Затрымалі маладзёна, які «зарабляў», называючыся КДБшнікам


Фальшывы супрацоўнік беларускага КДБ стаўся фігурантам 6 крымінальных справаў.



Праваахоўнікі выявілі на цяперашні момант больш за 20 эпізодаў махлярства, што ўчыніў мужчына. Сума страты паводле гэтых справаў перавышае $ 30 тыс. Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў адносінах гэтага грамадзяніна ўзбудзіў 6 крымінальных справаў (ч. 1 і ч. 2 арт. 209 Крымінальнага кодэксу Беларусі – махлярства).

22-гадовы маладзён быў у міждзяржаўным вышуку. Называючыся супрацоўнікам спецыяльнага падраздзялення КДБ Беларусі ды намеснікам начальніка фонду афіцэрскага жылля, малады мужчына пад выдуманым імем прапаноўваў беларусам за пэўную плату паспрыяць у будаўніцтве жылля і набыцці кватэраў у Менску.



У хадзе расследавання ўсталявалі, што ў некаторых выпадках, падаючы сябе за выхадца з Беластоку і ўдзельніка баявых дзеянняў на тэрыторыі шэрагу краінаў Блізкага Усходу, маладзён прапаноўваў грамадзянам Беларусі свае паслугі ў набыцці аўтатранспартных сродкаў. Рабіў ён гэта зусім не бясплатна.

Зламысніка змясцілі ў СІЗА КДБ, а расследаваннем заняўся Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

МЯ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў