Доўгая дарога ў Сусветную гандлёвую арганізацыю


Прадаваць сваю прадукцыю свабодна і набываць імпартнае за меншыя кошты – дзеля гэтага партнёры Беларусі з Мытнага саюзу вырашылі ўвайсці ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Беларусь жа фактычна замарозіла працэс далучэння да яе. Хоць летась урад і аднавіў перамоўны працэс з СГА, рэальных зрухаў за год так і не адбылося. Чаму?
{movie}Вымушаны саюз? (19.11.2013) |right|13369{/movie}
Беларуская дарога да Сусветнай гандлёвай арганізацыі расцягнулася на доўгія дваццаць гадоў. Заяўку на ўступленне падалі яшчэ ў 1993-м, аднак на рашучы крок да збліжэння ўлады Беларусі дагэтуль не наважыліся. І калі факт далучэння – усяго толькі пытанне часу, на тое, як пройдзе гэты працэс, усё яшчэ можна паўплываць. Прынамсі так лічаць удзельнікі варшаўскай канферэнцыі, прысвечанай далучэнню Беларусі да СГА.

Як паказвае міжнародны досвед, чалецтва ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі мае як плюсы, так і мінусы. Таму важна правільна правесці падрыхтоўчы этап і вызначыць шэраг важных пазіцыяў, якія б улічвалі інтарэсы як нацыянальных прадпрыемстваў, так і насельніцтва. Аднак праблема Беларусі нават не ў гэтым. Удзельнікі канферэнцыі, прысвечанай перспектывам Беларусі ў СГА, звярталі ўвагу на іншае.

ЖАРЖЭТА МІНКУ, ЦЭНТР САЦ.-ЭКАНАМ. ДОСЛЕДАЎ, МАЛДОВА: “Я не бачу моцнай палітычнай волі для ўступлення ў СГА. Урад мусіць ініцыяваць і падтрымаць падрыхтоўчыя тэхнічныя моманты з дакументацыяй, мае быць заахвочаны прыватны сектар, а таксама маюць асвятляцца ў медыях гэтыя пытанні. Нічога з гэтага няма”.

І тое не дзіўна, бо пры сённяшняй эканамічнай мадэлі поспех ад уступлення ў СГА – малаверагодны, а вось рызыкі – высокія. Прадукцыя збольшага не канкурэнтаздольная, вытворчасць патрабуе мадэрнізацыі. І хоць на мінулым тыдні кіраўнік краіны яшчэ раз заявіў, што краіна ўжо “адною нагою ў СГА”, паводле дакументаў, якія на канферэнцыі прадэманстравалі прадстаўнікі арганізацыі, сітуацыя зусім іншая.

КАРЛАС ВЭРДЭХА, КААРДЫНАТАР СГА: “Насамрэч беларускі бок падрыхтаваў для нас вось гэтыя паперы, які датычаць толькі шматбаковых гандлёвых дамоваў. Аднак наконт двухбаковых – нічога няма. Таму не хапае дакументацыі”.

Тым не менш, Беларусі нічога іншага не застаецца, як актывізаваць перамовы. Хоць не дагнаць нам нават двух астатніх чальцоў Мытнага саюзу. Расея – чалец СГА ўжо год. Праз год плануе ўступіць у арганізацыю Казахстан. Да таго ж ужо цяпер услед за Масквою Беларусь таксама вымушаная выконваць некаторыя ўмовы ў межах СГА, а вось яе перавагамі скарыстацца не можа. Да таго ва ўмовах гандлёвай ізаляцыі нам пагражае…

ГЕОРГІЙ БАДЗЕЙ, САЮЗ ПРАДЫПРМАЛЬНІКАЎ І НАЙМАЛЬНІКАЎ: “Неканкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў на замежных рынках. З аднаго боку, беларускія тавары будуць абмяжоўвацца мытам на сусветных рынках, з другога – з боку Расеі сусветны рынак можа прыйсці ў Беларусь”.

На меркаванне экспертаў, уступленне ў арганізацыю – не толькі шанец стаць паўнапраўным суб’ектам працэсаў сусветнай эканомікі, замест цяперашняй пасіўнасці. Гэта таксама нагода і неабходнасць правесці рэформы, якія б павялічылі шанцы аздараўлення эканомікі. Але апошняе слова за ўладамі.

ЯН ЯКУБ МІХАЛЭК, ПРАФЕСАР ЭКАНОМІКІ, ПОЛЬШЧА:
“Або ўлады разумеюць, што гэта слушны кірунак развіцця, і таму гэтак робяць. Або эканоміка ўпіраецца ў пэўны бар’ер, якога не можа самастойна пераадолець. І тады ўжо крызіс змушае пайсці на рэформы”.

Аднак тады можа быць ужо запозна. Два гады таму Беларусь ужо перажыла адзін крызіс, і ці здолее яна рэфармавацца пад ціскам новых цяжкасцяў – вялікае пытанне.

Вольга Саўле, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў