Як змяніўся стары цэнтр Горадні за 100 гадоў? (Фота)


Як выглядае сучасная Горадня з ракурсу фатографаў стогадовай даўніны, высвятляў «Белсат».

Наш фотакарэспандэнт зрабіў здымкі відаў гораду з тых самых ракурсаў, якія абіралі для старых паштовак. На большасці паштовак, якія мы знайшлі , можна ўбачыць вуліцу Ажэшкі, якая раней мела назвы Раскоша, Садовая, Мураўёўская. Тут ажно пяць пунктаў, аблюбаваных фатографамі былых часоў. Гэта месца перасячэння з вуліцаю Савецкай побач з будынкам “Беларусбанку” і некалькі ракурсаў далей у бок чыгуначнага вакзалу: побач з кафэ “Горадня” і будынкам аблвыканкаму, скрыжаванне з вуліцаю Сацыялістычнай, дом-музей Элізы Ажэшкі, а таксама некалькі відаў Пакроўскага сабору.

Зразумела, што адным з турыстычных брэндаў гораду заўсёды быў Фарны касцёл. Часта на старых відах з’яўляліся Кірха і гарадскі парк, або т. зв. Швейцарская даліна (сёння – парк імя Жылібера).

Вуліца Савецкая, якая раней мела назвы Віленская, Саборная, Дамініканская, на здабытых намі паштоўках сустракаецца двойчы. Між іншага, месца пераходу ў вуліцу Ажэшкі з відам на кавалак брукаванкі побач з гандлёвым домам “Нёман” і ракурс з боку плошчы Савецкай (раней – Гандлёвая (Рынак), Ратушная, Парадная, Саборная, Баторыя).

Радзей трапляюцца старыя паштоўкі з выяваю маёнтка Станіславова, сёння будынак тамтэйшага палацу займае Гарадзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.

Шмат якія будынкі, не бачныя на паштоўках, не захаваліся. Няма на іх палацу Радзівілаў, фундаменты якога – пад сённяшняю Савецкаю плошчаю, узарванай Фары Вітаўта, разбуранай дзеля пабудовы ўнівермагу, гар- і аблвыканкамаў, часткі кварталу і шмат чаго іншага. Немалую частку знішчылі і пры незалежнай Беларусі, падчас абвешчанай мясцовай адміністрацыяй на чале з колішнім старшынём аблвыканкаму Уладзімірам Саўчанкам рэканструкцыі старога цэнтру. Распачатая ім палітыка працягваецца дагэтуль: пад відам рэстаўрацыі дамы разбіраюць, пакідаючы ў найлепшым выпадку фасад, пасля чаго паўстаюць навабуды. Гэтак адбываецца таму, што ўлады шукаюць інвестараў, гатовых як мага болей заплаціць у казну. Пасля гэтага самое аднаўленне грошай, як правіла, не застаецца.

АК, belsat.eu, фотаздымкі старых паштовак узяты з інтэрнэт-старонкі “Твайго стылю”

Глядзі таксама
Каментары