У Беларусі затрымалі актывіста апазіцыі Таджыкістану, могуць дэпартаваць


Беларускія сілавікі затрымалі актывіста таджыкскай апазіцыі Нізамідына Насрыдынава, расказалі беларускія праваабаронцы таджыкскай службе радыё «Свабода» – «Радио Озоди». Імаверна, яго затрымалі на запыт уладаў Таджыкістану.

Нізамідын Насрыдынаў выступае на канферэнцыі АБСЕ. Варшава, Польшча. 13 верасня 2017 года. Скрыншот: Паём TV / Youtube

Аб затрыманні паведамляюць са спасылкай на беларускую праваабаронцу Эніру Браніцкую з «Human Constanta». Паводле ейных звестак, Нізамідын Насрыдынаў быў затрыманы 8 студзеня пры мінанні мяжы Беларусі на запыт уладаў Таджыкістану, трымаюць у следчым ізалятары ў Горадні. Улады Таджыкістану не каментавалі затрымання.

Браніцкая расказвае, што Генеральная пракуратура Беларусі 21 лютага задаволіла запыт Генпракуратуры Таджыкістану на экстрадыцыю затрыманага на радзіму. А на радзіме супраць яго распачалі крымінальную справу за «публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 307-1 КК Таджыкістану). Калі справу распачалі, праваабаронца не ведае, але ведае, што яму інкрымінуюць распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» забароненых у Таджыкістане «Групы 24» і Партыі ісламскага адраджэння Таджыкістану ў 2016 годзе, а таксама запіс відэа супраць кіраўніцтва Таджыкістану ў 2017-м.

Насрыдынаў абскардзіў рашэнне аб экстрадыцыі, суд Гарадзенскай вобласці мае разглядзець ягоную скаргу ў канцы сакавіка.

З 2015 года Насрыдынаў жыў у Нямеччыне, атрымаў там палітычны прытулак. Паводле праваабаронцы, Генпракуратура Беларусі не ўлічвала гэта пры прыняцці рашэння аб экстрадыцыі. Таксама не ўлічвалася тое, што ў Таджыкістане яму пагражае не проста палітычны пераслед і несправядлівы суд, а таксама катаванні, і тое, што ягоных родных гвалтоўна вярталі ў Таджыкістан і асудзілі там на буйныя тэрміны пазбаўлення волі.

Між Таджыкістанам існуе пагадненне, паводле якога сілавікі разглядаюць адпаведнасць крымінальных артыкулаў дзвюх краінаў пры пытанні аб экстрадыцыі, а ў Беларусі ёсць падобны артыкул да арт. 307-1 КК Таджыкістану: «Заклікі да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы», расказвае Браніцкая.

Hавiны
У Менску затрымалі замежнікаў, якія былі ў міжнародным вышуку
2023.03.09 09:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў