«Ён хацеў быць – як Кастусь Каліноўскі». Маці анархіста Мікіты Емяльянава пра сына і ягоную галадоўку за кратамі


Да гэтага часу працягваецца галадоўка за кратамі 21-гадовага актывіста анархісцкага руху Мікіты Емяльянава. На знак пратэсту на тое, што супрацоўнікі адміністрацыі не прымаюць ягоных скаргаў і заяваў, Мікіта абвесціў сухую галадоўку з 3 лютага і трымаў яе 10 дзён. Цяпер ён п’е ваду, але галадоўка працягваецца. «Белсат» пагутарыў з маці палітвязня Анастасіяй Емяльянавай – аб пратэсце сына і ягоных патрабаваннях.

Мікіта Емяльянаў перад прысудам
Фота: Белсат

Справа Мікіты Емяльянава: 123 дні ў карцары і ШІЗА, 10 дзён галадоўкі насуха

Мікіту Емяльянава затрымалі ў кастрычніку 2019 года, а пазней судзілі за тое, што ён кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Менскага гарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам, а потым ён двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятару на Валадарскага. Свой учынак хлопец патлумачыў тым, што ён выступае супраць пераследу палітычных зняволеных. У лютым 2020 года Мікіту назвалі вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і засудзілі на 7 гадоў зняволення, але ў выніку апеляцыі пакаранне зменшылі да 4 гадоў. Спачатку хлопец адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі, потым яго як парушальніка рэжыму перавялі ў магілёўскую крытую турму № 4. Праваабаронцы Беларусі прызналі Мікіту палітвязнем.

Адміністрацыя турмы часта накладае на хлопца спагнанні і карае соднямі ў ШІЗА. Супрацоўнікі напісалі на Мікіту больш як 60 рапартаў за парушэнні рэжыму ўтрымання. Напрыклад, за тое, што адмовіўся прыбраць дворык для шпацыру, ляжаў на падлозе ў камеры ізалятару ці ажыццяўляў міжкамерную сувязь.

Мікіта з маці і братамі. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Хлопца пазбавілі кароткатэрміновага спаткання з роднымі, якое на строгім турэмным рэжыме прадугледжваецца ўсяго раз на год. Яго таксама абмяжоўваюць у атрыманні лістоў ад родных, сяброў і нават вымаюць малюнкі малодшага брата.

Лісты ад Мікіты даходзяць толькі тады, калі ён не ў карцары ці ШІЗА. А апошнія месяцы ён амаль увесь час там:

  • 11.08.2021–21.09.2021 – 42 дні
  • 11.10.2021–10.11.2021 – 30 дзён
  • 17.11.2021–24.12.2021 – 38 дзён
  • 28.12.2021–09.01.2022 – 13 дзён.

Агулам – 123 дні ў памяшканні без пасцельнай бялізны, права на ліставанне, фізічныя практыкаванні і рэгулярныя прагулкі.

Сам хлопец тлумачыць, што рэжым ён парушаў на знак пратэсту супраць няспыннага парушэння ягоных правоў адміністрацыяй турмы. Так, ягоным блізкім не даюць забраць рэчы са складу (што не забаронена законам). Часцей за ўсё палітвязні едуць па этапе ў кайданках, таму Мікіта не зможа забраць усяго неабходнага пры пераездзе ў калонію. Акрамя гэтага, у палітвязня сабралася шмат лістоў ад сям’і і неабыякавых беларусаў, якія ён хацеў бы захаваць, але яму гэтага не дазваляюць.

Артыкулы
Назвала вырак «смяротным прысудам». Гісторыя 69-гадовай Галіны Міхальчук, якой прысудзілі турму за камэнтары
2022.02.15 11:48

У канцы мінулага года Мікіту прад’явілі абвінавачанне ў злосным непадпарадкаванні адміністрацыі турмы. Цяпер яму пагражае яшчэ да 2 гадоў зняволення.

На новым судовым працэсе дазволілі прысутнічаць толькі бацькам палітвязня, самога Мікіту Емяльянава неўзабаве выдалілі з залы праз «непавагу да суда»: хлопец не палічыў патрэбным падымацца перад суддзёй суда Ленінскага раёну г. Магілёва Аксанай Ратнікавай, «бо ў нашай краіне справядлівага і незалежнага суда не існуе». Супрацоўнікі адміністрацыі не прымаюць скаргаў і заяваў ад Мікіты, таму ён на знак пратэсту абʼявіў сухую галадоўку з 3 лютага і трымаў яе 10 дзён. Потым ён пачаў піць ваду праз дрэннае самаадчуванне, але ад ежы адмаўляецца да гэтай пары.

У Мікіты ўжо была галадоўка. Калі на працягу года парушалася ягонае права на спатканні са святаром, ён галадаў 20 дзён (11–31 кастрычніка 2021), пасля чаго сустрэчу ўсё ж дазволілі.

Якія патрабаванні ў Мікіты цяпер?

Першае і галоўнае: каб ягоныя лісты салідарнасці ад беларусаў і сям’і, якія ён атрымаў за апошнія два гады, былі перададзеныя на волю, – і не важна якім чынам. Аддаць сваякам, бацькам ці даслаць пасылкай. Гэта не забаронена законам.

Другое патрабаванне таксама датычыць лістоў аднак тых, якія яму дасылаюць, але не аддаюць. Мікіту проста ўручаюць пустыя канверты ад замоўных лістоў.

Трэцяе патрабаванне: прыняцце заяваў і скаргаў супрацоўнікамі турмы (на дадзены момант адміністрацыя адмаўляецца гэта рабіць) і адпраўка ягоных лістоў і скаргаў у наглядныя органы.

«Ён марыў змагацца за дэмакратыю, каб у краіне ўсё змянілася да лепшага»

«Мікіта – звычайны хлопец, які жыве па суседстве з кожным. У яго тры малодшыя брацікі, ён заўсёды дапамагаў з імі – вазіў у басейн на плаванне, забіраў са школы ці дзіцячага садка», – пачынае расповед пра сына маці палітвязня Анастасія Емяльянава.

Мікіта разам з маці. Плошча Незалежнасці ў Менску. 17 год. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Мікіта перад затрыманнем вучыўся на ІІІ курсе БНТУ, спецыялізацыя – караблебудаванне.

«Піраты, караблі, прыгоды – яго цікавіла такая рамантыка. Дзед Мікіты быў мараком, ён плаваў у Балтыйскім моры. Можа, нейкія гены прачнуліся, і сына пацягнула да караблёў», – працягвае спадарыня Анастасія.

З падлеткавага ўзросту хлопец цікавіўся паліталогіяй, чытаў пра розныя палітычныя плыні, формы дзяржаўнага ўладкавання. Падчас вучобы ў школе, калі ў 2014 годзе пачаліся ваенныя падзеі ва Украіне і загінуў Міхаіл Жызнеўскі, Мікіта хацеў змагацца за Украіну, каб яна была свабоднай краінай. Казаў родным, што не пашкадаваў бы ўласнага жыцця для барацьбы за волю, дэмакратыю, гэтак жа, як і Жызнеўскі.

«Ён хацеў быць як Кастусь Каліноўскі паўстанцам, здольным павесці за сабой людзей. Ён марыў змагацца за дэмакратыю, каб у краіне ўсё змянілася да лепшага», – кажа спадарыня Анастасія.

Таксама Мікіта займаўся музыкай – быў барабаншчыкам у музычным гурце. Пры гэтым музычнай адукацыі не меў – вучыўся граць сам, складаў музыку.

Акрамя гэтага, Мікіта – вернік, быў міністрантам і лектарам у сваёй парафіі: чытаў казанні на беларускай, польскай мовах падчас богаслужэнняў у Чырвоным касцёле. Некаторы час быў сябрам міжнароднага рэлігійнага руху «Легіён Марыі».

«У яго абвостранае пачуццё справядлівасці»

«Я ведала пра ягоную прыхільнасць да анархічных ідэалаў яшчэ са школы. Мы некалькі разоў размаўлялі пра гэта, Мікіта стараўся стаяць на сваім. Ні я, ні ягоны тата не прытрымліваемся такіх поглядаў, мне здаецца гэта ўтапічным. Мы не ведалі, што ён актывіст, дазналіся пра гэта толькі пасля ягонага затрымання», – згадвае спадарыня Анастасія.

Купалаўскі тэатр. Мікіта хацеў сфатаграфавацца каля Святланы Зелянкоўскай, бо яна жонка Міхалка, якога ён любіць. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Мікіта падтрымліваў палітвязняў і дапамагаў ім, перадаваў ім канверты на Валадарку.

Калі арыштавалі ягонага паплечніка Змітра Паліенку, Мікіта пачаў ладзіць акцыі ў ягоную падтрымку.

«Пэўныя моцныя якасці праявіліся ў Мікіты ў складаных умовах – калі ён апынуўся на Валадарцы, у калоніі, турме. У яго абвостранае пачуццё справядлівасці. Магчыма, гэта сямейнае, бо і я такая – заўсёды змагаюся за справядлівасць», – адзначае вязнева маці.

Яна кажа, што ў зняволенні Мікіта пастаянна адчувае несправядлівае стаўленне. Ад яго патрабуюць выканання правілаў унутранага распарадку, якія вісяць на сцяне ў кожнай камеры, але ягоных правоў ніхто не тлумачыць і не пільнуецца.

«У лістах я пішу Мікіту пра ягоныя правы, як усё прапісана ў заканадаўстве, але іх яму не ўручаюць. Мікіта хацеў даслаць дадому лісты салідарнасці, але яму не дазваляюць, хоць паводле закону ён мае права гэта зрабіць: даслаць бандэроллю ці наўпрост лістом. Мікіта пачаў пратэставаць. Пісаў заяву на начальніка турмы – не прымаюць, пачаў пісаць скаргі – не прымаюць. На знак пратэсту ён пачаў ігнараваць правілы ўнутранага распарадку. Чаму ён мусіць іх выконваць, калі адміністрацыя турмы сама не выконвае законаў? Яны забараняюць яму карыстацца ягонымі правамі, а патрабуюць толькі выконваць абавязкі.

З маці і братамі. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Урэшце Мікіта не знайшоў прававых механізмаў паўплываць на сітуацыю, таму пачаў галадаваць. Ён дарослы чалавек, і калі ён прыняў такое рашэнне, мне застаецца яго толькі падтрымліваць», – кажа спадарыня Анастасія.

Яна перакананая: Мікіта не спыніць пратэстаў. Ён будзе працягваць змаганне за справядлівасць і за тое, каб выконваліся законы.

«Я падтрымліваю Мікіту, змагаюся за ягоныя правы, за тое, каб адміністрацыя адказвала за тое, што робіць. Я пішу скаргі і звароты, але ніякага выніку няма. На скаргі пачынаюць такія глупствы адказваць, так перакручваюць законы з ног на галаву – проста самі сябе ганьбяць. Я пісала зварот у турму, каб мне выдалі сынавы рэчы са складу. Мне адказалі адпіскай, што гэта можа зрабіць толькі орган, які вядзе крымінальную справу. Я напісала ў суд, мне адказалі – калі напішаце пералік рэчаў, тады аддадуць. Але як я магу гэта зрабіць, адкуль я ведаю, што там дакладна за рэчы? Пачалася бюракратыя, фармалізм і адпіскі.

18-гадовы Мікіта з братамі і бацькам. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Я даслала ўжо дзве скаргі на катаванні ва ўпраўленне магілёўскага Дэпартаменту выканання пакарання. Спасылалася на нацыянальныя і міжнародныя прававыя акты, каб давесці, што Мікіту катуюць. Паводле закону вязня нельга садзіць у карцар ці ШІЗА больш за 10 дзён, а ён сядзеў і 42 дні. Тое, што яны робяць з ім, – гэта каванні.

Мікіту не аддаюць лістоў, хоць мы дакладна ведаем, што яму піша ягоны сябар Зміцер Паліенка, ён дасылаў паштоўкі на святы. Я бачыла гэтыя лісты – там няма нічога, што можна зацэнзурыць. Адміністрацыя ж кажа, што там нібыта нейкія шыфры і інфармацыя «цынічнага характару», – распавядае спадарыня Анастасія.

«Малодшы брат кажа, што хоча стаць чалавекам-павуком, каб выратаваць Мікіту»

Мікітава сям’я падтрымлівае яго і ў лістах. Звычайна дзеляцца штодзённымі падзеямі. Браты пішуць пра свае справы: як яны вучацца, якія кніжкі прачыталі, у якіх спартовых спаборніцтвах ці школьных алімпіядах паўдзельнічалі. Малодшыя браты дадаюць да лістоў малюнкі.

«Я пішу сыну пра розныя навіны. Часта дублюю яму тое, што пішуць іншыя людзі, калі мне распавядаюць. Мы можам з ім у лістах паўтара-два месяцы абмяркоўваць і карэктаваць спіс кніг для кніжнай бандэролі. Напрыклад, Мікіта піша, што хоча, я ўзважваю і адказваю яму, колькі якая кніга важыць, бо трэба ўкласціся ў 2 кг.

Вадасховішча Дразды. 17 год. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Старэйшыя браты больш мужна гэта ўсё пераносяць. А вось самы малодшы часам пачынае сумаваць, кажа: мама, я не магу больш чакаць. Для яго год – як цэлае жыццё, а ён ужо больш за два гады чакае. Кажа, што хоча стаць чалавекам-павуком, каб выратаваць Мікіту з турмы», – кажа Анастасія Емяльянава.

Самой ёй дапамагае трымацца вера.

«Я бачу ва ўсім гэтым сэнс. Усе палітзняволеныя, больш за тысячу чалавек, кінутыя за краты, – гэта ахвяра, якую прыносіць наш народ, каб Беларусь змянілася да лепшага, каб людзі выракліся лукашызму і камунізму, каб гэта больш да нас не вярнулася ў будучыні. Раней людзі жылі і не бачылі нічога, цяпер жа ў шмат каго расплюшчыліся вочы. Беларусы мусяць зразумець, што мы нацыя.

Бог дзейнічае ў гісторыі праз людзей. Як бы мы даведаліся, што адбываецца ў турмах, пра здзекі і катаванні, калі б не палітвязні? Гэта пачатак канца рэжыму. Пытанне толькі ў тым, якую цану прыйдзецца заплаціць беларускаму народу за гэта. Вітольд Ашурак, іншыя загінулыя – той кошт, які мы плацім цяпер», – перакананая спадарыня Анастасія.

Артыкулы
Дзіцяці без бацькоў цяжка. Чым жыве і пра што марыць няпоўнагадовы палітвязень Максім Шатохін
2022.01.21 14:37

СП belsat.eu

Стужка навінаў