Памежная служба Літвы: Беларусь можа зноў выкарыстаць нелегальных мігрантаў падчас саміту NATO


У Літве дапускаюць, што рэжым Лукашэнкі можа выкарыстоўваць нелегальных мігрантаў падчас Віленскага саміту NATO ў ліпені для дэстабілізацыі абстаноўкі. Пра гэта распавёў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамас Любаевас, піша Delfi.

Літоўска-беларуская мяжа. Пункт пропуску «Райгардас», Літва.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Падтрымліваем пастаянны кантакт са службамі выведкі і контрвыведкі, ацэньваем абстаноўку на дзяржаўнай мяжы. На сённяшні дзень мне б не хацелася называць нейкія канкрэтныя рызыкі. Адной з магчымых рызык, якія ўваходзяць у зону нашай адказнасці, ёсць выкарыстанне нелегальнай міграцыі з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі падчас правядзення падзеі», – заявіў Рустамас Любаевас.

Кіраўнік памежнай службы запэўніў, што сітуацыя на мяжы застаецца пад бесперапынным наглядам і кантролем.

«Ёсць імавернасць, што рэжым Лукашэнкі і ягоныя паплечнікі паспрабуюць выкарыстаць гэтую зброю супраць нас, арганізуючы выштурхоўванне нелегальных мігрантаў на нашу тэрыторыю або да падзеі, ало падчас яе. Гэта пакуль такая магчымая інфармацыя. Імаверна, што гэта можа быць скарыстана», – дадаў Любаевас.

Раней паведамлялася, што Літва падчас саміту NATO ў Вільні збіраецца часова вярнуць памежны кантроль на мяжы з Латвіяй і Польшчай.

Саміт NATO ў Вільні плануецца на 11–12 ліпеня. Аб сваім магчымым удзеле ў ім згадваў і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У сувязі з правядзеннем саміту ўводзяцца дадатковыя захады бяспекі, у тым ліку ў краіне будуць разгорнуты дадатковыя ЗРК «Patriot».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў