«Беларусы ў бядзе не кідаюць». Інтэрв'ю з аўтаркаю праграмы «Беларус беларусу»


Аўтарка і вядоўца праграмы «Беларус беларусу» Валярына Кустава распавяла Вітаўту Сіўчыку, як на практыце працуе салідарнасць беларусаў з усяго свету.

Валярына, прыадкрый, калі ласка, таямніцу: чаго нам чакаць у новых выданнях праграмы «Беларус беларусу»?

Будзе зменены фармат гэтай праграмы, а таксама рэгулярнасць выхаду ў эфір. Рэч у тым, што раней яна выходзіла ў блоку навінаў у прайм-тайм два разы на месяц. Цяпер гэта змянілі, і яна будзе выходзіць яшчэ часцей: чатыры разы на месяц, то бок штотыдзень у вечаровым эфіры ў пятніцу. І таксама, бадай, адна з найважнейшых зменаў, што адбыліся з праграмаю: нягледзячы на тое, што практычна ўся нашая каманда зазнала рэпрэсіі, гэта нас не спыніла і мы, наадварот, пашыраем сваю геаграфію. І цяперака «Беларус беларусу» – гэта праграма, куды могуць звяртацца людзі, якія пацярпелі за свабоду, за свае перакананні, каштоўнасці і якія жывуць не толькі ў Беларусі, але і тыя, што былі вымушаныя пакінуць краіну, і цяпер жывуць у Польшчы, ва Украіне, у Літве. І, верагодна, неўзабаве будуць героі нават з Грузіі. Мы ўжо рыхтуем выданні пра беларусаў, якім дапамагаюць у Польшчы.

Валярына Кустава. Калаж belsat.eu

Валярына, ты вядоўца праграмы пра народную ўзаемадапамогу і адначасова сама яе спазнала, бо была вымушаная пакінуць Беларусь пад пагрозаю крымінальнага пераследу і турмы. Гэта таксама вельмі цяжка адбывалася, спантанна, хутка. Табе самой ёсць што распавесці і ёсць за што падзякаваць нашым землякам.

Абсалютна! У мяне было адчуванне, што я трапіла не толькі ў мастацкае кіно, але і зрабілася героем самой праграмы. Як нам і гледачам «Белсату» ўдавалася дапамагаць нашым героям, падтрымліваць іх, то гэтак цяпер я спазнала гэтую дапамогу ад беларусаў у Варшаве. Яны дапамаглі мне на першы час папросту ўтрымаць зямлю пад нагамі, не расчаравацца ў свеце, у сабе, у нашай ідэі ды ў нашым пратэсце. Гэта быў вялікі ўнёсак і вялікі пералом, калі ты страчваеш усё, але набываеш самае галоўнае – веру ў людзей і разуменне, што мы – адзіная нацыя, аднадумцы. То бок цяпер беларусы, дзе б яны ні былі, – разам. Дзе беларусы, там і Беларусь.

Беларус беларусу
Як склаўся лёс выпускніцы, што не паціснула рукі дэкану-ябацьку? Сіроцтва, пазыкі і вялікая мара
2021.08.05 00:09

Цяпер беларускі народ перажывае трагедыю: увесь гэты тэрор, страшныя навіны, якія мы бачым кожны тыдзень, практычна штодзень. Але адначасова ў гэтай жахлівай сітуацыі ёсць людзі, якія ўсё ж такі дапамагаюць іншым і падтрымліваюць адно аднаго. Гэта нават трошкі нагадвае аповеды з часу вайны, калі страляюць, вайсковыя аперацыі праводзяцца, ёсць канцлагеры, але адначасова ёсць мірнае жыццё, дзе людзі адно аднаго падтрымліваюць.

Безумоўна, бо цяпер ідзе вайна, мы працуем ва ўмовах вайны, ваенных дзеянняў. Як я працавала, калі была ў Беларусі, і як цяпер удаецца дапамагаць ды падтрымліваць нашых герояў. Натуральна, што кожны раз журналісты, якія здымаюць матэрыялы, па сутнасці робяць гэта пад кулямі. То бок белсатаўцы працуюць не толькі пад пагрозаю страціць усё, у страху, што ў іх апячатаюць кватэру, забяруць дзяцей, забяруць іхную свабоду, але і папросту гэта пагроза іхнай волі, іхнаму жыццю, іхнаму спакою ды іхнай дзейнасці. Самае галоўнае – гэта рызыка страціць магчымасць гаварыць праўду, што для журналістаў галоўнае ў цяперашняй Беларусі. Асабліва ў гэты момант. То бок рэальна журналісты-белсатаўцы цяпер працуюць пад кулямі.

Артыкулы
«Падушкай нам служыў спляснелы хлеб». Журналістка Карпіцкая выйшла з Акрэсціна і распавяла пра катаванні
2021.09.18 14:35

Сапраўды, як кажуць, часам для праўды дастаткова, каб яе проста выказалі ўслых. Місія журналіста – сказаць праўду ўслых. А ў сітуацыі Беларусі ёсць яшчэ і місія, напэўна, кожнага з нас, беларусаў, абараніць гэтую праўду. Мне падаецца, што праграма «Беларус беларусу» – гэта, я б сказаў, цудоўная, добрая прапаганда, калі мы можам пачуць жывыя гісторыі, як людзі адно аднаму дапамагаюць, не зважаючы на страх, пагрозы. Добрая прапаганда добрых каштоўнасцяў. Прапаганда людскасці падчас гэтага ўсяго проста нялюдскага пекла.

Так. І я, шчыра кажучы, адчуваю папросту гонар і шчасце, што мы ствараем праграму, якая рэальна паказвае, што нашая салідарнасць нікуды не знікла. І я заўсёды заклікаю людзей: калі вы хоць нейкім чынам хочаце і можаце паказаць салідарнасць – проста пішыце нам у праграму. Мы заўсёды маем спіс тых, каму вашая дапамога патрэбная. Якое шчасце, я ўяўляю, адчуваюць гледачы, гэтую радасць салідарнасці. Гэта адзіна існая цяпер радасць для кожнага беларуса.

Беларус беларусу
«Багінская з Берасцейшчыны», печ і беларуская салідарнасць
2021.08.18 13:50

Такая праграма не проста дзеля таго, каб штосьці паказаць. Яна таксама праграма з кантактам і нейкім плёнам. То бок гэткая актыўная журналістыка: не толькі апісаць сітуацыю, але і паказаць, што можна зрабіць у гэтай сітуацыі ды нешта вырашыць надалей, каб пашырыць дабро.

Канечне, бо нашая праграма, так бы мовіць, мае практычнае прымяненне. Мы не толькі расказваем, як пацярпелі людзі, гэта заўсёды толькі першая частка праграмы. Другая частка праграмы – гэта заўсёды пра тое, як ім дапамаглі нашыя гледачы, якія звярнуліся да нас. То бок яны бачаць канкрэтна на «Белсаце» гісторыю пэўнага героя, звяртаюцца да нас і ўжо падтрымліваюць яго. Зусім нядаўна, напрыклад, у апошніх выданнях збіралі на помнік бацьку, сын якога трапіў у турму проста за тое, што сказаў некалькі асуджальных словаў на адрас беларускіх сілавікоў, якія катавалі людзей. І яго пасадзілі на 5 гадоў. Сям’я ў выніку аддавала на штрафы сродкі, прызначаныя на помнік бацьку. І знайшоўся глядач, які захацеў гэта скампенсаваць. У выніку атрымалася, што герой гэтай праграмы, брат пацярпелага, моцны і стрыманы мужчына, прасіў перапынкі паміж здымкамі, паліў і не мог паверыць, што проста вось так нейкі невядомы чалавек, нават ананімна, можа дапамагчы ягонаму брату, які цяпер у турме. Так працуе беларуская салідарнасць. І такіх гісторыяў у нас дзясяткі, а спадзяюся, будуць і сотні, і тысячы.

Беларус беларусу
Замест помніку бацьку пагасілі штраф, але ўсё адно пасадзілі на 5 гадоў
2021.07.21 11:59

Сапраўды. І натхняе тое, што цяпер праграма будзе выходзіць часцей. Гэта значыць, што напраўду ёсць пра што гаварыць, ёсць гэтыя гісторыі. І таксама: вось ты кажаш пра салідарнасць… Памятаем летась гэтыя проста велізарныя шэсці, мітынгі, адначасова сотні тысячаў людзей на вуліцах… Было такое пачуццё еднасці і вялікай сям’і. А як вядома, найлепей, калі родныя людзі разам і ў радасці, і ў цяжкой сітуацыі. Вось цяпер беларуская сям’я ў цяжкой сітуацыі, і таксама родныя адно аднаму, беларус беларусу адно аднаму дапамагаюць.

Так. І рэч у тым, што гэта не толькі беларусы з Беларусі, гэта і беларусы з замежжа. То бок беларуская нацыя, як некалі габрэі, раскіданая цяпер па свеце. Але між тым ёсць гэтая повязь: людзі дапамагаюць адно аднаму. І, канечне, я хачу сказаць, што цяпер усе гэтыя тысячы людзей, якія былі на вуліцах, гэтыя сотні тысячаў, мільёны, проста цяпер падпольна, па-партызанску, па-беларуску не спыняюцца і працягваюць сваю дзейнасць. Менавіта праз гэтую салідарнасць. Каб ніхто не расчараваўся, каб ніхто не апусціў рук. Усе вы, салідарныя, якія былі на вуліцах, якія хадзілі на пратэсты, калі ў вас ёсць гэтая прага да зменаў, звяртайцеся да нас. І тыя, хто пацярпеў, таксама. Мы будзем вас скантактоўваць, з’ядноўваць, і ў выніку будзе стварацца нашая салідарная Беларусь, якая прывядзе да новай ды вольнай Беларусі, якая ў нас ужо жыве ў галовах.

Калі вы хочаце падтрымаць герояў праграмы (гэта можна зрабіць публічна або ананімна з любога пункту свету) – лістуйце: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да суполкі праграмы ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Стужка навінаў