Фінальны акорд «калійнай вайны»


«Калійная вайна» ўсё бліжэй фіналу. Нечакана генеральнага дырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера перавялі з СІЗА КДБ у адмыслова знятую камітэтчыкамі кватэру ў Менску. Прычым адбылося гэта ўначы, літаральна за колькі гадзінаў да візіту Уладзіміра Пуціна ў Беларусь, дзе разам з Аляксандрам Лукашэнкам ён назіраў за стратэгічнымі вучэннямі «Захад-2013».
{movie}Дэманстрацыя перамогі (26.09.2013) |right|12645{/movie}
У апошні дзень вучэнняў «Захад-2013» прэзідэнты Расеі і Беларусі спачатку абдымаліся, а потым разам з Колем Лукашэнкам назіралі, як бамбуе ўмоўных тэрарыстаў супольнае войска. Спачатку на Гожскім палігоне на Гарадзеншчыне, дзе, на сцэнар манеўраў, калона баевікоў спрабавала абысці расейскі блокпост. А потым разам паляцелі на пуцінскім самалёце пад Калінінград, дзе беларускія войскі высаджваліся на балтыйскі бераг з расейскага дэсантнага карабля. Такая карцінка – бальзам на душу любога, хто сумуе па савецкай імперыі.

ЛЕАНІД МАЛЬЦАЎ, ДЗЯРЖСАКРАТАР РАДЫ БЯСПЕКІ БЕЛАРУСІ:
«Адная з найважнейшых мэтаў вучэнняў – удасканаленне сістэмы кіравання».

Аднак вайна вайною, а ўсе сочаць за справаю «Уралкалію». Сёння гендырэктара кампаніі перавялі з «амерыканкі» на таямнічую кватэру КДБ, дзе пад наглядам аховы пусцілі да Уладзіслава Баўмгертнера маці і адваката.

АДВАКАТЫ У. БАЎМГЕРТНЕРА:
«Выглядае ён добра, скаргаў ніякіх не выказваў. Прынамсі цяпер».

Паводле Следчага камітэту, усе неадкладныя следчыя дзеянні завершаныя. З моманту арышту Баўмгертнера прайшоў роўна месяц.

АЛЯКСАНДР СУРЫКАЎ, АМБАСАДАР РАСЕІ Ў БЕЛАРУСІ:
«Вылучаецца ў межах справы «Уралкалію», да якой адносіцца і генеральны дырэктар спадар Баўмгертнер, частка справы, звязаная з магчымымі парушэннямі заканадаўства РФ. І гэтая частка справы перадаецца ў вядзенне Генпракуратуры РФ для далейшага расследавання».

Аднак справа тут зусім не ў прыездзе Пуціна ў Беларусь, кажа палітолаг Кірыл Коктыш. Пасля таго, як найбуйнейшы акцыянер «Уралкалію» – Сулейман Керымаў – пагадзіўся прадаць свой пакет акцыяў, Баўмгертнер стаў дробнаю фігураю, якога не шкада аддаць на радасць піяршчыкам. А Пуцін за ўвесь час калійнага канфлікту не ўмешваўся.

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА:
«Гэта быў канфлікт не Расеі і Беларусі, гэта быў канфлікт паміж расейскім прадпрымальнікам і Беларуссю, да якога Крэмль не меў аніякага дачынення, прынамсі, у самым пачатку».

За Сулеймана Керымава ўвесь час заступаўся Дзмітрый Мядзведзеў і ягонае атачэнне. Але Акела Керымаў прамахнуўся яшчэ раней, кажа Аляксандр Класкоўскі. Калі расейскі алігарх абвальваў рынак угнаенняў, ён не разлічыў, што Менск можа пайсці на грубую гульню.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
«Канкурэнцыя, суперніцтва паміж пуцінскімі і мядзведзеўскімі людзьмі працягваецца, а паколькі ў Крамля большая вагавая катэгорыя, то пуцінскія перамагаюць. І ў пэўнай ступені Лукашэнка атакаю на Керымава, магчыма, людзям Пуціна і падгуляў».

І цяпер людзі Пуціна – алігархі і чыноўнікі – у розных формах гандлююцца з Керымавым наконт таго пакету акцыяў.

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА:
«Відавочна, што гэта будзе нехта даволі блізкі да прэзідэнта, да прэзідэнцкай каманды. І гэты бізнес будзе пад асабістым кантролем таго ж прэзідэнта».

Адносіны між Пуціным і Лукашэнкам перажылі чарговы крызіс. Вымушанае сяброўства працягнецца, бо больш няма з кім сябраваць.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
«Гэта як вясковыя п’яніцы. Яны сёння нап’юцца, адзін адному пысы таўкуць, а назаўтра зноўку будуць разам піць і цалавацца».

З пункту гледзішча піяру Лукашэнка цяпер «на кані». Расеі прадэманстравалі гатовасць абараняць межы, беларусам паказалі, як Пуцін прылятае прасіць за Баўмгертнера. Праўда, ёсць маленькае эканамічнае пытанне… Дык як цяпер прадаваць калійную соль?

Марцін Ярскі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў