«Таямніцы» свіной чумы: прыватных свіней пазабівалі, дзяржаўных – гадуюць


На Віцебшчыне, дзе выявілі свіную чуму, дзее забарона гадаваць свіней цягам 3 гадоў у хатніх гаспадарках, а таксама застаецца каранцін на дзяржаўных жывёлагадоўчых фермах. Але толькі цяпер сталі відавочныя падвойныя стандарты, якімі суправаджалася барацьба з эпідэміяй, і беззаконне ў дачыненні вяскоўцаў.



Даведайцеся больш з праграмы «Рэпартэр», якую можна паглядзець на «Белсаце», а таксама падчас онлайнавай трансляцыі на нашай старонцы кожны чацвер а 20:30. Выданні праграмы дасяжныя ў нашым архіве.

{movie}«Таямніцы» свіной чумы: прыватных свіней пазабівалі, дзяржаўных — гадуюць |right|14057{/movie}

Праваабаронца Мікалай Петрушэнка з Аршанскага раёну набыў сабе парсюка, хоць насамрэч той быў яму непатрэбны. Мужчына паставіў жывёліну ў хляўчук і пазваніў у сельсавет, што, нягледзячы на забарону, трымае парсюка і чакае штрафу. Пакараць жа спадара Петрушэнку не могуць, бо на гэта няма юрыдычнай падставы. «Пужаюць нашых вяскоўцаў, што нельга трымаць парсюкоў, але гэта вялікі-вялікі падман. Сказалі б праўду: не патрэбен гэтай уладзе канкурэнт – свабодны ўласнік».

У вёсцы Стаўры ахвяраю кампаніі стала сям’я Макаравых. У іх забралі двое парсючкоў, хоць тыя былі цалкам здаровыя, мяркуе спадарства.

Валянціна Батурава з вёскі Нарэйкава распавяла, што мусіла забіць 20 свіней: «Вельмі цяжка было іх зліквідаваць, бо было лета і горача. А што было з гэтым рабіць? Па магчымасці рабілі тушонку, прадавалі людзям. Для нас гэта трагедыя. У нас больш за 20 тонаў засталося зерня. Куды яго падзець? Бульбы ляжыць тонаў 10–15».

У той жа час тысячы свіней трымаюць у свінакомплексе «Задняпроўскі» ля вёскі Загарадная. Змусіўшы прыватных гаспадароў парэзаць свіней, улады нічога не зрабілі з дзяржаўнымі жывёлінамі. «Вось наглядны прыклад двайных стандартаў», – кажуць мясцовыя жыхары.

«Паводле санітарна-ветэрынарных правілаў, свіней нельга трымаць у радыусе 5 км ад свінакомплексу. Дык сказалі б людзям пра гэта праўду! Але ж мясцовыя ўлады і на самым версе людзей толькі дураць і дураць, зразаюць пад корань канкурэнтаў свінагадоўлі», – падкрэсліў праваабаронца Мікалай Петрушэнка.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў