«Кветкі да помніка рэпрэсаваным? Мы не вольныя такія рэчы рабіць, мы – твар гораду»


Бабруйскія актывісты зладзілі адмысловую акцыю каля помніку ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Яны прапаноўвалі мінакам ускласці кветкі. Людзі рэагавалі па-рознаму. Большасць нават не ведала, што ў Бабруйску ёсць такі памятны камень.



На пытанне «Якія помнікі ў Бабруйску вы ведаеце?», у першую чаргу, можна было пачуць: помнік Леніну. Потым ішоў пералік ваенных ушанаванняў. Людзі вельмі здзіўляліся, што ў Бабруйску ёсць помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Школьнікі ды моладзь нават не ведалі, хто такія рэпрэсаваныя, і з цікавасцю слухалі аповед пра тое, што адбывалася на нашай зямлі ў 30-я гады мінулага стагоддзя.

На прапанову ўшанаваць памяць пацярпелых бабруйцы рэагавалі станоўча: клалі кветкі, запальвалі знічы. Некаторыя падоўгу стаялі каля каменя.

Адмовіліся ўскласці кветкі працаўнікі Бабруйскага краязнаўчага музею, што якраз ішлі з працы праз сквер, дзе стаіць помнік. Сваю рэакцыю яны патлумачылі тым, што не ведаюць, якія могуць быць наступствы: «Калі б гэта было з ведама дырэктара. А гэтак не можам. Мы не вольныя такія рэчы рабіць, мы – твар гораду».

«Бабруйцы не ведаюць гэтага помніку, моладзь ці то не ведае, ці то забывае гісторыю, што ў школе вучыць. Таму мы пастанавілі паразмаўляць з людзьмі, – распавяла Галіна Смірнова, арганізатарка акцыі. – Людзі кожны дзень праходзяць міма помніку і не заўважаюць яго ці мяркуюць, што гэта помнік закатаваным жыдам. Трэба часцей такія акцыі рабіць, каб людзі ведалі. Калі чалавек паставіў свечку каля помніку ці ўсклаў кветку, гэта застанецца ў ягонай памяці, і гэты помнік ужо не будзе для яго проста каменем. Раблю гэта таксама і таму, што рэпрэсіі закранулі і маю сям’ю, маёй бабулі».

Помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў усталявалі ў Бабруйску ў 1998 годзе з ініцыятывы бабруйскага аддзялення Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і асабіста яе тагачаснай намесніцы Ганны Бакач. Першапачаткова планавалася паставіць капліцу, але гарадскія ўлады далі дазвол толькі на памятны знак у выглядзе каменя з надпісам «Бабруйчанам – ахвярам беспадстаўных рэпрэсіяў». Як быццам рэпрэсіі могуць мець пад сабою падставу…

ММ, belsat.eu

Стужка навінаў