Зэкі як быдла

Вадзім Храсько памёр у калоніі ПК-3 «Віцьба» у ноч з 8 на 9 студзеня ад пнеўманіі. Што павінна адбыцца, каб 50-гадовы мужчына памёр ад гэтага цалкам вылечнага захворвання, будучы на волі? Яго трэба не лячыць. Спадзявацца, што «само пройдзе» і такія смерці (за выключэннем перыяду COVID-19) уласцівыя прадстаўнікам зусім ужо маргінальных слаёў насельніцтва. І што павінна адбыцца, каб ад такога захворвання памёр чалавек, які ўжо дзевяць месяцаў знаходзіўся ў зняволенні, а значыць, пад штодзённым кантролем лекараў?

Папраўчая калонія №3. Віцьба, Беларусь. Крыніца: wikimapia.org

Пражыўшы больш за 22 месяцы ў СІЗА («Амерыканка» і «Валадарка») ды амаль тры гады ў той самай ПК-3, я маю падставы гэта сцвярджаць. Справа ў тым, што ў тых жа СІЗА адбываецца штодзённы абыход дзяжурнага афіцэра і чалавек, які адчувае сябе дрэнна, мае магчымасць альбо трапіць у гэты ж дзень да тэрапеўта (СІЗА КДБ), альбо чакаць наведвання мясцовага «эскулапа» (СІЗА-1 па вуліцы Валадарскага). Там немагчыма прапусціць пнеўманію альбо нейкае іншае захворванне, якое сур’ёзна пагражае здароўю. Пры гэтым практыка ў гэтых СІЗА, вядома ж, адрозніваецца, і на «Валадарцы» даводзілася быць настойлівым. Але без медычнай дапамогі там не пакідалі.

Hавiны
Дапамогі не дачакацца. Што вядома пра месца, дзе памерлі два палітвязні за восем месяцаў
2024.01.17 15:38

Што ж тычыцца ПК-3, то ў ёй сітуацыя некалькі іншая. Не, паводле усталяваных дзяржаўных нормаў, асуджаным, якія адбываюць пакаранне, павінна быць прадстаўлена паўнавартаснае дзяржаўнае медычнае абслугоўванне. Ніякіх адрозненняў ад грамадзянскіх медычных установаў быць не павінна. Але на практыцы логіка існавання кіраўніцтва мясцовай санчасткі дакладна апісваецца яшчэ савецкай формулай: «Вас шмат, а я адна». І нас (іх) сапраўды, шмат.

Колькасны склад калоніі, за час майго знаходжання, вагаўся ад 1000 да 1500 чалавек, а назіраць і лячыць іх павінны былі літаральна адзін урач-тэрапеўт, урач-псіхіятр і нейкая колькасць медсясцёр. Усе астатнія спецыялісты былі «часам прыходзячымі».

Асобная гісторыя, асобны боль – гэта стаматалогія. Медычны кабінет, цалкам прыстойна абсталяваны, у калоніі маецца, але вось лекар… Спачатку ён працаваў там на паўстаўкі і чэргі ўжо былі велізарныя, а потым ён звольніўся і чарга да віцебскага спецыяліста, які прыязджае на пару гадзін на тыдзень, расцягнулася на тры-чатыры месяцы. Да стаматолага. Ацаніце задавальненне пахадзіць тыдняў 16 з зубным болем. Вынікам такога стану спраў з’яўляліся, вядома ж, чэргі ды зусім наплявацельскае стаўленне лекараў да здароўя даручанага іх клопатам кантынгенту.

Яскравым прыкладам было фактычнае давядзенне да смерці (на маіх вачах) аднаго асуджанага па «карупцыйным» артыкуле пенсіянера падчас таго самага COVID. Трэба адзначыць, што пару месяцаў калонія спрабавала адмаўляць само існаванне дадзенага захворвання – не дыягнаставалі і не лячылі, не заўважалі. І вось, няшчасны грамадзянін тройчы,пры дапамозе спачуваючых таварышаў, даходзіў да лекара, дзе дзеля шчасця атрымліваў пару таблетак парацэтамолу ды адбываў пакутаваць далей. На трэці раз да яго паставіліся ўжо сур’ёзна – выклікалі хуткую з грамадзянскага шпіталю. Праваляўшыся пару тыдняў у грамадзянскай віцебскай рэанімацыі, чалавек усё ж выжыў, на здзіўленне навакольных.

Автомобиль скорой помощи, неотложка
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Але не ўсім так шчасціла, і іншы асуджаны, адчуўшы сябе няладна на прамзоне падчас працоўнага дня, паспрабаваў самастойна прарвацца праз КПП у медчастку са скаргамі на здранцвенне левага боку цела. І быў пасланы кантралёрам… назад на працоўнае месца – маўляў, не паложана. На гэтым жа месцы мужчына праз некаторы час і ўпаў. Ад КПП да медчасткі ўсяго метраў 150, але не дабеглі лекары, не выратавалі. Ці пакаралі кагосьці? Не, вядома ж! Замялі справу.

Вось такое свядомае, штодзённае, наплявацельскае стаўленне да здароўя беларусаў, якія з’яўляюцца цалкам паўнавартаснымі грамадзянамі самай сацыяльна арыентаванай дзяржавы ў свеце. Я хацеў бы звярнуць асаблівую ўвагу чытача на тое, што нічога не робіцца спецыяльна, свядома, накіравана. Гэта можна было б неяк патлумачыць. Але практыка гэтай абыякавасці распаўсюджваецца на ўсіх, без якога-небудзь сартавання. І людзі паміралі, паміраюць, ды будуць там паміраць. Але ж не толькі там, і не толькі людзі.

Як ні спрэчна будзе гучаць гэты тэзіс, але бессэнсоўныя ды зусім неабавязковыя смерці людзей у зняволенні выклікаюць у мяне прамыя асацыяцыі з такімі ж нічым не абгрунтаванымі смерцямі быдла ў беларускіх калгасах. І за год гэтых смерцяў набіраецца каля 120 000!

І тыя, і другія паміраюць праз поўную абыякавасць адпаведных таварышаў да сваіх абавязкаў. Абыякавасць, узведзеную ў ранг дзяржаўнай палітыкі, ідэалогіі. І ў гэтай абыякавасці сутнасць сённяшняй беларускай дзяржавы.

Інтарэсы асобы не маюць значэння, яны другасныя, ці нават трацічныя пасля інтарэсаў такой ілюзорнай сутнасці як «дзяржава», або купкі зусім амаральных грамадзянаў, наменклатуры, якая хаваецца за гэтым гучным словам, якая чамусьці вырашыла, што каштоўнасць насельніцтва, перададзенага пад яе клопаты, не перавышае каштоўнасці гэтага самага быдла. Ну вось яны так вырашылі.

Але дзяржавы не існуе. Людзі– ёсць, разам альбо паасобку. Але дзяржава – проста сэрвіс, функцыя, неабходная для абслугоўвання людзей, і не больш за тое. Няма ў яе ніякай іншай, самастойнай прычыны для існавання.

Развілка менавіта ў гэтай кропцы. У адзін бок пойдзеш – натыкнешся на нешта пластмасавае, ілжывае і зусім абыякавае да жыцця ды смерці. Накіруешся ў іншы, і… А вось у іншы мы з вамі яшчэ не хадзілі – не паспелі, не было ў нас гэтага досведу пабудовы дзяржавы вакол інтарэсаў чалавека, не давялося. Вельмі цікава, як яно там?

belsat.eu / Авер

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў