Ігар Лялькоў: Яны захацелі пакідацца брудам…


Працягваецца сойм Партыі БНФ. Кіраўніцтва адказала на заяву “раскольнікаў”.

12 лютага праходзіць сойм Партыі БНФ. На ім прынялі афіцыйны адказ тым, хто напярэдадні заявіў пра выхад з арганізацыі. Фармальных заяваў яны не напісалі.

Старшыя Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што большасць з тых 85 чалавек, якія заявілі аб выхадзе з Партыі ў СМІ, не ўдзельнічалі ў партыйным жыцці з верасня 2009 года.

“Яны свядома адмовіліся ад удзелу ва ўсіх партыйных кампаніях, якія праводзіліся цягам апошніх 1,5 года – гэта і кампаніі аўтарэферэндуму, і выбарчая кампанія 2010 г., і апошняя кампанія збору паручальніцтваў дзеля падтрымання палітвязняў”, – адзначыў палітык. Ён падкрэсліў, што расколу ў партыі няма. “Тут толькі асабістыя прычыны, бо некаторыя чальцы страцілі свой палітычны уплыў”, – дадаў ён.

Ягоны намеснік Ігар Лялькоў зазначыў, што выхад з партыі гэтых сябраў асабліва не здзівіў кіраўніцтва. “Усё да таго ішло. Адышлі ад партыі яны даўно дэ-факта, а цяпер замацавалі гэта дэ-юрэ. Але яны не захацелі проста сысці, захацелі пакідацца брудам… Усё гэта на іхным сумленні”, – паведаміў спадар Лялькоў.

Адказны сакратар партыі Уладзімір Лабковіч адзначыў, што чальцы арганізацыі, што вырашылі дэманстратыўна сысці, падчас прэзідэнцкай кампаніі працавалі на іншага, не партыйнага кандыдата. Напрыклад, Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч былі ў камандзе Андрэя Саннікава.

Адзін з стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту Юрый Хадыка кажа, што выйсці з партыі яго прымусіла ідэалагічнае разыходжанне з сённяшнім кіраўніцтвам. “Я шкадую толькі пра тое, што ў свой час мы канчаткова не пачысцілі шэрагі ды не выключылі тых, хто цяпер наносіць шкоду БНФ”.

У інтэрв’ю “Белсату” намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў, што выключэнняў з арганізацыі не было: “Мы іх не выключалі, яны самі вырашылі сысці і стварыць новую палітычную сілу – гэта іхнае права, як грамадзянаў Беларусі. Гэтыя людзі ўжо даўно не працавалі на карысць партыі ды цягам выбарчай кампаніі былі ў камандзе іншага кандыдата. Гэта ненармальна, гэта парушэнне ўставу і праграмы Партыі БНФ”.

belsat.eu
https://youtu.be/xwrKCjnuIIU

Глядзі таксама
Каментары