За што крытыкуюць падыход «Вясны» да прызнання палітвязнямі? Тлумачыць Касінераў


У Беларусі цяпер 1499 палітвязняў ці 1771? Ці больш за 5 тысяч, ці больш за 10 тысяч? Чаму лічбы важныя «Белсат» распытаў арганізатара супольнасці «DissidentBy» Вячаслава Касінерава.

Палітычны зняволены.
Палітычны зняволены. Ілюстрацыя нейрасеткі «Dall-E». Выява: Bing.com

Што за розныя спісы?

Найчасцей, калі гавораць пра колькасць палітвязняў у Беларусі, называюць лічбы, што публікуе праваабарончы цэнтр «Вясна» – самы вядомы такі цэнтр, кіраўнік якога Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.

Цяпер у спісе «Вясны» 1499 зняволеных, а агулам асуджаных паводле палітычных артыкулаў – звыш 3000 з улікам тых, хто на волі, а спіс тых, хто перажыў палітычна матываваны адміністратыўны пераслед, мае амаль 40 тысяч радкоў.

У спіс, які публікуе «Вясна», людзей уключаюць супольным рашэннем некалькіх арганізацыяў: часцей за ўсё заявы падпісваюць разам «Вясна», «Lawtrend», Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, «Прававая ініцыятыва», Беларускі Хельсінкскі камітэт, «Human Constanta»… Да заяваў таксама часта далучаюцца Беларускі ПЭН, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Супольнасць «DissidentBy» вядзе яшчэ адзін вядомы спіс палітвязняў. У спісе «DissidentBy» на момант публікацыі 1771 палітвязень. Агулам тых, каго пераследавалі паводле палітычных матываў, супольнасць налічвае звыш 4600, а пра больш як 1100 чалавек супольнасць шукае інфармацыю: хтосьці быў затрыманы і знік, пра кагосьці неадназначна расказалі праўладныя каналы.

Розныя праваабарончыя арганізацыі хоць супрацоўнічаюць, але не заўсёды пагаджаюцца аб тым, ці прызнаваць чалавека палітвязнем. Каардынацыйная рада ладзіць між праваабаронцамі і актывістамі дыскусіі – там не сварацца, але адстойваюць свае крытэры.

Анонс
Якія акцыі і дзе пройдуць у Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі?
2023.05.18 16:23

Што не так са спісам «Вясны»?

Арганізатар супольнасці «DissidentBy» Вячаслаў Касінераў падкрэслівае ў каментары «Белсату», што спісы палітвязняў адрозніваюцца значна. Хтосьці можа сказаць, што 200-300 чалавек гэта невялікая розніца, але Касінерава такое злуе: гэта сотні людзей са зруйнаванымі лёсамі, пра якіх мала хто ведае.

Вячаслаў Касінераў
Арганізатар супольнасці «DissidentBy» Вячаслаў Касінераў. Скрыншот: «Белсат»

Падыход «Вясны» быў выпрацаваны ў 2013 годзе на аснове падыходу Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Касінераў звяртае ўвагу, што з таго часу мінула дзесяць гадоў, а ў 2020 годзе сітуацыя змянілася карэнным чынам, адбыўся прававы калапс. Кааліцыя вакол «DissidentBy» з гэтай прычыны выпрацавала свае падыходы, якія лічыць больш рэлевантнымі сучасным падзеям.

«Мы крытыкуем вялікую долю кансерватыўнасці гэтага падыходу, – кажа Касінераў пра «Вясну». – Калі людзі працягваюць апераваць паняткавымі апаратамі, выпрацаванымі ў 2013 годзе. На дварэ 2023-ці, і тыя жахі, з якімі мы сутыкаемся, назіраючы за рэпрэсіямі ў Беларусі, не паддаюцца апісанню».

Улады ў Беларусі заяўляюць, што палітычных зняволеных у Беларусі наогул няма, «усё паводле закону». Кагосьці садзяць паводле відавочна палітычных артыкулаў, як то за «дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (то бок акцыі пратэсту) або за «абразу» Аляксандра Лукашэнкі і чыноўнікаў («абразай» могуць палічыць і смайлік у каментары). Але кагосьці судзяць нібыта за карупцыю, наркотыкі, гвалтоўныя дзеянні ці аж нават «тэрарызм» – у шэрагу выпадкаў «DissidentBy» бачыць палітычны пераслед, тады як «Вясна» пра такі не заяўляе.

Бывае, «Вясна» і кааліцыя вакол яе доўга чакае вынікаў суду. Напрыклад, фігурантаў «справы Аўтуховіча» прызналі палітвязнямі праз амаль два гады па затрыманні: хоць тых улады назвалі вінаватымі ў рыхтаванні тэракту, а праваабаронцы супраць гвалту, суд праводзілі так, што «Вясна» і іншыя заявілі пра неправамерна жорсткую кваліфікацыю дзеянняў, несправядлівы суд і бесчалавечнае абыходжанне са зняволенымі.

Разбор
Сувязь з палітвязнямі знікае – што рабіць сваякам? Парады «Dissidentby»
2023.04.27 21:43

Палітвязняў больш, чым у спісах

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова казала, што ў Беларусі можа быць больш як 5 тысяч палітвязняў. Былы палітвязень Аляксандр Кабанаў дык наогул заяўляў, што ў Беларусі нават больш за 10 тысяч палітвязняў.

Перапоўненая турма. Ілюстрацыя нейрасеткі «Dall-E». Выява: Bing.com

Усе праваабаронцы прызнаюць: палітвязняў больш, чым у спісах. Многія сваякі палітычных зняволеных баяцца, што з’яўленне ў спісах стане прычынай дадатковых рэпрэсіяў супраць саміх зняволеных і іхных сем’яў. Пра некаторых зняволеных становіцца вядома значна пазней за дзень затрымання. Але і «Вясна», і «DissidentBy» перакананыя, што разыходжанне колькасці палітвязняў з іхнымі лічбамі – не ў разы.

«Гэта спекуляцыя і дэмагогія, калі пачынаем казаць пра пяць тысяч, дзесяць ці 150 тысяч палітвязняў, – заяўляе Касінераў. – На жаль, часта на гэта хварэюць палітыкі, якія спрабуюць атрымаць нейкую рытарычную вагу ў размовах і дыскусіях, калі ўжываюць гэтыя лічбы, якія нічым не падмацаваныя».

Касінераў пераконвае: праваабаронцы спрабуюць «пабачыць» і даць дапамогу ўсім палітычным зняволеным, большую частку палітвязняў ведаюць.

Каментар
«Спіс экстрэмістаў», «спіс тэрарыстаў» – што з таго асобам, якіх туды занеслі?
2022.10.28 18:46

Праваабаронцы не лічаць, што прысутнасць у спісах пагражае палітвязням

І «Вясна», і «DissidentBy» лічыць, што для зняволенага не будзе вялікай розніцы ва ўмовах утрымання ад прысутнасці ці адсутнасці ў спісах. Суддзі, следчыя і турэмшчыкі без спісаў праваабаронцаў ведаюць, паводле якой справы праходзіць чалавек – а мо і маюць свой агульны спіс палітычных зняволеных.

«Гэтая вось рыторыка, што нікуды не звяртайцеся, ні ў якім разе каб ні ў якіх спісах вас не было, гэта рыторыка дыктатуры, гэта рыторыка сілавікоў, якія хочуць схаваць свае злачынствы і ўсё тое, што яны твораць там з людзьмі», – заяўляе Касінераў.

«Гэта адзін з галоўных прынцыпаў іхнай працы: ім трэба быць закрытымі. Калі закрыты прынцып працы парушаны, значна цяжэй да чалавека ўжываць катаванні і нейкія спагнанні, пазбаўляць перадачаў, лістоў…»

Да чалавека, затрыманага з палітычных прычынаў, у сілавікоў будзе стаўленне як да палітвязня незалежна ад спісаў праваабаронцаў, упэўнены Касінераў. Дадаваць чалавека ў спіс праваабаронцаў трэба, каб зняволены атрымаў інфармацыйную і матэрыяльную дапамогу, а ў перспектыве – рэабілітацыю.

З’яўленне ў спісе палітвязняў відавочна не вызваляе ад катаванняў, прызнае Касінераў. Але нават ва ўмовах, калі чалавека за кратамі катуюць або насуперак правілам «бясконца» садзяць у камеру, сітуацыю можа палепшыць увага міжнароднай супольнасці. Іншых спосабаў, кажа Касінераў, проста няма: ніколі не працуе ідэя «ціха перасядзець, як міліцыянт сказаў», перакананы праваабаронца.

Каментар
Нават акуляры бывае цяжка перадаць. Чаму мы мала ведаем аб здароўі палітвязняў – і што рабіць
2023.04.28 17:41

belsat.eu

Стужка навінаў