Кульмінацыя набліжаецца. Да чаго прывядзе бунт Яўгенія Прыгожына?


Канфлікт заснавальніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына і Мінабароны РФ працягвае нарастаць і нават умяшанне Уладзіміра Пуціна нічога не змяніла. Цяпер Прыгожын адкрыта пярэчыць прэзідэнту РФ і ігнаруе ягоныя загады. Не выключана, што гэта можа прывесці да сілавога супрацьстаяння.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitri Lovetsky / AP Photo / East News

Публічны канфлікт Прыгожына і Мінабароны РФ цягнецца з 2022 года. У пачатку траўня ён рэзка абвастрыўся: бізнесовец абвінаваціў міністра абароны Сяргея Шайгу і начальніка Генштаба Валерыя Герасімава ў тым, што яны нібыта наўмысна не даюць групоўцы боепрыпасы, мацюкаў генералаў апошнімі словамі і прыгразіў пакінуць фронт, калі сітуацыя не зменіцца. Сваю пагрозу Прыгожын тады не зрэалізаваў – наадварот штурм Бахмуту працягнуўся з яшчэ большай інтэнсіўнасцю. 20 траўня было абвешчана, што горад цалкам узяты. Толькі пасля гэтага найміты пачалі сыходзіць з Бахмуту «на адпачынак і перападрыхтоўку», перадаючы пазіцыі падраздзяленням Мінабароны.

Здавалася, пасля сыходу з Бахмуту канфлікт Прыгожына і Мінабароны мусіў пайсці на спад. Аднак замест гэтага ён наадварот разгарэўся з новай сілай. 4 чэрвеня «кухар Пуціна» раптам распавёў пра перастрэлку паміж вагнэраўцамі і вайскоўцамі Мінабароны РФ, якая мела месца яшчэ ў сярэдзіне траўня ў раёне Бахмуту. Нібыта расейскія вайскоўцы сталі мініраваць тэрыторыі на шляхах адыходу ПВК Вагнэра. Калі вагнэраўцы прыехалі туды і пачалі здымаць міны, іх абстраляла група байцоў на чале з камандзірам 72-й асобнай мотастралковай брыгады. У выніку найміты «прынялі меры ў адказ да ліквідацыі агрэсіі і затрымання».

Неўзабаве прэс-служба Прыгожына апублікавала «пакаяннае відэа» з камандзірам 72-й брыгады Раманам Веневіціным, якога ўзялі ў палон байцы ПВК Вагнэра. Затрыманы падпалкоўнік са слядамі пабояў на твары кажа на відэа, што быў п’яны і абстраляў вагнэраўцаў праз «асабістую непрыязнасць». Пазней Веневіцін распавёў, што ролік быў запісаны пад ціскам: насамрэч яго выкралі падчас аб’езду сваіх аддзелаў, «трымалі ў падвале, здзекаваліся, білі, не давалі спаць». «Тры разы за ноч мяне проста выцягвалі з падвалу і спрабавалі расстраляць», – распавёў ён.

Да эпатажных паводзінаў Прыгожына, які бясконца прыніжае ў публічнай прасторы Узброеныя сілы РФ, усе даўно прывыклі. Але нават на гэтым фоне выкраданне і здзекі над камбрыгам – з’ява беспрэцэдэнтная.

Мінабароны ідзе ў контрнаступ

Падобна на тое, што «пакаяннае відэа» камбрыга перапоўніла чару цярпення праціўнікаў Прыгожына. Калі раней Мінабароны РФ публічна ніяк не адказвала на нападкі, то цяпер ведамства распачало інфармацыйную вайну супраць бізнесоўца. Яе тварам стаў той самы падпалкоўнік Веневіцін: ён завёў свой Telegram-канал і стаў у ім рэгулярна «мачыць» прыгожынцаў. Натуральна, што такая публічная дзейнасць афіцэра расейскай арміі без ухвалення кіраўніцтва праходзіць не можа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yuri Kadobnov / AFP / East News

Галоўны пункт абвінавачванняў – сістэматычныя выпадкі гвалту, катаванняў і здзекаў над расейскімі вайскоўцамі з боку байцоў ПВК Вагнэра. Прычым адпаведную інфармацыю распаўсюджвае не толькі падпалкоўнік, але і іншыя вайсковыя блогеры. Таксама Веневіцін абвінавачвае ПВК Вагнэра ў тым, што яны кралі тэхніку ды ўзбраенне ў падраздзяленняў Мінабароны РФ і дэзерціравалі з поля бою. Вагнэраўцаў, якім Пуцін яшчэ нядаўна асабіста дзякаваў за ўзяцце Бахмуту, Веневіцін называе «смеццем, наркаманамі, зэкамі і пеўнямі», ад якіх Расея мусіць ачысціцца.

Неўзабаве рушыў услед і адказ Мінабароны РФ на афіцыйным узроўні. 10 чэрвеня міністр абароны Сяргей Шайгу выдаў загад, паводле якога ўсе «добраахвотніцкія фармаванні» павінны падпісаць кантракт з Мінабароны РФ да 1 ліпеня. Пад «добраахвотніцкімі фармаваннямі» мелася на ўвазе і ПВК Вагнэра ў тым ліку.

Неўзабаве Прыгожын даў адказ: ніякіх кантрактаў з Мінабароны найміты падпісваць не будуць і наогул прыказы Шайгу на іх не распаўсюджваюцца.

Абноўлена
«Вайсковы мяцеж». Прыгожын адмовіўся выконваць загад Шайгу адносна добраахвотнікаў
2023.06.11 14:22

Прыгожын кажа «не» Пуціну

13 чэрвеня Уладзімір Пуцін заявіў, што статус прыватных вайсковых кампаніяў трэба прывесці ў адпаведнасць з існай практыкай, законам і здаровым сэнсам – для гэтага ўсе павінны падпісаць кантракт з Мінабароны.

«Толькі такім чынам можна забяспечыць сацыяльныя гарантыі [для наймітаў], таму што калі няма кантракта з дзяржавай, няма кантракта з Мінабароны, то і не ўзнікае прававых падставаў для сацыяльных гарантыяў з боку дзяржавы. Трэба гэта зрабіць, і зрабіць як мага хутчэй», – падкрэсліў ён.

Заява была сфармуляваная дастаткова мякка і не прагучала як адкрыты ўльтыматум – хутчэй як апошняе папярэджанне. Разам з тым, падзея ў любым выпадку была знакавая: Пуцін упершыню ўмяшаўся ў канфлікт, даў зразумець, на чыім ён баку, і што павінен зрабіць Прыгожын.

Аднак Прыгожына вокрык з Крамля не напалохаў. На наступны дзень ён заявіў, што прэзідэнт раней абяцаў забяспечыць вагнэраўцам усе сацыяльныя гарантыі і тады ніякіх дадатковых умоваў перад ПВК не выстаўлялася. Кантракт з Мінабароны «кухар Пуціна» назваў «шляхам ганьбы» і падкрэсліў, што ніхто з наймітаў на гэта не пойдзе.

«Кантракт мы ў любым выпадку заключаць не будзем», – запэўніў ён.

Кадыраў гуляе за Мінабароны

Паралельна абвастрыўся канфлікт паміж заснавальнікам ПВК Вагнэра і кіраўнікоў Чачні Рамзанам Кадыравым.

Калі летась Прыгожын распачаў сваю «вайну» з Мінабароны, чачэнскі лідар часам выступаў ягоным саюзнікам або прынамсі захоўваў нейтралітэт. Але апошнім часам Кадыраў і Прыгожын (а таксама іх атачэнне) сталі ўсё часцей абменьвацца ў публічнай прасторы ўзаемнымі прэтэнзіямі, абвінавачваннямі, пагрозамі і ледзь не выклікамі на «бандыцкую стрэлку». Хаця да сілавога супрацьстаяння кадыраўцаў і прыгожынцаў справа пакуль не дайшла, у цяперашнім канфлікце лідар Чачні вырашыў адназначна заняць пазіцыю ўладаў. Паказальна, што чачэнскі атрад «Ахмат» 12 чэрвеня першым падпісаў кантракт з Мінабароны.

Агляд
«Жаба-гадзюкінг» прыватных войскаў. У Расеі пасварыліся прыгожынцы з кадыраўцамі
2023.06.01 22:09

На фоне гэтага 14 чэрвеня ў расейскай інфармацыйнай прасторы прагрымела вельмі дзіўная гісторыя з найбліжэйшым паплечнікам Кадырава, дэпутатам Адамам Дэлімханавым, які нібыта трапіў пад удар украінскай артылерыі на акупаваных тэрыторыях. Цягам дня і прэса, і вайскоўцы, і нават у Крамлі не маглі разабрацца, што сапраўды адбылося – загінуў Дэлімханаў, быў паранены або наогул не быў пад абстрэлам. Увечары Кадыраў усё ж заявіў, што ягоны паплечнік жывы і здаровы. Праўда, гісторыя ад гэтага больш зразумелай не стала.

Як бы там ні было, Веневіцін (імаверна, з падачы Мінабароны) паспеў укінуць інфармацыю, што лакацыю Дэлімханава прыгожынцы нібыта наўмысна выдалі ўкраінскай выведцы, каб адпомсціць Кадыраву. Як заявіў Веневіцін, прыгожынцы і раней супрацоўнічалі з украінскай разведкай, арганізоўваючы злівы месцазнаходжання расейскіх падраздзяленняў.

То бок цяпер да абвінавачванняў у катаваннях і рабаваннях дадалося абвінавачванне ў здрадзе.

У чаканні кульмінацыі

Да нядаўняга часу Прыгожын прытрымліваўся тактыкі паказной лаяльнасці Пуціну па прынцыпе «цар добры, баяры дрэнныя». Хаця часам бізнесовец дазваляе сабе завуалявана высмейваць прэзідэнта, фармальна ён заўсёды падкрэсліваў, што цалкам падпарадкоўваецца вярхоўнаму галоўнакамандуючыму і ніякіх прэзідэнцкіх амбіцыяў не мае – яму нібыта патрэбна толькі, каб Расея была вялікай дзяржавай.

«Радзіму люблю, Пуціна слухаюся. Шайгу – на мыла. Ваяваць будзем далей», – сфармуляваў сваё палітычнае крэда Прыгожын у адным з інтэрв’ю.

Аднак цяпер Прыгожын публічна пярэчыць волі Пуціна. Гэты факт робіць неабгрунтаванай версію аб тым, што бізнесовец увесь час выконваў ролю пуцінскага блазна і дзейнічаў толькі ў строга вызначаных рамках. Цяпер зразумела, што ягоны канфлікт з Мінабароны набыў такі размах, які пачаў трывожыць Крэмль. У выніку Пуцін быў вымушаны ўмяшацца, але пакуль гэта ўсё роўна не дапамагло.

«Рыторыка Прыгожына ператвараецца ў выклік шырэйшым пластам расейскага істэблішменту. 1 ліпеня 2023 года, крайні тэрмін для падпісання кантрактаў добраахвотнікамі, верагодна, стане ключавой кропкай у супрацьстаянні», – адзначаецца ў аглядзе брытанскай выведкі, прысвечаным гэтаму канфлікту.

У прынцыпе, можна дапусціць, што, прыкрываючыся бескампраміснай рыторыкай, Прыгожын усё ж паціху пагадзіцца на патрабаванні Пуціна і падпарадкуецца Мінабароны. Аднак пакуль такая капітуляцыя выглядае сумнеўнай, бо ў такім выпадку бізнесовец пазбавіцца свайго галоўнага козыра – прыватнай арміі. Пасля гэтага ён застанецца адзін на адзін з вялікай колькасцю ворагаў, якіх цяпер ужо нічога не будзе стрымліваць.

Можна таксама дапусціць, што на саступкі пойдуць Пуцін і Шайгу: проста зробяць выгляд, што нічога не здарылася. Усё-ткі ніхто з іх не казаў, якое пакаранне чакае тых, хто адмовіцца ад падпісання кантракту, – гаворка ішла толькі пра забеспячэнне «сацыяльных гарантыяў». Аднак для дзяржаўнай вертыкалі падобная сітуацыя стане сведчаннем таго, што Пуціну можна бяскарна адмовіць. Гэта – вельмі небяспечны прэцэдэнт для любога аўтарытарнага рэжыму, які заснаваны на безумоўным падпарадкаванні правадыру. Адначасова пазіцыі Прыгожына ў вачах эліт рэзка ўзмацняцца, ён адчуе сваю сілу і ў наступным раз прыструніць бізнесоўца будзе яшчэ цяжэй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

Радыкальны сцэнар і ягоныя наступствы

Нарэшце Пуцін можа аддаць загад вырашыць праблему ПВК Вагнэра сілай: то бок арыштаваць або забіць Прыгожына, а потым раззброіць ягоных наймітаў. Аднак тут ёсць вялізарная рызыка. У складзе ПВК Вагнэра служаць тысячы ці нават дзясяткі тысяч дасведчаных байцоў і не факт, што яны пагодзяцца мірна здаць свайго верхавода і зброю. Гісторыя з перастрэлкай, у якой узялі ў палон камбрыга Веневіціна, сведчыць пра тое, што вагнэраўцы здольныя даць бой падраздзяленням Мінабароны. Узброеныя сілы, канешне, усё роўна перамогуць, але міжусобіца можа аслабіць фронт і пагоршыць маральна-псіхалагічны стан вайскоўцаў у разгар украінскага контрнаступу.

Прыгожын з апошні год пераўтварыўся ў фігуру федэральнага маштабу. Выданне «Верстка», вывучыўшы дадзеныя пошукавых запытаў Google Trends і Yandex Wordstat, прыйшло да высновы, што інтарэс да персоны Прыгожына сярод расейцаў абагнаў цікавасць да Пуціна больш чым у два разы. Зусім нядаўна дзяржаўныя медыі з усіх сілаў піярылі поспехі ПВК Вагнэра на фронце, параўноўваючы ўзяцце Бахмуту са штурмам Берліну ў 1945-м, а Пуцін асабіста віншаваў наймітаў з перамогай і абяцаў дзяржаўныя ўзнагароды. У гэтых умовах раптоўнае абвяшчэнне Прыгожына «ворагам народу» можа мець дэмаралізуючы эфект на грамадства.

Аналітыка
Як заснавальнік ПВК Вагнэра пераўтвараецца ў палітыка і што гэта значыць для Расеі
2023.04.06 08:00

Акрамя таго, Мінабароны РФ, імаверна, хоча не проста ліквідаваць ПВК Вагнэра, а паглынуць гэтае фармаванне – то бок, каб гэтыя тысячы байцоў працягнулі ваяваць супраць Украіны. А ў выпадку сілавога супрацьстаяння шмат хто хутчэй дэзерціруе, чым падпіша кантракт з падраздзяленнямі Мінабароны, дзе іх можа чакаць прыгнёт з боку пакрыўджаных афіцэраў кшталту палкоўніка Веневіціна.

Імаверна, Прыгожын, павышаючы стаўкі, разлічвае менавіта на тое, што Пуцін і Мінабароны не захочуць плаціць настолькі высокую цану і ў выніку саступяць. Не факт, што стаўка бізнесоўца спрацуе, але для Крамля добрых варыянтаў сапраўды амаль не застаецца.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў