Беларусы больш не віншуюць з «Ражджаством»?


«Белсат» зазірнуў у менскія крамы ды аддзяленні пошты, каб даведацца, як могуць павіншаваць з Калядамі і Новым годам сваіх сяброў ды блізкіх тыя, хто хоча гэта зрабіць па-беларуску.

Высветлілася, што калядныя беларускамоўныя паштоўкі набыць можна, аднак далёка не паўсюль. Пераважаюць усё ж паштоўкі на расейскай мове.

Цікава, што сёлета, у параўнанні з папярэднімі гадамі, не знайшлося ніводнага віншавання «З Ражаством!» ці «З Ражджаством!».

«Мне больш прыемна, калі віншуюць на сваёй, роднай мове», – сказала жанчына, што выбірала паштоўкі каля стэнду з назваю «Беларускія паштоўкі» на Менскім галоўным паштамце. Стэнд гэты, дарэчы, – адзіны сярод чатырох з расейскамоўнымі паштоўкамі.



Паштоўкі на беларускай мове ў галерэі “Ў”. Фота belsat.eu

«Мне вельмі падабаецца па-беларуску, – заўважыла яшчэ адна сталая пакупніца. – Некаторыя кажуць – незразумела. Але я лічу, калі ты пражыў жыццё ў Беларусі, ты павінен ведаць беларускую мову. Я зараз купляю паштоўкі, каб павіншаваць родных у Расеі. Але і яны таксама з радасцю атрымліваюць паштоўкі на беларускай мове, і разумеюць яе».

Іншая жанчына сказала, што ёй усё роўна, на якой мове віншаванне, – яна выбірае, каб карцінка была прыгожая.



Прадаўцы на пошце адзначаюць, што не сочаць асабліва за тым, якія паштоўкі набываюцца больш – бяруць падпісаныя і па-расейску, і па-беларуску.

Беларускія каталікі, відаць, з Калядамі віншуюць па-польску – у кіёску Менскага Архікатэдральнага касцёлу знайшлася толькі адна непрыкметная беларуская паштоўка сярод дзясятка відаў па-польску.

Набыць арыгінальную паштоўку дызайнерскай працы на беларускай мове з цікавым афармленнем і зместам можна ў краме галерэі «Ў». Прадаўцы тут кажуць, што беларускамоўныя паштоўкі карыстаюцца попытам, але тлумачаць гэта асаблівым кантынгентам наведнікаў крамы.

А вось у кіёсках «Белсаюздруку» адшукаць калядных паштовак на роднай мове не атрымалася. Нехта з прадаўцоў адзначыў, што не замовілі, а нехта – што не патрэбныя, і ніхто пра іх не пытае.

Раство, Ражджаство ці Каляды? Як правільна падпісаць паштоўку па-беларуску?

Яшчэ летась часта сярод паштовак, падпісаных па-беларуску, можна было спаткаць віншаванне з «Ражджаством!». Нейкі час таму Таварыства беларускай мовы вяло ліставанне з Міністэрствам сувязі і інфарматыкі, каб паштоўкі гэтак не падпісвалі, бо гэта не мае нічога супольнага з сапраўднаю назваю свята. Слова «Ражджаство», аднак, бараніла праваслаўнае духавенства.



Фота: gazetaby.com

Кіраўнік моўнае службы «Белсату» Зміцер Саўка сцвярджае, што «Ражджаство» – гэта спроба беларусізаваць царкоўнаславянізм. На фоне існавання народнае формы Раство, «Ражджаство» выглядае як штучны канструкт».

Паводле спадара Саўкі, калі мы хочам слушна павіншаваць некага па-беларуску, варта ўжываць слова Каляды: «Каляды – універсальная назва, якая пакрывае ўсю калядніцу – перыяд ад каталіцкіх Калядаў да праваслаўных, а яшчэ і Новы год захоплівае! І не нясе на сабе канфесійнае пазнакі, а значыць, служыць аб’яднанню беларусаў – без падзелу на каталікоў і праваслаўных». Калі ж нехта хоча павіншаваць адмыслова з рэлігійным святам, то найлепш ужыць народную форму – «Раство». «Мы маем галоўную крыніцу лексікі – народную мову. І трэба гэтаю крыніцаю карыстацца», – зазначыў мовазнаўца.

Шмат хто ў сувязі з каляднымі святамі шукае густоўныя паштоўкі. Для тых, хто хоча павіншаваць сваіх сяброў ці родных з Калядамі, «Белсат» прапаноўвае адмысловыя віншавальныя карткі. Іх можна надрукаваць і даслаць звычайнаю або, у нагу з часам, электроннаю поштаю.

Марына Маўчанава, Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў