Расея задумала ўзарваць ядравую бомбу? Разглядае адмову ад забароны на ядравыя выпрабаванні


Дзяржаўная дума Расеі 17 кастрычніка прыняла ў першым чытанні законапраект аб адкліканні ратыфікацыі Дамовы аб усёабдымнай забароне ядравых выпрабаванняў, піша ТАСС.

Першы тэрмаядравы выбух. Атол Эніўэтак, Маршалавы астравы. 1 лістапада 1952 года.
Фота: CTBTO / Flickr

Ідэю адмовіцца ад забароны на ядравыя выпрабаванні 5 кастрычніка выказаў Уладзімір Пуцін – неўзабаве пасля скандальнай прапановы прапагандысткі Маргарыты Сіманьян узарваць тэрмаядравую бомбу над Сібірру, каб напужаць саюзнікаў Украіны.

Ужо на наступны дзень па заяве Пуціна спікер Дзяржаўнай думы Расеі Вячаслаў Валодзін расказаў, што ніжняя палата парламенту збіраецца абмеркаваць адкліканне ратыфікацыі адпаведнай дамовы. Гэтую Дамову аб усёабдымнай забароне ядравых выпрабаванняў Расея падпісала яшчэ за Барысам Ельцыным, але ратыфікавала ўжо за Пуціным – 30 чэрвеня 2000 года.

Аналітыка
Чаму Расея хоча выйсці з дамовы аб ядравых выпрабаваннях і прычым тут «Буравеснік»?
2023.10.07 08:21

Праўда, Пуцін (у адрозненне ад Сіманьян) не выказаўся менавіта за аднаўленне ядравых выпрабаванняў: маўляў, «цяпер не гатовы сказаць», трэба ці не трэба нешта ўзрываць. Ён заклікаў скасаваць забарону ў адказ на тое, што Злучаныя Штаты не ратыфікавалі дамову аб забароне ядравых выпрабаванняў (яе таксама не ратыфікавалі Ізраіль, Індыя, Іран, Кітай, Пакістан, Паўночная Карэя і іншыя, пра што Пуцін не згадаў).

Ды ў лютым 2023 года Пуцін заяўляў, што Расея правядзе ядравыя выпрабаванні, калі так зробяць ЗША, а Штаты, са словаў Пуціна, ужо «задумваюцца» пра такія выпрабаванні. Таму Пуцін яшчэ тады заклікаў «забяспечыць гатовасць» да ядравых выпрабаванняў.

5 кастрычніка Пуцін таксама заяўляў, што Расея правяла паспяховыя выпрабаванні міжкантынентальнай ракеты «Буравеснік» з ядравай энергетычнай усталёўкай, здольнай несці ядравую зброю. Пацверджанняў гэтаму не знайшлося.

Ці збіраецца Пуцін узарваць што-небудзь над Сібірру, ці не збіраецца, не вядома. Магчыма, калі ядравыя выпрабаванні адновяць, то не стануць узрываць нешта над населенымі раёнамі, а скарыстаюць стары ядравы палігон на востраве Новая Зямля і зладзяць падземны выбух.

Так ці іначай, Пуцін разам з Аляксандрам Лукашэнкам ужо зрабілі Беларусь мішэнню ў выпадку ядравай вайны: яны заяўляюць, што ў Беларусь даставілі расейскую ядравую зброю. Доказаў, што такую зброю прывезлі ў Беларусь, па-ранейшаму няма, але амерыканская выведка не бачыць падставаў сумнявацца ў тым, што прывезлі.

Hавiны
Расея заявіла, што не выведзе ядравай зброі з Беларусі, пакуль ЗША не прыбяруць сваёй з Еўропы
2023.10.06 10:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў