Маці палітыка атрымала афіцыйнае паведамленне пра ягоную смерць. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Аляксея Навальнага Кіра Ярмыш.
«Аляксей Навальны забіты», – напісала Кіра Ярмыш.
Маці палітыка атрымала афіцыйнае паведамленне ад Федэральнай службы выканання пакаранняў, у якім гаворыцца, што Аляксей памёр 16 лютага ў 14:17 паводле мясцовага часу (12:17 паводле маскоўскага часу). Супрацоўнік калоніі заявіў, што цела Навальнага знаходзіцца ў Салехардзе.
«Сёння ноччу ў Салехард вылецелі адвакат і маці Аляксея, каб атрымаць афіцыйнае пацверджанне смерці. Яны прыехалі да калоніі аб 11-й гадзіне раніцы па мясцовым часе, іх папрасілі пачакаць гадзіну. Яны прачакалі дзве, пасля чаго да іх выйшаў супрацоўнік калоніі і заявіў, што цела Аляксея Навальнага знаходзіцца ў Салехардзе. Яго забралі следчыя СК. Цяпер яны праводзяць з ім «даследаванні«. Пасля гэтага маці была ўручаная тэлеграма, адрасаваная ёй, дзе паведамлялася аб смерці Аляксея. Мы працягваем чакаць афіцыйнага заключэння аб смерці і выдачы цела. І мы патрабуем, каб цела Аляксея Навальнага было выдадзена ягонай сям’і неадкладна», – распавяла Кіра Ярмыш.
Пра тое, што Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, дзе адбываў 19-гадовы тэрмін пакарання, 16 лютага паведаміла мясцовае ўпраўленне федэральнай службы выканання пакарання (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі. Міжнародныя і беларускія дэмакратычныя лідары ўсклалі адказнасць за смерць палітыка на расейскія ўлады. На апошнім відэа за дзень да смерці Навальны выглядаў бадзёрым. Палітык правёў у расейскай турме тры гады.
Марыя Міхалевіч belsat.eu