Мікалай Статкевіч не выключае, што прашэнне аб памілаванні напішуць за яго


Палітзняволены мяркуе, што пасля нядаўніх прапановаў Лукашэнкі «папрасіцца», такі варыянт ягонага вызвалення з турмы вельмі імаверны.

Пра гэта радыё «Рацыя» паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч, спаслаўшыся на ліст мужа: «Гэта звязана з апошнімі заявамі. У Міколы ўжо быў такі досвед, калі яму сапраўды пагражалі, што напішуць заяву ад ягонага імя».

Як піша Статкевіч, увосень 2011 года начальнік атраду прапанаваў яму напісаць заяву на імя кіраўніка калоніі з патрабаваннем вызваліць яго. Са словаў палітыка, яго папрасілі напісаць заяву па-беларуску.

Тады Статкевіч заяву напісаў, пераказаўшы ў ёй частку апошняга слова ў судзе, а таксама назваў прозвішча сапраўднага злачынца, замест якога ён сеў у турму. Заяву ён перадаў, асцерагаючыся мажлівай фальсіфікацыя «прашэння» ад ягонага імя.

Экс-кандыдат тады паабяцаў, што, выйшаўшы на волю, здолеў бы «пракаментаваць» такую фальсіфікацыю гэтак, каб не пакінуць уладам шанцаў захаваць твар. Пры канцы палітвязень патлумачыў, што піша ўсё гэта, «каб ні ў кога падобнай спакусы і цяпер не з’явілася».

ЮВ паводле радыё «Рацыя»

Стужка навінаў