Забіраюць крыжык, Біблію, не пускаюць святароў. Як у беларускіх турмах парушаюць правы вернікаў


Сёлета ў красавіку і праваслаўныя, і каталікі святкуюць Вялікдзень. А ці задумваемся мы ў гэты ўрачысты час, як выглядае святкаванне ў месцах зняволення? Ці маюць увогуле палітвязні ды іншыя асуджаныя магчымасць адзначаць рэлігійныя святы і вызнаваць сваю веру? Як пачуваюцца за кратамі ў Беларусі хрысціяне розных канфесіяў, а таксама вернікі, якія вызнаюць іншыя рэлігіі? Разбіраемся ў пытанні з праваабаронцам, а таксама святаром і верніцай, якія перажылі пазбаўленне волі.

«З асаблівай рэзкасцю зрэзаў крыжык і кінуў пад ногі»

Сайт «Царква і палітычны крызіс у Беларусі» праводзіць маніторынг парушэння правоў вернікаў у беларускіх месцах пазбаўлення волі. Звесткі збіраюцца з 2020 года.

Аўтары маніторынгу распавядаюць, што ў асуджаных забіраюць прадметы культу, нягледзячы на тое, што Правілы ўнутранага распарадку папраўчых установаў (Прыкладанне №3, п.17) дазваляюць асуджаных мець з сабой прадметы культу з некаштоўных металаў. Напрыклад, у палітвязня Мікіты Емяльянава ў турме №4 у Магілёве забралі ружанец (пацеркі для малітвы ў каталікоў). Таксама неаднаразова зняволеныя вернікі распавядалі, як у іх забіралі нацельныя крыжыкі.

«Калі ўсё зрэзалі (а ўсё «вяровачнае» менавіта зразаюць і кідаюць пад ногі), то я сказаў, маўляў, крыжык хоць пакінь. Дык ён яго з асаблівай рэзкасцю зрэзаў і кінуў пад ногі», – распавядаў праваслаўны вернік Раман Абрамчук пра тое, што яму давялося перажыць у адным з Менскіх РАУСаў у 2020 годзе.

Перыядычна назіраюцца праблемы з атрыманнем вязнямі рэлігійнай літаратуры і прэсы, хоць Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыяў», а таксама арт.10 Закону «Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад варта» замацоўваюць права на такую літаратуру. Тым не менш, неаднаразова адміністрацыі месцаў зняволення высылалі рэлігійныя кнігі і часопісы назад адпраўнікам. Таксама вядома пра выпадкі, калі вязні не атрымлівалі нават калядныя паштоўкі. Каталіцкая верніца Вольга Залатар распавядала, што ёй не перадаюць малітоўнік.

Мікіта Емельянаў перад прысудам Фота – belsat.eu

Размова са святаром адбываецца на агульных умовах – праз шкло і тэлефон

Адміністрацыі пенітэнцыярных установаў чыняць перашкоды ў тым ліку ў падпісцы на рэлігійную прэсу. Вядома, што ў турме №4 г.Магілёва выкраслілі з падпіснога каталогу газету Віцебскай дыяцэзіі «Каталіцкі веснік». Калі сваякі палітвязня Мікіты Емяльянава звярнуліся да адміністрацыі турмы №4 з пытаннем, чаму яму не перадалі нумар «Каталіцкага весніка» за травень 2021 года, ім адказалі, што забароненае атрыманне і захоўванне вязнямі выданняў, якія прапагандуюць варожасць.

Музыка і праваслаўны вернік Аляксей Крукоўскі, які адбываў адміністратыўны арышт на Вялікдзень, распавядаў, што ў ІЧУ ўключалі па радыё толькі ранішняе віншаванне Мітрапаліта Веніяміна і больш ніякага велікоднага кантэнту. Зняволенаму не перадалі таксама паштоўкі з віншаваннямі.

Аўтары маніторынгу адзначаюць таксама сур’ёзную праблему з арганізацыяй пастырскіх візітаў для вернікаў у СІЗА. З такой сітуацыяй сутыкнуўся Павел Севярынец, якому некалькі разоў адмаўлялі ў візіце святара і дазволілі толькі пасля вынясення прысуду. Пры гэтым сустрэча са святаром адбывалася на агульных умовах праз шкло і тэлефон без магчымасці ўдзяліць сакраманты і без забеспячэння канфідэнцыйнасці размовы.

Павел Севярынец.
Фота: Ірына Арахоўская / Белсат

Ірыне Бярнацкай у СІЗА не дазволілі сустрэцца з каталіцкім святаром. Доўга адмаўлялі ў пастырскім візіце Вользе Залатар, урэшце з ёй змог сустрэцца апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч.

З адмовай у візіце пастара сутыкнуўся і палітзняволены філосаф Уладзімір Мацкевіч – вернік-кальвініст.

Арыштаванаму святару не дазволілі ўзяць з сабой ружанец

Пракаментаваць сітуацыю з правам на веравызнанне ў беларускіх месцах зняволення мы папрасілі каталіцкага святара, які сам прайшоў праз арышт. Ксёндз Пётр (імя змененае па просьбе суразмоўцы з меркаванняў бяспекі) правёў пэўную колькасць содняў у ізалятары часовага ўтрымання

«Начальнік ІЧУ добра ведаў, хто я, але калі я папрасіў у яго дазвол на звычайны маленькі драўляны ружанец з сабой у камеру, той адмовіў, – распавядае святар. – Я пытаўся – чаму? Я ж не павешуся на ім. Той начальнік казаў штосьці пра тое, што праваслаўныя інакш моляцца. Я тлумачыў яму, якая ў каталікоў малітва, але ён усё роўна не дазволіў. Пазней я думаў, што можна было б з хлебу рабіць Ружанец, але ў нас была, так скажам, VIP-камера – нас там было некалькі «палітычных». Па некалькі разоў на дзень быў шмон, забіралі тое, што мы рабілі з хлебу для гульні ў косці, таму і Ружанец бы забралі».

Ксёндз Пётр зазначае, што сітуацыя з правамі вернікаў у Беларусі адрозніваецца ад віду месца зняволення – у калоніях, напрыклад, дазволена больш, чым у ІЧУ і СІЗА (у ІЧУ нават Біблію не дазваляюць мець у камеры). Таксама шмат што залежыць ад начальніка і ад рэлігіі, якую вязень вызнае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pfeiffer, J. GmbH / Arco / Forum

«У некаторыя калоніі прыходзяць праваслаўныя святары, ці, прынамсі прыходзілі, калі я быў у Беларусі. Таксама праваслаўныя каплічкі ёсць шмат у якіх калоніях у Беларусі, – кажа ксёндз Пётр. – Да каталікоў і пратэстантаў стаўленне іншае. Мне не вядома, каб недзе ў калоніі ў Беларусі была каталіцкая капліца. Каталіцкіх святароў часам пускалі, але арганізаваць такі візіт складаней, чым праваслаўнага святара».

«Евангелле вучыць чалавека думаць, а ў Беларусі такія людзі непатрэбныя»

Ксёндз Пётр цяпер знаходзіцца ў Польшчы, куды быў вымушаны ўцякаць ад пераследу ў Беларусі. Ён не адзіны беларускія святар, які за апошні час з’ехаў у Польшчу. Некаторыя з беларусаў ходзяць да вязняў у польскіх месцах зняволення, і тое, як выглядае там права на веравызнанне ў параўнанні з Беларуссю – неба і зямля, зазначае ксёндз Пётр.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Antoine Mekary / Godong / Universal Images Group / Forum

«Тут няма ніякіх перашкодаў для веры, – кажа святар. – Ёсць месцы для малітвы, капліцы, святары прыходзяць праводзяць Святую Імшу. Вязні могуць мець Ружанцы, малітоўнікі, Святое Пісанне. Сярод начальства турмаў ёсць веруючыя людзі. У той час, як у Беларусі ў чалавека ў турме ўвогуле няма ніякіх правоў. Асабліва калі ты палітычны, там увогуле няма значэння, ці ты каталік, ці пратэстант, ці атэіст – да цябе і так «асаблівае» стаўленне, бо ты палітычны. Хоць у тым, што датычыць веравызнання, малітвы, не павінна быць ніякіх абмежаванняў, бо гэта справа маіх асабістых адносінаў з Богам».

Святар звяртае ўвагу на тое, што ў беларускай Канстытуцыі прапісаная свабода веравызнання, але кажа, што фактычна яе няма ў нашай краіне. У Беларусі пад ціскам знаходзіцца Касцёл, а таксама вернікі, дзе б яны ні знаходзіліся – у турме ці на волі.

«Даволі проста растлумачыць, чаму дзяржава пераследуе веру. Мы праз гэта праходзілі ў савецкія часы, Польшча – у часы камунізму, – зазначае наш суразмоўца. – Вера, Евангелле вучаць чалавека думаць, выбіраць паміж дабром і злом, паміж праўдай і хлуснёй, паміж справядлівасцю і беззаконнем. А тым, хто кіруе цяпер Беларуссю, не патрэбныя людзі, якія думаюць, разважаюць, абмяркоўваюць, гледзячы на Хрыста, які таксама быў несправядліва асуджаны, і таксама ж па палітычных матывах. Яны разумеюць, што трэба рабіць усё, каб чалавек не думаў, такой асобай лягчэй кіраваць».

Беларуска-мусульманка: у ІЧУ прымусілі зняць хустку, не перадалі Каран

Журналістка і блогерка Вольга Чарных, якая вызнае іслам, ужо шмат гадоў не жыве ў Беларусі, але калі жыла, прайшла праз адміністратыўны арышт і ІЧУ. Паводле дзяўчыны, стаўленне да ісламу ўвогуле ў Беларусі дзіўнае, а ў месцах зняволення мусульманам зусім цяжка.

«Там да слёз усё сумна, – кажа журналістка. – Калі я знаходзілася ў ІЧУ ў Менску, мне забаранілі ўзяць хустку ў камеру, мяне прымусілі яе зняць. Толькі на наступны дзень, калі прыйшоў начальнік ІЧУ і я яму растлумачыла сітуацыю, ён дазволіў мне ўзяць хустку».

Мусульманін павінен маліцца 5 разоў на дзень у пэўны час содняў. Вольга распавядае, што сачыць за часам у камеры ІЧУ не было магчымасці. Яна прасіла ахоўнікаў арыентаваць яе ў часе, але насустрач пайшоў толькі адзін.

«Ад начальніка ІЧУ я пачула такія словы – калі хочаш маліцца, не трапляй у турму, і ўвогуле мусульманка павінна сядзець удома на кухні і не лезці ў палітычныя справы.  Што мяне найбольш здзівіла потым, што я падобныя думкі пачула пазней ад прадстаўнікоў прасунутай часткі грамадскай супольнасці – што калі я хачу вызнаваць рэлігію, я павінна сядзець удома і не высоўвацца», – распавядае блогерка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dominika Mroz-Toton / Forum

Вольга прасіла, каб ёй перадалі Каран, ёй сказалі, няхай сваякі прынясуць, але ў выніку так і не перадалі. Цяжка мусульманам у беларускіх месцах зняволення і з ежай.

«Я не патрабавала, каб адмыслова для мяне было ў меню халяльнае мяса – я разумела, дзе я знаходжуся, – кажа Вольга. – Але я прасіла не прапаноўваць мне свініну, бо гэта забаронена ісламам. Мне сказалі – не хочаш есці, не еш увогуле, твая справа. Маё права на веравызнанне, якое гарантуецца Канстытуцыяй, было парушанае».

Каталіцкая Царква не мае ніводнай капліцы на тэрыторыі пенітэнцыярных установаў у Беларусі

Праваабарончая арганізацыя «Форум 18» кажа, што парушэнні арыштаваных і асуджаных на свабоду рэлігіі супярэчыць і беларускаму заканадаўству, і Мінімальным стандартным правілам абыходжання з вязнямі ААН (Правіла Мандэлы).

Пра парушэнне правоў вернікаў у беларускіх пенітэнцыярных установах кажа і юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка. Пры гэтым зазначае, што падпісанае пагадненне паміж Праваслаўнай Царквой і Дэпартаментам па выкананні пакаранняў.

«На тэрыторыі шмат якіх калоніяў пабудаваныя праваслаўныя капліцы, цэрквы, святары сустракаюцца з асуджанымі. Што праўда, ёсць розны водгукі датычна такіх сустрэч», – зазначае спадар Сапелка.

Адначасова праваабаронца падкрэслівае, што Каталіцкая царква не мае ніводнай капліцы на тэрыторыі пенітэнцыярных установаў, аналагічна і іншыя канфесіі і рэлігіі не маюць магчымасці пабудаваць у калоніях месцы для багаслужэнняў і малітвы.

Магчымасць мець з сабой Біблію залежыць ад месца зняволення. Не дазваляецца браць Святое Пісанне ў ШІЗА, і гэта – парушэнне правоў вернікаў, кажа Павел Сапелка.

Няпроста ў калоніях тым, у каго ў сувязі з рэлігіяй ёсць абмежаванні ці адрозненні ў харчаванні, зазначае праваабаронца.

«Нормы па харчаванні, якія ў нас прынятыя ў месцах пазбаўлення волі, не ўлічваюць асаблівасцяў, звязаных з веравызнаннем, – кажа юрыст. – Спроба патлумачыць гэта эканамічнымі прычынамі, на мой погляд, даволі слабая. Я лічу, што можна было б распрацаваць варыянты харчавання, якія б улічвалі асаблівасці чалавека. Напрыклад, у Швецыі ў месцах зняволення ёсць варыянты харчавання без свініны, без мяса ўвогуле ці без лактозы».

«Заключэнне не мусіць прыносіць большыя цярпенні, чым сам факт пазбаўлення волі»

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: tv8.md

Праблемы ўзнікаюць і ў тых вернікаў, якім рэлігія прадпісвае рэгулярныя малітвы па раскладзе – гэта, напрыклад, мусульмане, зазначае спадар Павел.

«Ніхто і не падумае вызваляць асуджанага ад працы ці рабіць для яго асобны расклад толькі таму, што ў пэўны час яму трэба памаліцца», – кажа праваабаронца.

Змагацца з парушэннямі правоў вернікаў у Беларусі цяпер – амаль бессэнсоўна і небяспечна, бо рэпрэсіўная сістэма, якая склалася ў нашай краіне, на ўсе спробы паўплываць на яе будзе адказваць у лепшым выпадку неразуменнем, у горшым – пераследам, лічыць юрыст «Вясны».

«Патрэбы вернікаў не асабліва хвалявалі Дэпартамент па выкананні пакаранняў і да 2020 года. Праблемы з доступам у калоніі іншыя святароў, акрамя праваслаўных, былі і раней. Пра асаблівасці харчавання вернікаў і тады ніхто не хацеў слухаць. Цяпер дык тым больш, – кажа Павел Сапелка. – Канешне, можна сказаць, што цяпер у нас шмат больш сур’ёзных праблем, але для вернікаў як раз адсутнасць магчымасці памаліцца ці выканаць тое, што прадпісвае вера, можа быць важней за ўсё астатняе».

Такога татальнага ігнаравання правоў вернікаў у месцах пазбаўлення волі, як у Беларусі, у цывілізаваных краінах няма, кажа праваабаронца.

«Павінна выконвацца агульнае правіла – заключэнне не мусіць прыносіць большыя цярпенні, чым сам факт пазбаўлення волі», – рэзюмуе юрыст.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў