У Менску будуць судзіць за пікет салідарнасці з украінскімі пратэстоўцамі


Суд чакае грамадскага актывіста Іллю Дабратвора. Учора міліцыянты дапытваліся ў жонкі, чаму мужа няма ў хаце. Актывісту пагражае да 15 содняў арышту.

9 снежня каля 20-й гадзіны дахаты да грамадскага актывіста Іллі Дабратвора прыйшла міліцыя. Працаўнікі Цэнтральнага РУУСу Менску склалі пратакол апытання. У жонкі, якая была дома з пяццю малалетнімі дзецьмі, міліцыя выпытвала, чаму мужа няма ў хаце.

Праваахоўнікі хацелі ведаць, дзе муж быў 30 снежня, калі адбываўся пікет салідарнасці з Еўрамайданам. Перадалі для Дабратвору позву ў цэнтральны РУУС.

Сёння Дабратвор прыйшоў у Цэнтральны РУУС, дзе на яго склалі адміністратыўны пратакол. Яго абвінавачваюць паводле артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу: парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў – за пікетаванне амбасады Украіны, калі актывісты руху салідарнасці «Разам» перадалі ўкраінскім уладам пратэст у сувязі з разгонам Майдану.

У каментары радыё «Свабода» актывіст адказаў на пытанне, чаму ўлады толькі цяпер, праз 11 дзён пасля акцыі, спахапіліся: «Справа ў тым, што ўчора пачаўся разгон Януковічам Еўрамайдану, і ўлады вырашылі далучыцца. Бо іх вельмі абурыла падтрымка беларусамі ўкраінцаў, менавіта Еўрамайдану. Тады яна не затрымлівалі, чакалі, што будзе ва Украіне. Калі б Януковіч сышоў у адстаўку, то пратаколу не было б. Бо Лукашэнку трэба было б з новымі ўладамі працаваць, як інакш?”

Імаверна, разгляд справы адбудзецца заўтра ў судзе Цэнтральнага раёну.

ЮВ, паводле charter97.org, svaboda.org

Стужка навінаў