Дэпутаты парламента Казахстану прагаласавалі за папраўкі ў Канстытуцыю, якія, сярод іншага, мяняюць назву сталіцы на Астана. З сакавіка 2019 года горад называўся Нурсултан у гонар былога прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева. Такое рашэнне было прынятае 16 верасня на пазапланавым паседжанні абедзвюх палат казахскага парламента, паведамляе радыё «Азаттык».
Таксама парламент Казахстану прыняў папраўкі, паводле якіх прэзідэнцкі тэрмін у краіне будзе павялічаны з пяці да сямі гадоў. Аднак пры гэтым прэзідэнт не зможа пераабірацца на другі тэрмін.
Цяпер папраўкі павінен падпісаць дзейны кіраўнік дзяржавы Касым-Жамарт Такаеў.
Раней прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў сам выступіў з ініцыятывай правесці сёлета датэрміновыя прэзідэнцкія выбары і ўстанавіць для прэзідэнта аднаразовы сямігадовы тэрмін. Ён таксама планаваў узяць удзел у гэтых выбарах.
Алена Рувіна belsat.eu