тое, што перадалімпійская адліга ў Расеі, мяркуючы з усіх прыкметаў, скончылася.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў