Улады Беларусі робяць мігрантаў больш уразлівымі да гандлю людзьмі


Беларускія ўлады падвышаюць рызыку гандлю людзьмі сярод мігрантаў, а таксама не расследуюць злачынствы прымусовай працы ў краіне, гаворыцца ў справаздачы Дзярждэпартаменту ЗША за 2023 год аб гандлі людзьмі, піша Reform.by.

Мігранты зараджаюць тэлефоны ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі». Гарадзенская вобласць, Беларусь. Лістапад 2021 года.
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

Дзярждэпартамент разглядае ў справаздачы міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай, створаны беларускімі ўладамі ў 2021 годзе як помста за палітыку Еўразвязу.

«Гэта значна падвысіла ўразлівасць мігрантаў да гандлю людзьмі, паколькі праваахоўныя органы не правяралі мігрантаў на наяўнасць прыкметаў гандлю людзьмі, а ў некаторых выпадках улады прымушалі мігрантаў спрабаваць незаконна перайсці мяжу. Гэтая дзейнасць працягвалася і ў 2022 годзе», – зазначаецца ў справаздачы.

Урад Беларусі «не цалкам адпавядае мінімальным стандартам па выкараненні гандлю людзьмі і не прыкладае значных высілкаў дзеля гэтага, нават улічваючы ўплыў пандэміі COVID-19 на ягоны патэнцыял па барацьбе з гандлем людзьмі», – лічаць аўтары даследавання.

Hавiны
«Прыйшлі беларускія сілавікі і збілі нас». Кубінскія мігранты захраслі ў лясах Беларусі
2023.06.11 10:26

Беларусь застаецца на трэцім узроўні разам з краінамі, у якіх адбываюцца злачынствы, звязаныя з гандлем людзьмі, такімі, як Афганістан, Камбоджа, Чад, Кітай, Куба, Іран, Нікарагуа, Расея, Сірыя, Туркменістан, Венесуэла. На ўрады краін на трэцім узроўні могуць быць накладзеныя абмежаванні ў замежнай дапамозе.

У справаздачы зазначаецца, што беларускі ўлад скараціў колькасць расследаванняў і судовых справаў, звязаных з гандлем людзьмі. Таксама апошнім часам выяўляецца і накіроўваецца ў адпаведныя службы менш ахвяраў гандлю.

«Паводле паведамленняў СМІ і НДА, улады працягвалі падвышаць уразлівасць мігрантаў да гандлю людзьмі, у тым ліку шляхам спрыяння ўезду ў Беларусь і далейшаму перасоўванню шматлікіх мігрантаў з трэціх краінаў і асобаў, якія шукаюць прытулку, якія прыбылі ў краіну ў рамках міграцыйнага крызісу, які спансараваўся дзяржавай, вяртаючы некаторых з гэтых мігрантаў у краіны паходжання без праверкі на прадмет гандлю людзьмі. Урад таксама не паведаміў пра праверку ўкраінскіх уцекачоў», – гаворыцца ў справаздачы Дзярждэпартаменту ЗША.

Таксама звяртаецца ўвага, што беларускі ўрад абмежаваў дзейнасць арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку арганізацыяў, якія аказвалі падтрымку ахвярам гандлю людзьмі, і не паведамляе пра правядзенне мерапрыемстваў па падвышэнні абазнанасці.

Hавiны
Памежная служба Літвы: Беларусь можа зноў выкарыстаць нелегальных мігрантаў падчас саміту NATO
2023.05.31 23:10

«Шосты год запар урад не паведамляе пра расследаванні і прад’яўленні абвінавачванняў у сувязі з незаконным наймам працаўнікоў мігрантаў», – сцвярджаюць аўтары даследавання і дадаюць, што ўжо чацвёрты год беларускія ўлады не прадстаўляюць інфармацыю пра расследаванні паводле арт.181-1 КК, які прадугледжвае адказнасць за выкарыстанне прымусовай працы.

Са спасылкай на праваабаронцаў зазначаецца, што палітвязні выконваюць абавязковую працу ў папраўчых установах Беларусі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў