17-гадовая жыхарка Сочы распавяла, чаму дапамагла ФСБ выкрасці ўкраінца Паўла Грыба

video

Дзяўчына распавяла журналістам, што акцыя для выкрадання 19-гадовага сына ўкраінскага былога памежніка была адмыслова падстроеная і што ў Гомель яе (дзяўчыну) накіравалі пад шантажом.

Журналісты ТСН знайшлі дзяўчыну праз сацыяльныя сеткі. 17-гадовая жыхарка Сочы прызналася, што сапраўды запрасіла хлопца ў Беларусь. Працаўнікі ФСБ Расеі змусілі яе здаць знаёмага, бо яна таксама перабывае пад следствам. Дзяўчына распавяла: яна нібыта праходзіць паводле таго ж артыкулу, што і Павел, – тэрарыстычная дзейнасць.

«Усё было падстроена. Мяне туды шантажом накіравалі, у Беларусь. Мы ўздымалі такія тэмы, як нацыяналізм ці нешта падобнае. Ну, наагул і супраць мяне справа ўзбуджаная. Можна сказаць, што з-за размовы з ім тады і… Я вось пра гэта не магу распавядаць, таму што падпісала паперу аб неразгалошванні», – распавяла яна.

Павел Грыб паехаў у Беларусь 24 жніўня. Вядома, што мяжу ён пераадолеў без перашкод, а ў Гомлі яго след знік, і да сённяшняга дня нам да канца невядома, дзе ён знаходзіцца.

Сваякі 19-гадовага Паўла ўпэўненыя, што да ягонага знікнення датычныя расейскія спецслужбы. Бацька хлопца мяркуе, што затрыманне сына можа быць звязанае з актыўнасцю Паўла ў сацсетках.

Паводле Ігара Грыба, беларускія памежнікі заявілі, што не валодаюць інфармацыяй пра месцазнаходжанне ягонага сына. Пра тое, што сын знаходзіцца ў «спісах ФСБ» Ігар даведаўся ў адным з аддзяленняў гомельскай міліцыі, але інфармацыю аб затрыманні не пацвердзілі.

28 жніўня консул Украіны ў Менску ўжо заявіў, што Паўла няма сярод затрыманых у СІЗА Беларусі.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары