На разгон Майдану ў Кіеве ўлады меліся паслаць больш за 20 тыс. сілавікоў


Для разгону пратэстоўцаў у Кіеве ўлады планавалі задзейнічаць больш за 20 тыс. сілавікоў (вайскоўцаў унутраных войскаў і працаўнікоў адмысловых падраздзяленняў), сведчаць дакументы, якія апублікаваў 24 лютага генерал міліцыі, сябра партыі «Бацькіўшчына» Генадзь Маскаль.

Падчас аперацыі планавалася выкарыстаць агнявую зброю, спецтэхніку, снайперскія групы, сілавікі мелі блакаваць шляхі адыходу пратэстоўцаў, глушыць мабільную сувязь, спыняць трансляванне незалежных тэлеканалаў.



У выніку спецаперацыі не правялі ў поўным аб’ёме, аднак у цэнтры Кіева з 18 да 20 лютага забілі каля 80 асобаў. Прэзідэнт Віктар Януковіч збег са сталіцы. Вярхоўная Рада Украіны адхіліла яго ад выканання абавязкаў. На гэты момант месцазнаходжанне былой першай асобы краіны не вядомае.

Кіеў пакінулі таксама прадстаўнікі найбліжэйшага атачэння Януковіча. З’яўляліся паведамленні, што экс-міністр унутраных справаў Віталь Захарчанка адправіўся ў Беларусь, аднак гэта абверглі ўкраінскія памежнікі ды Аляксандр Лукашэнка, якому ў гэтай справе званіў лідар украінскай партыі «Удар» Віталій Клічко.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў