Чаму Беларусь зноў прапаноўвае перавозіць украінскае збожжа, і ці рэальна будзе дамовіцца?


Улады Беларусі прапаноўваюць сваю тэрыторыю для транспартавання ўкраінскага збожжа. Эксперты мяркуюць, што ў якасці падзякі афіцыйны Менск хацеў бы атрымаць зняцце калійных санкцыяў. «Белсат» паспрабаваў разабрацца, ці магчымая такая ўгода. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

9 снежня намеснік міністра замежных справаў Беларусі Юрый Амбразевіч заявіў генеральнаму сакратару ААН Антонью Гутэрышу (Antonio Guterres), што Беларусь «без папярэдніх умоваў» згодная на транзіт украінскага збожжа праз беларускую тэрыторыю ў парты Літвы. Пры гэтым дыпламат нагадаў, што афіцыйны Менск дамагаецца дазволу на вываз сваіх угнаенняў, якія застаюцца пад санкцыямі.   

Такім чынам улады Беларусі выразна далі зразумець: яны разлічваюць, што ў кантэксце збожжавай угоды будзе развязаная і калійная праблема. Зварот да ААН у гэтым сэнсе зусім не выпадковы: прадстаўнікі арганізацыі неаднаразова казалі пра тое, што дэфіцыт угнаенняў адмоўна ўплывае на харчовую сітуацыю ў свеце.

Спроба № 2

У траўні афіцыйны Менск ужо спрабаваў выкарыстаць для зняцця санкцыяў харчовы крызіс, які ўзнік у сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны. Беларускія дыпламаты заяўлялі, што для пераадолення гэтай праблемы патрэбная рэінтэграцыя на сусветны рынак угнаенняў з Беларусі і РФ – то бок зняцце заходніх санкцыяў.

Як пісала ў траўні газета «The Wall Street Journal», улады ЗША нібыта абмяркоўвалі ідэю прыпыніць на паўгода санкцыі супраць беларускага калійнага сектару, калі Менск пагодзіцца на транспартаванне ўкраінскага збожжа праз Беларусь (афіцыйна гэтыя звесткі пацверджаны не былі). Але ў выніку збожжавую ўгоду заключылі без удзелу Лукашэнкі.

Пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны была створаная «збожжавая ініцыятыва» – працэдура бяспечнага транспартавання харчоў Чорным морам. Угода дазволіла аднавіць экспарт збожжа з Украіны праз марскі гуманітарны калідор. У лістападзе праца марскога калідору была падоўжаная на 120 дзён – да 19 сакавіка 2023 года.

Што не так са «збожжавай ініцыятывай»

«Збожжавая ініцыятыва» дазволіла пазбегчы вялікага харчовага крызісу, сітуацыя з цэнамі на сусветных рынках палепшылася. Але гэта не значыць, што ўсе праблемы былі пераадоленыя, і дамова працуе бездакорна.

Афіцыйны Кіеў некалькі разоў наракаў на недастатковую эфектыўнасць марскога калідору. Напрыклад, 17 лістапада міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў распавёў, што за час працы «збожжавай ініцыятывы» Украіна экспартавала больш за 11 млн т аграрнай прадукцыі. «Гэта значны аб’ём, але недастатковы», – падкрэсліў міністр. Кубракоў адзначыў, што афіцыйны Кіеў звярнуў да міжнародных партнёраў з прапановай працягнуць працу калідору на 1 год і далучыць да яго порт у Мікалаеве.

Гэтую ідэю Кубракоў абмеркаваў з амбасадарам ЗША Брыджэт Брынк (Bridget A. Brink) і адмысловым упаўнаважаным у санкцыйнай палітыцы ЗША Джэймзам О’Браенам (James O’Brien) 28 лістапада. Ён патлумачыў, што караблям прыходзіцца доўга стаяць у чарзе – часам ад 2 да 5 тыдняў. Гэта прытым, што адзін дзень прастою каштуе $ 30 тысяч. «Штучнае зацягванне вядзе да стратаў з боку фермераў і ўладальнікаў караблёў, у канчатковым выніку пакутуюць найбольш уразлівыя слаі насельніцтва і краіны, якія застаюцца на мяжы голаду», – адзначыў міністр. Кубракоў падкрэсліў, што варта паскорыць тэмпы інспектавання на Басфоры, а таксама далучыць да ініцыятывы порт у Мікалаеве і пралангаваць тэрміны ўгоды. Пакуль у публічнай прасторы не было інфармацыі наконт таго, ці атрымалася прасунуцца ў развязанні гэтых пытанняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Reuters / Forum

Такім чынам, запыт на ўдасканаленне збожжавай угоды ў Кіеве сапраўды існуе. У ААН у сваю чаргу кажуць, што вывучаюць магчымасці альтэрнатыўных маршрутаў паставак сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны.

Збожжа асобна, санкцыі асобна

Пакуль незразумела, ці разглядае Украіна варыянт стварэнне беларускага збожжавага калідору. Украінскае кіраўніцтва ніякіх заяваў на гэты конт не рабіла. Публічнай рэакцыі з боку Бруселю ці Вашынгтону таксама не было. Выказаліся з нагоды прапановы Беларусі толькі літоўскія палітыкі.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа (Gitanas Nausėda) назваў гэтую прапанову пасткай. «Гэта пастка, у якую хочуць заманіць і паказаць, што вось Захад зноў паводзіць сябе непаслядоўна, не можа дамовіцца аб санкцыях», – сказаў ён. Літоўскі прэзідэнт падкрэсліў, што рэжыму Лукашэнкі ніхто не давярае.

Міністр замежных справаў Габрыелюс Ландсбергіс (Gabrielius Landsbergis-Žemkalnis), у сваю чаргу, даў зразумець: калі гаворка ідзе выключна пра транспартаванне ўкраінскага збожжа, то гэта не датычыць літоўскіх уладаў.

«Паколькі гэта несанкцыянаваныя тавары, гэта азначае, што яны перавозяцца паводле камерцыйных угодаў. Камерцыйныя арганізацыі сустракаюцца, падпісваюцца дамовы, выплачваюцца грошы, тавары паступаюць у Клайпедскі порт, адтуль – далей у свет. Урад не адсочвае гэтых тавараў, і, шчыра кажучы, я магу нават не ведаць, якія тавары там ходзяць», – заявіў міністр.

Разам з тым Ландсбергіс падкрэсліў, што пытанне аб зняцці санкцыяў узамен на транспартаванне збожжа не стаіць.

«Калі ёсць палітычныя прэтэнзіі, то ўрад, несумненна, умешваецца, і тут мы ўжо строгія: ніякіх палітычных перамоваў з рэжымам Лукашэнкі аб транзіце праз тэрыторыю Беларусі ў Літву не будзе», – адзначыў ён.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў інтэрв’ю «Нашай Ніве» распавёў, што размаўляў на гэтую тэму асабіста з Ландсбергісам.

«Пакуль рана казаць, ці сапраўды транзіт будзе адбывацца. Мы ведаем, чаго вартыя словы рэжыму, – сёння слова даў, заўтра ўзяў. Ёсць таксама пытанне, якім чынам яно будзе дастаўляцца. Чыгуначнае злучэнне парушанае.

Пра зняцце іншых санкцыяў не ідзе гаворкі. Абсалютна недапушчальна здымаць санкцыі, пакуль рэжым не выканаў ніводнай умовы, рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца, а Беларусь усё больш уцягваюць у вайну», – падкрэсліў ён.

Зноў палітвязні ды вайна

Пакуль перспектывы ўдзелу Беларусі ў транспартаванні збожжа з палітычнага пункту гледжання выглядаюць вельмі туманна. Захад не пагодзіцца зняць санкцыі з калійнага сектару толькі за тое, што ўкраінскае збожжа пойдзе праз тэрыторыю Беларусі. Такі сцэнар не быў зрэалізаваны ўвесну, калі харчовая праблема стаяла вельмі востра, і тым больш не мае ніякіх шанцаў цяпер, калі «збожжавая ініцыятыва» ўжо працуе (хоць і не ідэальна).  Афіцыйны Менск, у сваю чаргу, наўрад ці зацікавіць транзіт без развязання праблемы калію – інакш Амбразевіч не звяртаўся б з гэтым пытаннем да генеральнага сакратара ААН.

Калі калійна-збожжавая дамова і магчымая, то выключна ў выглядзе «пакетнага пагаднення»: каб экспартаваць свае ўгнаенні праз літоўскія парты, Лукашэнка мусіць прапанаваць Захаду яшчэ нешта, акрамя транзіту збожжа. То бок у любым выпадку прыйдзецца вяртацца да тэмы палітвязняў і суўдзелу ў расейскай агрэсіі. Менавіта ад гатовасці пайсці на саступкі ў гэтых пытаннях усё і будзе залежаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Reuters / Forum

Пакуль Лукашэнка такой гатовасці не дэманструе. Але сам факт таго, што ўлады Беларусі праз паўгода рэанімуюць свае калійна-збожжавыя прапановы, сведчыць пра жаданне афіцыйнага Менску нейкім чынам змяніць сітуацыю ў стасунках з Захадам.

Мяркуючы з усяго, гэтая задача якраз і была пастаўленая перад новым кіраўніком МЗС Сяргеем Алейнікам. Як заявіў 14 снежня прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, беларускія дыпламаты павінны «знайсці варыянты збалансаванай працы як на ўсходнім, так і на заходнім вектары», а таксама весці «непублічную перамоўную працу» на Захадзе.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў