Каб закупіцца ў «Auchan», не трэба будзе выязджаць за мяжу


Французская фірма плануе адкрыць свой першы гіпермаркет у Менску. «Auchan» стане першаю буйною гандлёваю сеткай, якая заінвестуе ў Беларусь.

З інфармацыі парталу Retailstudio.org вынікае, што ў беларускую сталіцу дзеля перамоваў прыязджалі прадстаўнікі фірмы «Auchan».

Французскіх інвестараў зацікавіла памяшканне ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Dana Mall», які яшчэ будуюць на праспекце Незалежнасці ў Менску ды будзе часткаю комплексу «Маяк Менску». У справах памяшкання прадстаўнікі «Auchan» кантактавалі з фірмаю «Zomex investment», якая ёсць забудоўнікам «Маяка Менску».

«У рэгіёне СНД Менск – найбуйнейшы горад пасля Масквы ды Санкт-Пецярбургу, дзе «Auchan» ужо прысутнічае. Традыцыйна гіпермаркеты «Auchan» займаюць плошчу прыблізна 20 тысячаў квадратных метраў, але ў нашым гандлёвым цэнтры яны разглядаюць памяшканні больш сціплага фармату – прыблізна 5-7 тысячаў квадратаў», – паведаміў Гэры Бэраўз, намеснік дырэктара кампаніі «Zomex investment».

Неафіцыйна мяркуюць, што першы ў Беларусі гіпермаркет «Auchan» адкрыюць у красавіку 2015 года.

Хоць крамаў «Auchan» і не было дасюль у Беларусі, гэтая сетка вядомая ў нашай краіне. Шмат беларусаў выязджаюць у Польшчу, каб наведаць краму менавіта гэтай сеткі.

У сярэдзіне студзеня Мытная служба ў Беластоку падала, што толькі праз памежныя пераходы ў Падляшскім ваяводстве больш за 300 тыс. беларусаў вывезлі летась з Польшчы тавараў на агульную суму прыблізна Pln 1 млрд (каля $ 333 млн). Беларусы ў Польшчы набываюць пераважна бытавую электроніку і тэхніку ды харчы, якія нашмат таннейшыя, чымся ў Беларусі.

КР, belsat.eu, паводле wyborcza.biz, retailstudio.org

Стужка навінаў