«Fitch» датэрмінова апублікавала рэйтынгі беларускіх еўрабондаў. Пра што гэта сведчыць?


Амерыканскае рэйтынгавае агенцтва «Fitch» панізіла рэйтынг чатырох суверэнных еўрааблігацыяў Беларусі з «C» да «D» (гэта найніжэйшы ўзровень) і пацвердзіла доўгатэрміновы рэйтынг дэфолту эмітэнта Беларусі ў замежнай валюце (IDR) на ўзроўні «RD». Пры гэтым агенцтва апублікавала рэйтынг датэрмінова, не чакаючы запланаванай даты. Наступствы паніжэння рэйтынгу пракаментавала экспертка з Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Анастасія Лузгіна. 
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія рублі.
Фота: Белсат

«Fitch» патлумачыла  паніжэнне рэйтынгу доўгатэрміновых каштоўных папераў у замежнай валюце тым, што сітуацыя з выплатамі па іх не палепшылася, нягледзячы на прадстаўлены 14-дзённы перыяд адтэрміноўкі. Адтэрміноўкі для еўрабондаў 2023 і 2030 гадоў скончыліся 12 верасня, а для еўрааблігацыяў 2026 і 2031 гадоў – 7 верасня.

Агенцтва чакала, як паведамляецца, што ўлады Беларусі вернуцца да выплатаў па паперах у доларах ЗША, але гэтага не адбылося. Наадварот, Савет Міністраў і Нацбанк працягнулі прытрымлівацца ўласнага курсу, пералічвалі выплаты ў беларускіх рублях замест долараў на рахунак у ААТ «АСБ Беларусбанк». Такія дзеянні беларускага боку супярэчаць дакументацыі адносна аблігацыяў, якая не дазваляе разлік у альтэрнатыўных валютах.

«У Міністэрстве фінансаў паведамілі, што згодна з такім падыходам праходзілі выплаты працэнтаў для чатырох еўрабондаў. Такім чынам, плацяжы не былі выкананыя ў адпаведнасці з першапачатковымі ўмовамі да канца льготнага перыяду», – заявіла агенцтва.

«Fitch» удакладняе, што паніжэнне рэйтынгу распаўсюджваецца толькі на чатыры згаданыя еўрабонды. Доўгатэрміновы рэйтынг дэфолту эмітэнта Беларусі ў замежнай валюце (IDR) быў пацверджаны на ранейшым узроўні RD (да якога быў паніжаны 18 ліпеня пасля заканчэння льготнага перыяду першай еўра аблігацыі, які не быў выкананы ў адпаведнасці з першапачатковымі ўмовамі). Доўгатэрміновы рэйтынг у нацыянальнай валюце таксама застаўся без змен на ўзроўні «ССС», бо Беларусь пакуль дэманструе магчымасць абслугоўваць доўг у мясцовай валюце.

Калі сітуацыя з выплатамі па знешніх даўгах працягне пагаршацца, то «Fitch» можа панізіць і доўгатэрміновы IDR. Той жа рэйтынг можа быць і павышаны – калі «Fitch»палічыць, што адбылася нармалізацыя дачыненняў з міжнароднымі крэдыторамі праз рэструктурызацыю камерцыйнай запазычанасці або аднаўленне выплатаў у доларах.

Публікацыя рэйтынгу адбылася датэрмінова, а не як звычайна, паводле строгага графіку, бо агенцтва вымушанае было скарыстацца правам адхілення ад плану, каб выканаць свае юрыдычныя абавязкі і апублікаваць агляд рэйтынгу з-за істотных зменаў у крэдытаздольнасці беларускага эмітэнта. Таму чакаць запланаванай даты не сталі.

«Гэта вельмі істотны момант, – адзначыла экспертка з Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Анастасія Лузгіна, – такія агенцыі прытрымліваюцца даволі строгага рэгламенту. Таму, тое, што яны апублікавалі рэйтынг па-за планам азначае вялікую важнасць сітуацыі і неабходнасць данесці інфармацыю аб гэтым да міжнароднай супольнасці».

Анастасія Лузгіна, старшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC.
Фота: beroc.org

Лузгіна таксама расказала аб прамых наступствах зніжэння рэйтынгу. Паводле яе слоў, можна лічыць умоўна станоўчым фактам толькі тое, што панізіўшы рэйтынг аблігацый, агенцыя пакінула нязменным рэйтынг эмітэнта.

«Гэта ўмоўна станоўчая зʼява, таму што такі рэйтынг IDR азначае па-ранейшаму «абмежаваны дэфолт». То бок, ніжэй гэтага толькі ўвогуле дэфолт. Калі ўспомніць, што і іншыя агенцыі – «Moodyʼs», «Standard & Poorʼs» – абʼявілі раней падобны рэйтынг эмітэнту, то гэта вельмі кепска», – падкрэслівае эксперта.

Прамым наступствам найніжэйшага ўзроўню рэйтынгу чатырох еўрабондаў і нізкага рэйтынгу эмітэнта стане далейшае пагаршэнне рэпутацыі Беларусі на сусветным фінансавым рынку і далейшы ж дрэйф краіны ў бок расейскіх фінансаў.

«Не тое што танных грашовых рэсурсаў, а нават проста грошай цяпер Беларусі будзе вельмі складана прыцягнуць. Хіба толькі ў краінах Блізкага Усходу ды Азіі. Але, перш, за ўсё знешняе фінансаванне будуць старацца прыцягнуць з Расеі, якая і сама ў такім жа становішчы. Аднак і ў цэлым пагаршэнне рэйтынгу вельмі негатыўна ўплывае не толькі на беларускі інвестыцыйны клімат, але і на эканоміку цалкам», – лічыць экспертка.

Hавiны
Рэйтынгавае агенцтва «Fitch» аб’явіла пра «абмежаваны дэфолт» у Беларусі
2022.07.19 12:53

У якасці даведкі паведамім, што поўны дыяпазон крэдытных рэйтынгаў найлепшага і найгоршага сцэнарыю для ўсіх рэйтынгавых катэгорыяў вагаецца ад «AAA» да «D». Крэдытныя рэйтынгі сцэнарыяў заснаваныя на гістарычных паказальніках. Яны, сярод іншага, улічваюць узровень палітычнай стабільнасці і свабодаў, узровень вяршэнства закону і абароненасці правоў інвестараў і іншыя знакавыя паказальнікі, з якімі ў Беларусі не ўсё добра, кшталту ўплыву санкцыяў на міжнародны гандаль і эканамічныя сувязі.

Улетку ўлады Беларусі патлумачылі сваю ініцыятыву перавесці выплаты па еўрабондах з долараў на беларускія рублі тым, што з-за санкцыяў міжнародныя плацежныя сістэмы адмаўляюцца прымаць плацяжы ад Беларусі для трымальнікаў аблігацыяў.

АТ belsat.eu

 

Стужка навінаў